«У нас могуць быць розныя палітычныя погляды, але ў нас супольная мэта» – Святлана Ціханоўская прывітала ўдзельнікаў канферэнцыі каліноўцаў


Святлана Ціханоўская ў відэазвароце падкрэсліла агульную мэту, а міжфракцыйнае аб’яднанне дэпутатаў «За дэмакратычную Беларусь» звярнулася да Уладзіміра Зяленскага з заклікам падтрымаць беларускі рух супраціву – у Кіеве пачалася ініцыяваная Фондам Кастуся Каліноўскага канферэнцыя «Шлях да волі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.
Фота: David Parry / PA Images / Forum

«Арганізатары спадзяюцца, што гэта будзе не якая-небудзь шараговая падзея, а гістарычная падзея, вялікі пачатак», – прагучала ад вядоўцы на пачатку ініцыяванай Фондам Кастуся Каліноўскага канферэнцыі «Шлях да волі», якая праходзіць сёння ў Кіеве.

Першай удзельнікаў прывітала ў відэазвароце абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская: «Для многіх з нас гэта не толькі шлях да волі – гэта таксама шлях дадому. Гэта той шлях, які мы не зможам прайсці ў адзіночку, толькі разам. І я ўдзячная палку Кастуся Каліноўскага за тое, што вы арганізавалі гэтую надзвычайна важную канферэнцыю. Я думаю, вы таксама адчулі, як гэта бывае цяжка – сабраць усіх разам, і якой цярплівасці гэта патрабуе. У нас могуць быць розныя палітычныя погляды, але ў нас ёсць супольная мэта – свабодная Беларусь. І гэта тая мэта, якая натхняе нас і дае сілы працягваць нашую барацьбу. Вызваленне Беларусі – не толькі нашая мэта, але і наш абавязак перад будучымі пакаленнямі».

Народны дэпутат Украіны Багдан Яроменка агучыў заяву міжфракцыйнага аб’яднання дэпутатаў «За дэмакратычную Беларусь» Вярхоўнай Рады Украіны, у якой яно звяртаецца да прэзідэнта Украіны, кабінету міністраў Украіны і Вярхоўнай Рады Украіны з заклікам зрабіць усё магчымае для падтрымання беларускага руху супраціву і барацьбы за волю ў суседняй дзяржаве.

«Мы вітаем праяўленую ўдзельнікамі канферэнцыі мудрасць і палітычную спеласць, гатовасць супрацоўнічаць для фармавання адзінага фронту барацьбы з унутранай узурпацыяй і вонкавай акупацыяй Беларусі. Рашэнне гэтых дзвюх задачаў стане перадумовай аднаўлення дэмакратыі, права і свабоды ў Беларусі. […] Прадэманстраваная апазіцыйнымі беларускімі сіламі згуртаванасць натхняе і дапаможа нам супольна папулярызаваць і здабываць шырокае падтрыманне беларусаў як сярод украінцаў, так і ва Украіне і ва ўсім свеце».

Вітальнае слова ўдзельнікам канферэнцыі праз відэазварот прамовіла і старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла: «Мы жывем у лёсавызначальны для ўсяго нашага рэгіёну час. Ва ўмовах, калі сутыкаюцца вялікія геапалітычныя сілы, мы, беларусы, павінны мець свой голас і сваю супольную стратэгію дзеянняў. Іначай Беларусь можа зноў, як у ХХ стагоддзі, зрабіцца прадметам гандлю іншых краінаў замест таго, каб самастойна вызначаць свой лёс».

Акурат стратэгія вызвалення Беларусі, а таксама стварэнне структуры, якая б рэалізоўвала гэтую стратэгію, ёсць галоўнымі мэтамі сённяшняй канферэнцыі.

Стужка навінаў