Кіраўнік СБУ пацвердзіў датычнасць Украіны да атакі на расейскі самалёт у Мачулішчах


Кіраўнік Службы бяспекі Украіны Васіль Малюк у вялікім інтэрв’ю ICTV згадаў дыверсію з пашкоджаннем расейскага «лятучага радара», самалёта А-50 на вайсковым аэрадроме ў беларускіх Мачулішчах 26 лютага 2023 года. Паводле яго, атака была праведзеная з выкарыстаннем «двух нашых дронаў».

Васіль Малюк не казаў наўпрост, што СБУ ўдзельнічала ў дыверсіі ў Мачулішчах, але прывёў Мачулішчы як прыклад дыверсійнай працы:

«У працы СБУ шмат кірункаў, у тым ліку і дыверсійны. Тут можна шмат чаго расказаць. Як прыклад, у Беларусі адпрацавалі аэрадром у Мачулішчах, расейскі самалёт А-50, які вёў глыбінную радыёлакацыйную выведку. Ён быў адпаведна дыверсійна апрацаваны».

Ён пацвердзіў датычнасць Украіны да дыверсіі іншай фразай:

«Два нашыя ўдарныя дроны далі паспяховае агнявое паражэнне».

За дыверсію ў Мачулішчах узяло адказнасць аб’яднанне былых беларускіх сілавікоў «BYPOL». Кіраўнік аб’яднання Аляксандр Азараў паведаміў, што акцыю здзейснілі беларусы, якія пазней пакінулі краіну. Але ў Беларусі затрымалі некалькіх чалавек, якіх назвалі датычнымі да атакі, абвінавачанага ў вядзенні трансляцыі з аэрадрому Дзмітрыя Маставога асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі.

Пазней Азараў расказаў, што ў аперацыі ўдзельнічала і СБУ, якая аказвала спрыянне. Паводле яго, аперацыя стала прычынай пазбаўлення «BYPOL» часткі фінансавання і адной з прычынаў расколу ў арганізацыі.

Увосень 2023 года ўлады Беларусі пастанавілі забараніць выкарыстанне любых беспілотнікаў. Украіна ж атакавала расейскія «лятучыя радары», збіла яшчэ два.

Малюк у вялікім інтэрв’ю расказваў і пра іншыя атакі ў час вайны ва Украіне, у якіх дапамагала СБУ, у тым ліку ўдары па расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах і ўдары па Крымскім мосце. На пытанне аб замахах на расейскіх прапагандыстаў ён адказаў: пытанне «па адрасе», але пацвярджаць не стане. Ды раскрыў пэўныя дэталі забойства колішняга ўкраінскага дэпутата Іллі Ківы і расейскага прапагандыста Уладлена Татарскага, а таксама замаху на ідэолага Захара Прылепіна.

Тым часам Басманны суд Масквы «завочна арыштаваў» Малюка паводле справы аб «тэрарызме».

Агляд
Як забіваюць расейскіх прапагандыстаў і хто за гэтым можа стаяць
2023.05.09 18:56

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў