Пагроза закрыцця межаў не спыніла міграцыйны крызіс. Глядзім, колькі мігрантаў на якіх межах


Мігранты ўжо не часта ходзяць у Літву, толькі зрэдку робяць сюрпрызы Латвіі, але Польшчу штурмуюць пастаянна – і ўсё больш агрэсіўна. Больш за паўмесяца гэтыя краіны абмяркоўваюць магчымасць закрыць межы Еўразвязу з Беларуссю, ды Лукашэнку гэта не прымушае спыніць распачаты ім жа крызіс.

Аляксандр Лукашэнка ў камуфляжнай камізэльцы
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка ў камуфляжнай камізэльцы падчас паездкі ў Веткаўскі раён, Беларусь. 28 красавіка 2023 года.
Фота: president.gov.by

Статыстыка прадухілення нелегальных спробаў пераходу мяжы па Польшчы і Літве за апошні тыдзень такая:

  • 7 жніўня: Польшча – 112, Літва – 0;
  • 8 жніўня: Польшча – 45, Літва – няма звестак (імаверна, 0);
  • 9 жніўня: Польшча – 115, Літва – 28;
  • 10 жніўня: Польшча – 105, Літва – 9;
  • 11 жніўня: Польшча – 106, Літва – 0;
  • 12 жніўня: Польшча – 160, Літва – 0;
  • 13 жніўня: Польшча – 159, Літва – 1;
  • 14 жніўня: Польшча – 40, Літва – 0.

Латвія не дае такой рэгулярнай статыстыкі. Вядома, што 14 ліпеня латвійскія памежнікі прадухілілі спробу 96 чалавек нелегальна трапіць у Латвію з Беларусі, а 8 ці 9 жніўня затрымалі 8 мігрантаў, якія незаконна перайшлі беларуска-латышскую мяжу, пры тым памежніку давялося рабіць папераджальны стрэл у паветра. Ці былі на беларуска-латышскай мяжы інцыдэнты ў іншыя дні, не паведамляюць.

Ды Латвія ад пачатку не была «папулярным» кірункам нелегальнай міграцыі праз Беларусь. Нягледзячы на адносна малую колькасць спробаў нелегальнай міграцыі, Латвія следам за Літвой і Польшчай пачала ставіць плот на мяжы з Беларуссю.

Паводле звестак Афіцыйнага статыстычнага парталу Літвы, у 2023 годзе колькасць зафіксаваных спробаў нелегальнай міграцыі праз Беларусь у Літву агулам меншая, чым у 2022-м: такія спробы фіксуюць далёка не штодня, тады як летась амаль кожны дзень фіксавалі некалькі, а на піку міграцыйнага крызісу ў 2021 годзе штодня рэгістравалі сотні спробаў. Канечне, колькасць незаўважаных і «паспяховых» спробаў невядомая, але няма прыкметаў таго, што з 2022 года кантроль на гэтай мяжы аслабілі – хутчэй, наадварот.

Польскія памежнікі на мяжы з Беларуссю
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскія памежнікі на мяжы з Беларуссю. 13 жніўня 2023 года.
Фота: Straż Graniczna / X

Цяпер, імаверна, асноўны кірунак міграцыйнага крызісу – Польшча. З пачатку года туды спрабавалі нелегальна прайсці з Беларусі звыш 20 тысяч разоў, яшчэ каля 400 мігрантаў польскія памежнікі злавілі пасля таго, як тыя нелегальна перайшлі межы Беларусі з Літвой ці Латвіяй. І мігранты паводзяць сябе далёка не заўсёды мірна.

На беларуска-польскай мяжы стала больш мігрантаў і агрэсіі

Прэс-сакратарка Памежнай службы Польшчы Анна Міхальска ў нядзелю 13 жніўня расказвала «Белсату», што колькасць спробаў нелегальнага пераходу беларуска-польскай мяжы расла ўжо некалькі тыдняў. Да піку 2021 года яшчэ не даходзіць – тады было да 800 спробаў пераходу мяжы на дзень, сёлета здаралася хіба да 300.

«Што нас вельмі непакоіць, гэта рост агрэсіўных атак на польскія патрулі, – адзначыла Міхальска. – Практычна штодзённа здараецца, што польскіх службоўцаў атакуюць групы мігрантаў, якім не ўдаецца перайсці мяжу».

У сувязі з гэтым на мяжы размясцілі спецыяльныя паліцэйскія машыны, прадугледжаныя на выпадак атак з выбухоўкай ці вострымі прадметамі, а таксама вадамёты.

Гэтыя атакі, працягвае яна, найчасцей выяўляюцца ў кіданні камянёў у службовыя машыны памежнікаў, але бывае, што кідаюць петарды. На думку Міхальскай, атакі – вынік фрустрацыі мігрантаў ад таго, што мяжу ахоўваюць і што іх не прапускаюць. Бывае і такое, што па затрыманні групы мігрантаў на польскім баку памежнікаў атакуюць тыя мігранты, што засталіся на беларускім баку.

У дадатак да мігрантаў – вагнэраўцы

Літву і Польшчу ці не больш за мігрантаў хвалюе прысутнасць у Беларусі баевікоў расейскай групы Вагнэра. Мяркуецца, што правакацыяў можна чакаць у сувальскім калідоры.

Рэальных правакацыяў з іхнага боку (нягледзячы на намёкі Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што вагнэраўцы хацелі б напасці на Польшчу) не фіксавалі – пакуль баевікі абмяжоўваюцца віртуальнымі фэйкамі.

Агляд
ПВК Вагнэра ўжо месяц у Беларусі: што дакладна вядома і якія пытанні застаюцца без адказу
2023.08.15 08:00

Як кажа Міхальска, больш небяспечныя здарэнні з мігрантамі і рост колькасці спробаў нелегальнай міграцыі заўважылі яшчэ на пачатку траўня – да мяцяжу вагнэраўцаў і іхнага прыезду ў Беларусь. Хвалю гвалту на мяжы Польшча называла новай фазай гібрыднай вайны. Але, адзначае прэс-сакратарка польскіх памежнікаў, факт прысутнасці групы Вагнэра ў Беларусі – дадатковы чыннік, каб узмацніць пільнасць. Сярод мігрантаў у Польшчу тэарэтычна могуць спрабаваць прабрацца агенты спецслужбаў ці баевікі.

Лукашэнка не адступае

Некаторыя аналітыкі прадказвалі: штучна створаны Лукшаэнкам міграцыйны крызіс можа спыніцца, калі Лукашэнка асэнсуе рэальнасць пагрозаў Польшчы, Літвы і Латвіі цалкам закрыць межы з Беларуссю.

Міграцыйны крызіс распачаўся ў канцы вясны 2021 года. Адпраўным пунктам стаў скандал з захопам самалёта «Ryanair», які пацягнуў за сабою маштабныя абмежавальныя захады з боку ЕЗ і ў тым ліку ўвядзенне сектаральных санкцыяў. У гэтай сітуацыі рэжым Лукашэнкі даў зразумець, што разглядае міграцыйнае пытанне ў якасці механізму шантажу Еўразвязу і помсту за санкцыі.

Польскія, літоўскія і латвійскія памежнікі неаднаразова дэманстравалі відэа (напрыклад, такое) таго, як іхныя беларускія калегі не толькі не перашкаджаюць парушаць закон, але і спрыяюць нелегальнаму пераходу мяжы. Журналісты ж не раз даказвалі, што на нелегальнай міграцыі зарабляюць беларускія кампаніі, у тым ліку блізкія да атачэння Лукашэнкі.

Ды Лукашэнка пакуль маўчыць аб пагрозе закрыцця межаў. Хіба кажа, нібыта без прывязкі да тэмы мяжы, што з «з палякамі трэба размаўляць». Польшча ж заяўляе, што хоча паляпшэння стасункаў з Беларуссю, і дзеля гэтага афіцыйнаму Менску трэба ўсяго толькі спыніць атакі мігрантаў і вызваліць палітвязняў.

Hавiны
Міністр абароны Хрэнін заявіў, што «капіталістычны свет» рыхтуецца да вайны
2023.08.15 13:21

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў