«СБУ хацела ўзарваць Беларусь рукамі збеглых і іх памагатых». На ОНТ расказалі аб трох няўдалых «тэрактах»


Увечары 4 красавіка на тэлеканале ОНТ паказалі фільм-расследаванне аб нібыта спробах украінскіх спецслужбаў здзейсніць тэракты на тэрыторыі Беларусі. Прапагандысты адкрыта абвінавачваюць СБУ ў пераходзе ад шпіянажу да тэрарызму. Паглядзелі і распавядаем асноўнае.

Падрыў самалёта ў Мачулішчах

Павуціна, якую стварыла ў Беларусі СБУ пры дапамозе «збеглых» Служба ўнутраннай бяспекі Польшчы (ABW) і ЦРУ. Скрыншот: Телеканал ОНТ / YouTube

У фільме распавядаецца пра тры спробы тэракту, нібыта арганізаваныя ўкраінскімі спецслужбамі на тэрыторыі Беларусі. Самая гучная гісторыя – атака на расейскі самалёт А-50 на беларускім аэрадроме ў Мачулішчах 26 лютага.

У фільме паказалі мужчыну, які нібыта ёсць галоўным выканаўцам «тэракту». Мікалай Швец, 1993 года нараджэння, нарадзіўся ў Крывым Рогу (Украіна), некаторы час з сям’ёй жыў у Крыме, а пасля «Крымскай вясны» ягоная сям’я пераехала ў Кіеў. Але перад ад’ездам Мікалай паспеў атрымаць расейскі пашпарт. Пасля пачатку вайны Мікалай застаецца ў Кіеве і ўступае ў Добраахвотнае ваенізаванае фармаванне тэрытарыяльнай грамады. Вучыцца кіраваць дронамі-камікадзэ, гэтую дзейнасць патранавала СБУ. Менавіта ўкраінскія спецслужбы, на думку аўтараў фільму, адправілі Мікалая ў Беларусь, каб здзейсніць «тэракт».

Абвінавачаны ў выкананні тэракту ў Мачулішчах Мікалай Швец падчас допыту. Скрыншот: Телеканал ОНТ / YouTube

Спачатку Мікалай Швец нібыта спрабаваў трапіць у Беларусь праз Польшчу, але не атрымалася – выклікаў падазрэнні ў беларускіх памежнікаў. Пасля Швец усё ж прабіраецца ў Беларусь шляхам Рыга (Латвія) – Пскоў (Расея) – Менск.

Сярод падзельнікаў Мікалая называюць Віталя Якуціка – яго лічаць каардынатарам пратэстаў 2020 года, які жыве ў Польшчы і па ўказанні СБУ дапамагаў арганізоўваць тэракт у Мачулішчах, у прыватнасці – займаўся пошукам і дастаўкай дронаў. Гучыць імя яшчэ аднаго фігуранта справы – Дзяніса Сакалова, прыяцеля Якуціка, які на ягоную просьбу дапамагаў Швецу ў Беларусі. Якуцік прывёз дрон у Вільню, а адтуль Сакалоў пераправіў дрон у Менск. Таксама Сакалоў фіктыўна ўладкаваў Швеца на працу ў сваю фірму, на пасаду архітэктара-тэхніка – для прыкрыцця. Другі дрон Швец атрымаў праз паслугу «Яндэкс-дастаўкі». Праз відэасувязь з СБУ Мікалай Швец у кватэры ў Чыжоўцы сядзеў і збіраў дрон-камікадзэ з выбухоўкай.

У фільме таксама распавядаецца пра трэцяга фігуранта справы – Дзмітрыя Маставога. Гэта айцішнік, які з 26 студзеня да 10 лютага арганізаваў онлайн-трансляцыю вайсковага аэрадрому ў Мачулішчах, зліваў інфармацыю «Беларускаму Гаюну». Яму выставілі абвінавачванне ў спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці і здрадзе дзяржаве.

Затрыманне Дзмітрыя Маставога. Скрыншот: Телеканал ОНТ / YouTube

Яшчэ сярод фігурантаў справы называюцца асобы, якія здавалі кватэру для Швеца. Гэта Інга і Андрэй Сцяпуркі, Ларыса Кучынская. Нягледзячы на тое, што яны нічога не ведалі, сілавікі называюць іх датычнымі да акту тэрарызму.

Абвінавачваецца ў спробе здзейсніць акт тэрарызму жанчына на імя Ала Яцута – грамадзянка Украіны, якая нібыта на заданне СБУ прыехала ў беларускі Столін і павінна была дапамагчы Швецу з мінаннем беларуска-ўкраінскай мяжы. Таксама сярод фігурантаў справы называюцца: Максім Лапацін – ён вёз Швеца са Століна ў Менск, калі той хаваўся ад беларускіх сілавікоў, і Алег Сычоў – гаспадар катэджу, дзе хаваўся Швец да затрымання.

Чаму сілавікі так доўга не каментавалі інцыдэнту ў Мачулішчах? Як тлумачыцца ў фільме, яны чакалі, хацелі раскрыць усю шпіёнскую сетку. У КДБ падкрэсліваюць: у справе ў Мачулішчах затрыманы «тэрарыст» і больш за 20 ягоных падзельнікаў. Ім інкрымінуецца акт тэрарызму, арганізаваны групай, у дадатак яшчэ – здрада дзяржаве. Усім пагражае смяротнае пакаранне.

Hавiны
КДБ: Фігурантам справы аб дыверсіі ў Мачулішчах можа пагражаць смяротнае пакаранне
2023.04.03 18:24

Як у Горадні хацелі падарваць дзве нафтабазы

Яшчэ адзін нібыта гучны правал украінскіх спецслужбаў у Беларусі – няўдалы тэракт у Горадні.

Прапагандысты распавядаюць пра Аляксея Кулікова – грамадзяніна Расеі, які збег ад прызыву ў войска ў Беларусь. Трапіць у Горадню яму дапамог расейскі апазіцыянер Данііл Крынары (ён жа Кавалеўскі). Кулікову трэба было фатаграфаваць нафтабазы і Генконсульства Расеі ў Горадні і перадаваць здымкі СБУ. Ягоны падзельнік, Вадзім Пацэнка, павінен быў узарваць нафтабазы з дапамогай дрону. За гэта мужчынам абяцалі 10 тысяч долараў. Усёй аперацыяй нібыта кіраваў супрацоўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Вячаслаў Розум, ён вербаваў агентаў.

Аляксей Кулікоў, які павінен быў фатаграфаваць нафтабазы і Генконсульства Расеі ў Горадні і перадаваць здымкі СБУ. Скрыншот: Телеканал ОНТ / YouTube

Віцебскі «шпіён»

19 студзеня стала вядома пра затрыманне нарадзінца Чарнігава Андрэя Шмая, якія працаваў у Віцебскім аблвыканкаме. У фільме распавядаюцца прычыны.

Андрэй Шмай – былы вайсковец, служыў з 2006 да 2013 года на беларуска-ўкраінскай мяжы інспектарам пункту пропуску «Ярылавічы». Пераехаў у Беларусь 10 гадоў таму. Жаніўся, уладкаваўся на працу рабочым па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў у аблвыканкам. І хоць доступу да дакументаў не меў, але, на думку сілавікоў, меў вочы і вушы і зліваў інфармацыю пра ўсё, што чуў і бачыў, свайму малодшаму брату Руслану, які служыць у чарнігаўскім упраўленні «Поўнач» маёрам, намеснікам камандзіра па баявых дзеяннях.

Нарадзінец Чарнігава Андрэй Шмай, якога ў Беларусі абвінавачваюць паводле артыкулу 358-1 Крымінальнага кодэксу («Агентурная дзейнасць»), падчас допыту. Скрыншот: Телеканал ОНТ / YouTube

Цяпер Андрэй Шмай у СІЗА. Яго абвінавачваюць паводле артыкулу 358-1 Крымінальнага кодэксу – «Агентурная дзейнасць».

Прапагандысты падкрэсліваюць: за ўсімі спробамі «тэрактаў» у Беларусі стаіць СБУ, якая выкарыстоўвае «збеглых» у сваіх мэтах. «Збеглых» у фільме рэпрэзентуе псіхолаг Алена Тачыцкая, якая нібыта тэлефанавала з Польшчы і прасіла дапамагчы Швецу з кватэрай. Выкарыстаннем «збеглых» прапагандысты таксама называюць заяву BYPOL аб датычнасці да падрыву самалёта. Паводле версіі сілавікоў, гэта ні больш чым заява – проста ім дазволілі так сказаць. Пры гэтым, як падкрэсліваецца ў фільме, у сілавых ведамствах Украіны пануе раздрай, у кожнага ёсць свае агентурныя сеткі і жаданне насаліць адно аднаму. Паказальна, што ў той «павуціне», якую спляла СБУ, прысутнічаюць Служба ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW) і ЦРУ. Усе разам яны пацярпелі паразу, падкрэсліваюць прапагандысты. У той час як беларускі сілавы блок аб’яднаўся і паказаў свой супергераізм і прафесіяналізм.

Каментар
Аплявуха іміджу ці ўдар па ваенпраме? Што значыць бесперашкодная атака на самалёт у Мачулішчах
2023.03.03 16:38

СП  belsat.eu

Стужка навінаў