Пры выбуху ў пецярбургскай кавярні загінуў прапагандыст Уладлен Татарскі


У кавярні Санкт-Пецярбургу днём 2 красавіка адбыўся выбух, дзе праходзіў «творчы вечар» расейскага ваенкора і прапагандыста Уладлена Татарскага. Паведамляецца, што ў выніку выбуху ён загінуў, яшчэ 16 чалавек атрымалі раненні.

Уладлен Татарскі.
Фота:via dixinews

Выбух адбыўся ў кавярні Street Food Bar №1 на Універсітэцкай набярэжнай Санкт-Пецярбургу. Па выходных там збіраецца дыскусійны клуб «Кибер Z фронт». Выданне «Фонтанка» паведамляе, што кавярня раней належыла бізнесмену Яўгену Прыгожыну, уладальніку ЧВК «Вагнэр».

Кавярня, дзе адбыўся выбух.
Фота: fontankaspb / Telegram

Папярэдне, выбуховае прыстасаванне было загадзя закладзена ў кафэ на Універсітэцкім праспекце. Яно знаходзілася побач з месцам, дзе сядзеў Уладлен Татарскі, паведамляе тэлеграм-канал «112». Магутнасць выбухной прылады склала каля 200 грам у тратылавым эквіваленце.

Па іншай версіі, якую агучыў міністр маладзёжнай палітыкі самаабвешчанай ДНР Кірыл Макараў, Татарскі загінуў у выніку выбуху статуэткі з бомбай, якую яму падарыла дзяўчына.

Арганізатар мерапрыемства ў Пецярбургу, дзе пры выбуху загінуў «ваенкор», паведаміў, што прымаў меры бяспекі, але іх «аказалася недастаткова».

Уладлен Татарскі – расейскі прапагандыст і «ваенкор». Ён вядомы сваімі антыўкраінскімі выказваннямі і апраўдваў напад Расеі на Украіну, заклікаючы забіваць украінцаў і абстрэльваць гарады. Яму належыць фраза: «Усіх пераможам, усіх заб’ём, усіх, каго трэба, абрабуем! Усё будзе, як мы любім! Давайце, з богам», відэа з якой ён запісаў у Георгіеўскай зале Крамля 30 верасня мінулага году, пасля таго як Уладзімір Пуцін абʼявіў аб незаконным далучэнні да Расеі чатырох абласцей Украіны.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў