Што вядома і невядома аб забойстве расейскага прапагандыста Уладлена Татарскага


Днём 2 красавіка адбыўся выбух у кавярні Санкт-Пецярбургу, дзе праходзіў «творчы вечар» расейскага ваенкора і прапагандыста Уладлена Татарскага. Прапагандыст загінуў, раненні атрымалі дзясяткі чалавек. Жанчыну, якая імаверна перадала Татарскаму статуэтку з бомбай, затрымалі, але ў арганізацыі выбуху падазраюць украінскія спецслужбы і расейскіх апазіцыянераў.

Уладлен Татарскі.
Фота: РИА DixiNews / Telegram

Хто такі Уладлен Татарскі

Біяграфію прапагандыста падрабязна пераказала расейскае выданне «Медуза». Сапраўднае імя – Максім Фомін, а псеўданім «Уладлен Татарскі» ўзяў з папулярнай кнігі. Нарадзіўся ў Данецку ў 1982 годзе ў сям’і «рускага патрыёта», працаваў на шахце, займаўся бізнесам і крыміналам, за рабаванне банку быў асуджаны на 12 гадоў зняволення, але з пачаткам вайны на Данбасе ўцёк і атрымаў памілаванне ад уладаў самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі».

У якасці «ваенкора» дзейнічаў ад 2016 года, ад пачатку актыўна падтрымліваў баявыя дзеянні супраць Украіны, бо «руская ідэя – гэта вайна». Але да прарасейскіх баевікоў ставіўся са знявагай, бо тыя «аб’ядноўваліся вакол новых князёў і сумяшчалі рабаванне і вайну».

З 2017 года вёў уласны Telegram-канал, які цяпер мае паўмільёна падпісантаў, з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне прабіўся на расейскую дзяржаўную тэлевізію. Некаторыя лічылі яго блізкім да кіраўніка баевікоў «групы Вагнэра» Яўгенія Прыгожына, іншыя ж казалі, што ён проста хваліў «вагнэраўцаў», але не больш за тое.

У 2022 годзе быў у Крамлі на цырымоніі падпісання анексіі Расеяй украінскіх тэрыторыяў – тады праславіўся фразай: «Усіх пераможам, усіх заб’ём, усіх, каго трэба, абрабуем. Усё будзе, як мы любім. Давайце, з богам».

Цяпер у Расеі ладзяць акцыі ў памяць аб забітым прапагандысце. У такіх акцыях выкарыстоўваюць і беларускіх дзяцей. Забойства расейскага «ваенкора» моцна раззлавала некаторых беларускіх прапагандыстаў.

Што вядома пра забойства

Выбух адбыўся падчас «творчага вечара» Татарскага ў кавярні «Street Food Bar № 1», якая належыць Прыгожыну. Выбухоўка, падобна, была закладзеная ў статуэтку, якую прапагандысту перадала дзяўчына, якая назвалася Насцяй. Відавочцы кажуць, пасля таго яна села недалёка ад Татарскага.

У сувязі з выбухам затрымалі Дар’ю Трэпаву – феміністку, якую каралі арыштам за ўдзел у антываенным мітынгу 24 лютага 2022 года. Падрабязна пра яе расказалі нашыя калегі з «Вот Так». Ейны муж казаў, што хоць яны з Дар’яй не падтрымліваюць вайну ва Украіне, лічаць такі гвалт недапушчальным. Ён перакананы, што жонку падставілі, і лічыць, што яна думала, што нясе прыладу для праслухоўвання. На «пакаянным відэа» жанчына прызнае, што прынесла статуэтку, але адмаўляецца казаць, хто перадаў ёй «падарунак». Яна лічыць, што яе затрымалі толькі за тое, што яна была на месцы забойства.

Расейскія ўлады і ў прыватнасці прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна не чакаўшы рашэння следчых назвалі забойства Татарскага «тэрактам», справу расследуюць паводле артыкулу «Тэрарыстычны акт», а прапаганда называе Трэпаву «тэрарысткай» на падставе таго, што на адным з фота ў ейных сацсетках бачная кніга ў жоўта-блакітнай вокладцы.

Дар’я Трэпава на «пакаянным відэа». 3 красавіка 2023 года. Скрыншот: Mvdmedia.ru

Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт Расеі заяўляе, што выбух арганізавалі спецслужбы Украіны з прыцягненнем «агентуры» з ліку прыхільнікаў «Фонду барацьбы з карупцыяй» зняволенага апазіцыянера Аляксея Навальнага.

«Фонд барацьбы з карупцыяй» сваю датычнасць адмаўляе, называе «ідыятызмам» версію аб сваёй датычнасці і падазрае ў забойстве Федэральную службу бяспекі.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на пытанне журналістаў аб забойстве Татарскага адказаў, што не думае аб тым, што адбываецца ў Санкт-Пецярбурзе ці Маскве, а думае пра сваю краіну. Іншых афіцыйных каментароў з украінскага боку не было. Украінскія вайсковыя эксперты і публічныя асобы высоўваюць розныя версіі, у тым ліку звяртаюць увагу на тое, што забойства нявыгаднае Украіне, бо Татарскі (як і шэраг іншых «ваенкораў») даваў шмат праўдзівых звестак аб кепскім стане расейскіх войскаў.

Расейскія прапагандысцкія каналы са спасылкай на «крыніцы» заяўляюць, што Трэпаву завербаваў расейскі журналіст Раман Папкоў. Папкоў расказаў «Белсату», што аб сваёй «датычнасці» да забойства даведаўся ад калегаў днём 3 красавіка. Ён тлумачыць, што з Трэпавай знаёмы праз Twitter, размаўляў з ёй выключна аб журналісцкай працы, а ніякіх загадаў ёй не аддаваў. І не стаў бы аддаваць такіх загадаў, бо ў Расеі ў яго па-ранейшаму знаходзяцца родныя, да якіх ужо цяпер можа «ламіцца спецназ». Цікаўнасць да сваёй асобы ён тлумачыць тым, што раней быў актывістам Нацыянал-бальшавісцкай партыі і быў палітычным зняволеным, вядзе Telegram-каналы на тэму партызанскага руху. На ягоную думку, з Трэпавай зараз будуць «выбіваць любыя паказанні, каб паказаць, што расейскае ўзброенае падполле кіруецца нейкімі замежнымі цэнтрамі».

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) лічыць, што забойства Татарскага «з’яўляецца часткай больш шырокай схемы эскалацыі ўнутраных канфліктаў у Расеі з удзелам Прыгожына» і магло быць папярэджаннем самому Прыгожыну, які ставіць пад сумнеў пазіцыю ўладаў Расеі адносна вайны.

Разбор
Прыгожын губляе ўплыў. Што вядома пра актыўнасць баевікоў расейскай групы Вагнэра
2023.02.15 07:03

Што невядома

  • Калі і праўда Трэпава перадала статуэтку з бомбай, то ад каго яе атрымала?
  • Калі ведала пра бомбу ў статуэтцы, чаму не ўцякла перад выбухам?
  • Чаму Трэпава так дзіўна кажа на «пакаянным відэа», што хоча «пазней расказаць», хто ёй перадаў статуэтку?
  • Хто прывёў бомбу ў дзеянне?
  • Каму патрэбная смерць не самага папулярнага прапагандыста?
  • Чаму не выбралі больш «высокія» цэлі? Татарскі быў далёка не самым папулярным «ваенкорам» і не займаў кіроўных пасадаў.
  • Хто тэхнічна мог арганізаваць такі выбух? Ці тыя жа, хто забіў прапагандыстку Дар’ю Дугіну?

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў