Што чакае Беларусь пасля Усебеларускага народнага сходу?


24 красавіка Аляксандр Лукашэнка амаль што адзінагалосна быў «абраны» старшынём Усебеларускага народнага сходу. Пачынаючы ад з’яўлення ідэі пра змены ў Канстытуцыю як спосабу пагасіць народныя хваляванні 2020 года, усе аналітыкі «па абодва бакі барыкад» прагаворвалі, што менавіта Лукашэнка стане на чале УНС. І вось гэта здзейснілася. А што далей?

Банеры да VII Усебеларускага народнага сходу. Менск, Беларусь. 19 красавіка 2024 года.
Фота: sb.by

Ці будзе Лукашэнка, сеўшы ў «найвышэйшы орган», дзяліцца ўладай, ці прыйдзе ў 2025 годзе на прэзідэнцкую пасаду новы чалавек і ці ўвогуле чакаць нейкіх змен у Беларусі пасля правядзення УНС? Аб гэтым мы паразмаўлялі з палітычным аглядальнікам інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандрам Класкоўскім.

План Лукашэнкі

На думку Аляксандра Класкоўскага, Лукашэнка ажыццяўляе свой прыдуманы план, пры гэтым усе астатнія робяць так, як таго захоча сам палітык.

«Ягонае жаданне відавочнае, і ён у першы дзень УНС яго артыкуляваў: ён сказаў у сваёй какетлівай манеры, што сыду толькі тады, калі вы мяне папросіце. З аднаго боку, гэта трошкі анекдатычна выглядае, таму што ўсе добра памятаюць, што ў 2020 годзе яму фактычна сказалі рабочыя на Заводзе колавых цягачоў у Менску: сыходзь», – адзначае палітычны аглядальнік.

Але з пункту гледзішча Лукашэнкі, кажа Класкоўскі, той народ  быў «няправільны», бо ў 2020 годзе нібыта пратэставалі «толькі прастытуткі, наркаманы, п’яніцы». Цяпер жа Лукашэнка звяртаецца да «правільнага народу»: да лаялістаў, лукашыстаў, як ён сам іх называе.

«Ён ганарыцца гэтым і вымаўляе гэтае слова [«лукашысты»] нават з нейкай асалодай, што вось у яго столькі адэптаў. Ён разумее, што ў гэтай зале не знойдзецца ніводнага чалавека, які б сапраўды сказаў: «Ведаеце, Аляксандр Рыгоравіч, можа, ужо вы стаміліся, давайце ўжо маладзейшым саступіце дарогу і сыходзьце на заслужаны адпачынак», – адзначае суразмоўца «Белсата».

Няма каму перадаць стырно  

Каментуючы свой сыход, Лукашэнка адзначыў, што сыдзе тады, калі «побач будзе стаяць чалавек, які не здрадзіць». Мы спыталі ў Аляксандра Класкоўскага, ці можна сказаць, што такая персона ўжо з’явілася?

«З ягонай фразы вынікае, што і цяпер Лукашэнка не бачыць чалавека, якому б ён мог перадаць стырно. Бо іначай тады за чым затрымка? Сыходзь, сапраўды! То бок міжволі Лукашэнка прагаварыў, што насамрэч ён да канца не давярае нават свайму атачэнню: ні Качанавай, ні Сергіенку, ні камусьці яшчэ», – адзначае палітычны аглядальнік.

Аляксандр Класкоўскі звяртае ўвагу, што калі аналізаваць псіхалогію Лукашэнкі, то становіцца відавочна, што гэта чалавек вельмі падазроны, недаверлівы, з карцінай свету, у якой вакол ворагі – як тыя, хто знаходзіцца ўнутры краіны «пад плінтусам», так і тыя, каго ён называе «беглымі». Да ворагаў можна аднесці і амерыканскі імперыялізм, і ўкраінскіх палітыкаў, і шмат каго яшчэ.

«Лукашэнка гэтага не прагаворвае, але насамрэч ён пабойваецца яшчэ і Крамля, Масквы, не давяраючы да канца Пуціну. Ён жыве ў свеце, дзе яго з усіх бакоў атачаюць ворагі, дзе ў кожны момант можна чакаць нейкага падкопу, здрады, і гэтая асаблівасць псіхалогіі падштурхоўвае яго бегчы далей па гэтым вузкім тунэлі, ён ужо з гэтай каляіны не можа выскачыць», – кажа наш суразмоўца.

Яшчэ адзін страх, якім жыве Лукашэнка, – гэта тое, што ніякія гарантыі, якія ён прапісаў у законе для былога прэзідэнта, не спрацуюць, калі зменіцца ўлада.

«Любы наступнік, нават з атачэння, нават правераны, можа здаць яго як шклатару, як гэта адбылося ў Казахстане, калі Назарбаеў падабраў нібыта надзейнага пераемніка, а той у пэўны момант яго адціснуў ад усіх вагароў, прыціснуў ягоную радню і г.д. І я думаю, гэты прыклад, калі Лукашэнка і ўзважваў варыянты транзіту, адштурхнуў яго ад такой перспектывы і такога сцэнару», – адзначае Класкоўскі.

Аналітыка
«Недзе ўбаку» і без палітбюро. Чаму Лукашэнка не стаў змяняць канфігурацыю свайго рэжыму
2024.04.25 06:10

Лукашэнка пойдзе на выбары – без варыянтаў

Сыходзячы з вышэйсказанага, на думку Аляксандра Класкоўскага, на сённяшні дзень спрацоўвае цэлы шэраг чыннікаў, які будзе прымушаць Лукашэнку ў 2025 годзе ісці на прэзідэнцкія выбары.

«Я думаю, што гэта будзе без варыянтаў. Калі, канечне, не здарыцца нейкі форс-мажор са здароўем. Таму што нават па тым, як ён выглядае на цяперашнім сходзе, бачна, што ён не ў самай добрай форме: і голас сіплы, і нейкі трэмар галавы відавочны. Таму не выключана, што могуць быць са здароўем сур’ёзныя праблемы, але пакуль ён будзе мець нейкую фізічную моц, ён будзе трымацца насуперак сваім жа выказванням пасінелымі пальцамі за гэтае стырно ўлады», – адзначыў палітычны аглядальнік.

А калі ўсё ж такі здароўе падвядзе, цікавімся мы ў суразмоўцы, і на прэзідэнцкую пасаду трэба будзе «прызначыць» пераемніка, як тады будуць развівацца падзеі?

«Я думаю, што падобныя думкі Лукашэнка ад сябе гоніць, але такія варыянты міжволі прыкідвае. Мне здаецца, што адзін з варыянтаў, можа нават асноўны, – гэта каб нехта з сыноў стаў [пераемнікам]. Мікалай – гэта ягоны любімчык, але ён занадта малады, таму, магчыма, як варыянт Віктар, старэйшы сын. Гэта болей надзейна, чым прызначаць Качанаву ці кагосьці яшчэ», – кажа Класкоўскі.

Дарэчы, згадвае палітычны аналітык, на ўчорашнім мерапрыемстве Лукашэнка адзначыў, што ведае, хто галасаваў супраць ягонай кандыдатуры на пасаду старшыні УНС – маўляў, гэта Качанава. «Я думаю, што ў Качанавай ёкнула сэрца ад гэтага жарту. І магчыма, гэта рэпліка, так бы мовіць, па Фрэйду, таксама паказвае, што ён нават і Качанавай да канца не давярае», – адзначыў Аляксандр Класкоўскі.

Стагнацыя і спаўзанне ў таталітарызм

Мы спыталі ў нашага суразмоўцы, якім яму бачыцца развіццё краіны, пакуль Лукашэнка будзе сядзець на двух крэслах – прэзідэнцкім і «старшынёўскім».

«Развівацца краіна ў сапраўдным сэнсе не будзе – гэта будзе такая стагнацыя і дэградацыя ў многіх сферах. Нават сам антураж гэтага Усебеларускага сходу вельмі нагадвае стылістыку з’ездаў КПСС. Так што гэта застой, які Лукашэнка спрабуе маскіраваць пад эвалюцыйнае развіццё, як ён сказаў у сваім выступе ў першы дзень. То бок ён разумее, што дынамікі ніякай няма, таму ўпакоўвае гэта ў слоўную абгортку, што ў нас, маўляў, «паціху, эвалюцыйна» ўсё развіваецца», – кажа аналітык.

Аднак, падкрэслівае Класкоўскі, нягледзячы на тое, што пратэсты гвалтоўна здушаныя, гэта не азначае, што Лукашэнка змог перарабіць людзям, якія на іх выходзілі, мазгі. Проста яны не рызыкуюць выказвацца так, як яны думаюць, і не могуць дзейнічаць у палітычным рэчышчы.

Аляксандр Лукашэнка на выбарах кіраўніцтва VII Усебеларускага народнага сходу. Менск, Беларусь. 24 красавіка 2024 года.
Фота: president.gov.by

«Зразумела, што той электаральнай базы, якая была ў Лукашэнкі да пары да часу даволі шырокай, на сённяшні дзень ужо няма. Значыць, застаецца толькі адно: паколькі з улады ён не збіраецца сыходзіць, то трэба закручваць гайкі, трымаць узровень страху ў грамадстве і надалей. Таму, відаць, будзе працягвацца працэс паступовага спаўзання да таталітарных практык», – кажа наш суразмоўца.

Палацавага перавароту не будзе

Што да магчымасці нейкага палацавага перавароту, то Аляксандр Класкоўскі ставіцца да такой перспектывы скептычна.

«Ён [Лукашэнка] сфармаваў сваё атачэнне з людзей шэрых, невыразных, там няма моцных дзеячаў, няма сапраўдных палітыкаў. Лукашэнка ж некалі сказаў, што ў краіне мусіць быць адзін палітык, і рэалізаваў тую сваю тэзу. Таму што, калі паслухаць тую ж Качанаву, то гэта проста нейкі генератар банальнасцяў. Тое ж можна сказаць пра іншых людзей з атачэння. І гэта таксама адзін з чыннікаў, які пераконвае Лукашэнку, што трэба трымацца за ўладу да апошняга. Бо перадай яе некаму, можа быць і адданаму, але слабаму ў сэнсе волі, здольнасці ўсіх ламаць праз калена, краіна рухне, і ўсе набыткі, якімі Лукашэнка ганарыцца, будуць раструшчаныя», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Плюс да ўсяго існуе так званы чыннік страху: бо ўсё навокал праслухоўваецца, усіх правяраюць наскрозь, таму ўявіць сабе, мяркуе палітычны аналітык, што нейкая змова саспее ў асяроддзі гэтай запалоханай, слабой беларускай наменклатуры – гэта амаль што неймаверны сцэнар.

Надзея ёсць

У сувязі з усім вышэй сказаным мы пацікавіліся ў Аляксандра Класкоўскага, ці ёсць надзея на тое, што ў краіне нешта можа сапраўды змяніцца бліжэйшым часам, бо з папярэдніх разважанняў вымалёўваецца не вельмі аптымістычная карціна.

«Я згадваю яшчэ свой жыццёвы досвед. Яшчэ на пачатку 80-х, калі быў застой у Савецкім Саюзе і адзін за адным паміралі гэтыя генсекі, але сістэма не змянялася, я думаю, мала хто верыў, што неўзабаве Савецкі Саюз рухне. Але адбылася перабудова, і высветлілася, што насамрэч гэта калос на гліняных нагах: камуністычная імперыя развалілася за некалькі гадоў, яна дыхала на ладан – і ў эканамічным сэнсе, і былі там такія ўнутраныя супярэчнасці, што яны разарвалі гэтую канструкцыю. А цяперашняя Беларусь, нават у звязцы з Расеяй, гэта ўжо не тая сіла – у Расеі эканамічная вага ў свеце значна меншая, чым была ў Савецкага Саюза», – адзначыў Аляксандр Класкоўскі.

Акрамя таго, наш суразмоўца звярнуў увагу на тое, што ёсць свой адкладзены эфект і ў санкцыяў: адсутнасць доступу да перадавых тэхналогіяў пакрысе працуе і сточвае рэсурсы – як пуцінскай, так і лукашэнкаўскай сістэмы.

«Так што ў гістарычнай перспектыве гэтыя два рэжымы, якія выклік кінулі ўсяму перадавому свету, непазбежна прайграюць. Тут пытанне калі надыдзе гэты вырашальны момант, таму што, як вядома, колькасць пераходзіць у якасць: да пары да часу сістэмы здаюцца трывалымі, а потым яны могуць абваліцца амаль што імгненна. Гэта, напэўна, некалі будзе, але калі – такога прагнозу, напэўна, ніводзін сур’ёзны аналітык не дасць», – падсумаваў палітычны аглядальнік інфармацыйнага агецтва «Позірк».

Каментар
Імітацыя імітацыі. Юры Дракахруст – пра «Усебеларускі сход» Лукашэнкі
2024.04.24 20:10

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў