Пад Ніжнім Ноўгарадам узарвалі аўтамабіль з пісьменнікам Захарам Прылепіным


Пад Ніжнім Ноўгарадам узарваўся аўтамабіль Audi Q7, у якім ехаў пісьменнік і адзін з кіраўнікоў партыі «Справядлівая Расея» Захар Прылепін, перадаюць расейскія СМІ. Паведамляецца, што сам Прылепін цяжка пацярпеў.

Захар Прылепін.
Фота: kp.ru

Крыніца «РИА Новости» ў сілавых структурах распавядае, што Захар Прылепін у выніку выбуху атрымаў пераломы і страсенне мозгу. Таксама паведамляецца, што яго даставяць на верталёце ў Маскву.

Выданне «РБК» са спасылкай на крыніцу, блізкую да МУС, раней распавядала, што Прылепін цяжка пацярпеў, у яго раненні ног. Пісьменнік пасля выбуху знаходзіўся ў прытомнасці, яго шпіталізавалі ў найбліжэйшую больніцу. Верагодна, выбуховае прыстасаванне маглі прымацаваць пад капот аўтамабіля, пакуль пісьменнік знаходзіўся ў кафэ. На месцы выбуху ўтварылася варонка.

Блогер Анатоль Шарый паведамляе, што ў Прылепіна, папярэдне, траўматычная ампутацыя, ідзе барацьба за жыццё пісьменніка. Ён таксама паведамляе, што кіроўца Прылепіна – грамадзянін Украіны, ён загінуў.

СК Расеі ўзбудзіў крымінальную справу па факце выбуху аўтамабіля Захара Прылепіна. Артыкул, па якім узбуджана справа, не ўдакладняецца.

Падарваны аўтамабіль, у якім знаходзіўся Захар Прылепін.
Фота: sledcom_press / Telegam

Адказнасць за падрыў аўтамабіля ўзялі на сябе сябры руху «Атэш». Яшчэ ў студзені яны паведамлялі аб намерах «ліквідаваць Прылепіна». Сябе «Атэш» называе як «ваенны рух украінцаў і крымскіх татараў». Пацвярджэння датычнасці руху да выбуху аўтамабіля з Прылепіным ад расейскіх сілавых ведамстваў не было.

Былы дэпутат Дзярждумы РФ Ілля Панамароў заявіў тэлеграм-каналу Sota, што выбух здзейсніла «Нацыянальнае рэспубліканскае войска». Раней гэтая арганізацыя брала на сябе адказнасць за тэракты, у выніку якіх загінулі прапагандыст Уладлен Татарскі і Дарʼя Дугіна, дачка філосафа Аляксандра Дугіна.

Па дадзеных тэлеграм-каналу «Baza», разам з Прылепеным знаходзілася яго дачка, але яна выйшла з машыны за некалькі хвілін да выбуху.

Крыніца «РБК» распавяла, што незадоўга да прыбыцця ў Ніжагародскую вобласць Прылепін быў на Данбасе, затым ён тыдзень пражываў у Ніжнім Ноўгарадзе, а цяпер вяртаўся ў Маскву.

Пасля выбуху ў Ніжагародскай вобласці ўведзены план «Перахоп». Да супрацоўнікаў паліцыі даведзена заданне спыняць «усе падазроныя аўтамабілі», але канкрэтных падазраваных пакуль няма.

Прылепін публічна падтрымліваў вайну Расеі супраць Украіны з 2014 года. Сёлета ў студзені яго прэс-служба паведаміла, што ён падпісаў кантракт з Расгвардыяй і зʼехаў ваяваць ва Украіну. Раней, у лютым 2017 года Прылепін быў намеснікам камандзіра батальёна ў «ДНР». Таксама быў дарадцам кіраўніка «ДНР» Аляксандра Захарчанкі, які памёр ад узрыву ў 2018 годзе.

Hавiны
Затрыманы падазраваны ў падрыве аўтамабіля Захара Прылепіна
2023.05.06 18:10

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў