Колькасць пацярпелых ад выбуху ў Пецярбурзе павялічылася да 25 чалавек, 6 – у цяжкім стане


Магутны выбух прагрымеў у Пецярбурзе ў кавярні, дзе ў выходныя збіраецца дыскусійны клуб «Кібер Z фронт». У выніку выбуху загінуў прапагандыст і ваенкар Уладлен Татарскі. Усяго пацярпелі 25 чалавек, у тым ліку 14-гадовы падлетак. Шэсць асобаў у цяжкім стане.

Загінулы Уладлен Татарскі.
Фота: Владлен Татарский / ВКонтакте

Па факце выбуху ў кавярні, у выніку якога загінуў Уладлен Татарскі, Следчы камітэт Расеі ў Санкт-Пецярбурзе адкрыў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 105 КК РФ («Забойства»).

Адной з версіяў гібелі ваенкара сілавікі назвалі выбух статуэткі, якую падарыла Татарскаму ўдзельніца сустрэчы. У МУС заявілі, што дачыненне невядомай дзяўчыны да выбуху следства таксама разглядае як адну з версіяў, і дадалі, што пра замах на Татарскага спецслужбы «ведалі даўно». Некаторыя медыі паведамляюць, што сама дзяўчына, якая падарыла статуэтку, цяпер у лякарні.

«Тое, што ўзарвалася статуэтка, – гэта адна з версіяў, якую разглядае следства. Выбух адбыўся на вышыні 60 сантыметраў ад падлогі. Спрацавала бязвоблачная выбуховая прылада магутнасцю ад 300 да 450 грамаў у тратылавым эквіваленце. Выбух адбыўся з правага боку ад месца, дзе сядзеў Уладлен Татарскі», – паведамляе крыніца РБК у МУС.

Кавярня ў Пецярбурзе пасля выбуху.
Фота: прэс-служба СК РФ

Губернатар Пецярбургу Аляксандр Бяглоў паведаміў, што «ў сувязі з тым, што адбылося ў кафэ на Васільеўскім востраве ў цяперашні час задзейнічаныя ўсе экстранныя і спецыяльныя службы гораду». У Санкт-Пецярбург накіраваная група супрацоўнікаў Галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Расеі. Як паведамляе МУС РФ, працу над раскрыццём злачынства ўзяло на кантроль кіраўніцтва гэтага ведамства.

Нагадаем, у Санкт-Пецярбурзе ўдзень 2 красавіка адбыўся выбух у кавярні, дзе праходзіў «творчы вечар» расейскага ваенкара і прапагандыста Уладлена Татарскага. У выніку выбуху Татарскі загінуў. Выданне «Фонтанка» паведамляе, што кавярня раней належала бізнесоўцу Яўгенію Прыгожыну, уладальніку ПВК Вагнэра. Дакладнай версіі таго, як адбыўся выбух і хто да яго датычны, сілавікі пакуль не называюць.

Уладлен Татарскі (сапраўднае імя Максім Фамін) – 40-гадовы расейскі прапагандыст і «ваенкар». Ён вядомы антыўкраінскімі выказваннямі і апраўдваў напад Расеі на Украіну, заклікаючы забіваць украінцаў і абстрэльваць гарады. Яму належыць фраза: «Усіх пераможам, усіх заб’ём, усіх, каго трэба, абрабуем! Усё будзе, як мы любім! Давайце, з богам». Відэа з гэтымі словамі ён запісаў у Георгіеўскай зале Крамля 30 верасня 2022 года, пасля таго як Уладзімір Пуцін абвесціў аб незаконным далучэнні да Расеі чатырох вобласцяў Украіны.

Татарскі нарадзіўся ў Макееўцы Данецкай вобласці. Незадоўга да Еўрамайдану ва Украіне быў асуджаны за ўзброены рабунак, пісала «Фонтанка», пасля пачатку баёў на Данбасе ён уступіў у апалчэнне. З пачаткам вайны ў 2022 годзе ён вярнуўся на Данбас ваенкарам.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў