Улады Беларусі захацелі перамоваў з Латвіяй пра міграцыйны крызіс. Тая адмовіла


Міністэрства замежных справаў Беларусі наракае: Латвія адмовілася ад сустрэчы для абмеркавання міграцыйнага крызісу, якую нібыта прапанавалі «нашыя памежнікі». Магчыма, хацелі, каб Латвія адкрыла закрыты пункт пропуску.

Архіўнае фота. Беларускія памежнікі дапамаглі мігрантам зрабіць дзірку ў плоце і нелегальна перайсці мяжу з Латвіяй. 6 жніўня 2023 года.
Фота: rs.gov.lv

Пра гэта 24 кастрычніка расказаў ананімны Telegram-канал «Глас МИДа», на які беларускія і расейскія дзяржаўныя медыі спасылаюцца як на прэс-службу МЗС Беларусі.

Паводле гэтага каналу, «нядаўна нашыя памежнікі чарговы раз афіцыйна прапанавалі латышскім правесці сустрэчу памежных упаўнаважаных». Латвія ад такіх сустрэчаў адмаўляецца.

Чаго менавіта ўлады Беларусі хацелі ад Латвіі, МЗС не піша, але заяўляе, што «сітуацыя выйшла ў іх з-пад кантролю» (пад «імі» маюць на ўвазе таго, каго называюць затым еўрапейцамі – сябе да еўрапейцаў не адносяць). У паведамленні ананімнага каналу, які дзяржаўныя медыі называюць прэс-службаю МЗС, згадваецца закрыццё пераходаў на мяжы з Беларуссю.

«Мы не адмаўляем праблемы міграцыі, але пры гэтым гаворым, што гэтае пытанне патрабуе супольнага развязання і скаардынаваных дзеянняў, – піша канал «Глас МЗС». – Праблема не развязваецца пагрозамі, шантажом і закрыццём памежных пераходаў. Такі дыялог мы прапанавалі нашым суседзям».

Сустрэчу прапанавалі ў звязку з чарговаю смерцю мігранта на беларуска-латвійскай мяжы: Памежны камітэт Беларусі паведамляў (ужо на афіцыйных каналах), што 21 кастрычніка на беларускай тэрыторыі блізу плоту на мяжы з Латвіяй знайшлі цела жанчыны «афрыканскага выгляду».

Памежны камітэт Беларусі вінаваціць Польшчу, Літву і Латвію ў смярцях 21 мігранта з пачатку 2023 года і яшчэ 15 за два мінулыя гады. Пры тым ведамства не ўдакладняе, колькі з тых мігрантаў памерлі на тэрыторыі адпаведных краінаў, а колькі – на тэрыторыі Беларусі, дзе ім, як у выпадку 21 кастрычніка, не надалі дапамогі.

Hавiны
Затрыманыя на беларуска-літоўскай мяжы мігранты скардзіліся на прымяненне сілы з боку прадстаўнікоў беларускіх уладаў
2023.10.24 18:54

Міграцыйны крызіс быў штучна створаны рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Крызіс пачаўся ў канцы вясны 2021 года. Адпраўным пунктам стаў скандал з захопам самалёта «Ryanair», які пацягнуў за сабою маштабныя абмежавальныя захады з боку Еўразвязу і ў тым ліку ўвядзенне сектаральных санкцыяў. У гэтай сітуацыі рэжым Лукашэнкі даў зразумець, што разглядае міграцыйнае пытанне ў якасці механізму шантажу Еўразвязу і помсту за санкцыі.

Польскія, літоўскія і латышскія памежнікі неаднаразова дэманстравалі відэа (напрыклад, такое) таго, як іхныя беларускія калегі не толькі не перашкаджаюць парушаць закон, але і спрыяюць пераходу мяжы незаконнымі шляхамі. Журналісты ж не раз даказвалі, што на нелегальнай міграцыі зарабляюць беларускія кампаніі, у тым ліку блізкія да атачэння Лукашэнкі.

Улады Беларусі гэтага не прызнаюць і вінавацяць суседзяў, што тыя не прымаюць у сябе тых, каго ў Беларусі лічаць уцекачамі. Суседнія краіны не лічаць уцекачамі грамадзянаў трэціх краінаў, якія спрабуюць прабіцца ў Еўразвяз з Беларусі, ды Беларусь часцей за ўсё не дае тым людзям статусу ўцекача ці іншай абароны.

Агляд
Пагроза закрыцця межаў не спыніла міграцыйны крызіс. Глядзім, колькі мігрантаў на якіх межах
2023.08.15 19:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў