Каардынацыйная рада вырашыла, як правядзе выбары


У Каардынацыйнай радзе вызначыліся, як будзе ўладкаваная сістэма выбараў. Галасаванне па гэтым пытанні прайшло 8 снежня, распавёў «Белсату» спікер КР Андрэй Ягораў.

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў, палітолаг, спікер Каардынацыйнай рады.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Выбары пройдуць не пазней за другі тыдзень сакавіка 2024 года. Па выніках галасавання КР вырашыла, што новы склад будзе абраны тэрмінам на два гады. Туды ўвойдуць 120 чалавек (цяпер 115 месцаў). Восем з іх – палітвязні, якія ўсё яшчэ знаходзяцца ў беларускіх турмах.

«Гэта прапарцыйная выбарачная сістэма, дзе большасць дэлегатаў будзе выбірацца па спісах. Дадаткова будзе квота – 15% месцаў – для арганізацый грамадзянскай супольнасці, дзе таксама выбары, але выбіраць гэтых людзей будуць прадстаўнікі гэтых арганізацый грамадзянскай супольнасці. Яшчэ ёсць нюансы, але галоўнае, што гэта прапарцыйныя выбары і галасаванне за спісы дэлегатаў, якія будуць прадстаўляць грамадска-палітычны субʼекты», – распавядае Андрэй Ягораў.

Па сутнасці гэтыя субʼекты будуць протапартыямі са сваімі каштоўнасцямі і прынцыпамі. Калі чалавек не належыць ні да аднаго такога субʼекту, то ён можа стаць самавылучэнцам.

Інтэрв’ю
На выбарах-2024 апазіцыя наўрад ці «пахісне рэжым». Але будзе альтэрнатыўная кампанія
2023.11.23 07:16

У кожнага выбаршчыка будзе па тры галасы. Іх ён можа аддаць за самавылучэнцаў, або галасаваць за спісы ад грамадска-палітычных груп. У кожны такі спіс уваходзіць не менш за 10 чалавек. Галасы сыходзяць за ўвесь спіс цалкам, а потым групы атрымліваюць месцы ў КР прапарцыйна таму, колькі галасоў яны набралі.

«Вы можаце аддаць свой голас за нейкі спіс ці ўвогуле за два, таму што ў вас тры галасы. У размеркаванні мандатаў удзельнічаюць субʼекты, за якія пададзена больш за 3% ад агульнай колькасці галасоў і самавылучэнцы, якія пераадолелі парог з 750 галасоў», – працягвае Ягораў.

Прыйшлося вырашаць без Кабінету

Абмеркаванне, як будуць праходзіць выбары ў КР, ішло з верасня, у тым ліку, з удзелам Абʼяднанага пераходнага кабінета. Планавалася, што разам з КР яны прыйдуць да сумеснага рашэння, але гэтага не выйшла. У выніку Каардынацыйная рада сама вырашыла, як усё пройдзе.

Меркаванні
Навошта ўлады Беларусі піяраць выбары ў Каардынацыйную раду?
2023.11.30 16:06

«Былі пазіцыі таксама з боку Абʼяднанага пераходнага кабінета, была прапанаваная адна з кампрамісных сістэм, якая ўключала магчымасць прапарцыянальнага галасавання, але яна была недастатковай. Таму мы галасавалі за прыняцце гэтай сістэмы з пэўнымі дадаткамі.

Абмеркавання праходзяць і цяпер, думаю, калі будзе створаны сумесны аргкамітэт [па правядзенні выбараў. – Рэд.], магчымыя некаторыя змены, але я не думаю, што яны будуць тычыцца сутнасных рэчаў, якія мы прапанавалі», – адзначае спікер КР.

Сярод спрэчных момантаў былі квоты на мажлівую колькасць удзельнікаў ад грамадзянскай супольнасці, а таксама тры галасы на выбаршчыка, працягвае суразмоўца.

«Гэта сістэма, якая дазваляе тым, хто менш папулярны, таксама быць прадстаўленымі ў КР. Паколькі ў гэтым не ўдалося дасягнуць дамоўленасцяў, а таксама некаторыя пытанні па канструкцыі аргкамітэту выклікалі заўвагі, то мы падышлі да дэдлайну прыняцця рашэнняў, калі Каардынацыйная рада мусіла прыцяць рашэнне без завяршэння гэтыя кансультацыяў узгаднення», – працягвае Ягораў.

Што тычыцца аргкамітэту, паводле Ягорава, гэтая структура павінна дапамагчы з арганізацыяй выбараў, забяспечыць транспарэнтнасць і празрыстасць гэтага працэсу. Там чакаюць прадстаўнікоў усіх палітычных сілаў і ўдзельнікаў выбараў.

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў