Напужала пагроза закрыцця межаў. Эксперт растлумачыў міралюбівую рыторыку Лукашэнкі


Аляксандр Лукашэнка загаварыў пра неабходнасць палепшыць адносіны з Польшчаю, адначасова абвінаваціўшы Варшаву ў «нагнятанні абстаноўкі ў рэгіёне». Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі сказаў «Белсату», што, відаць, спрацавала пагроза закрыцця межаў.

Памежны пераход Тэрэспаль – Берасце на польска-беларускай мяжы. 26 жніўня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Падчас наведвання Нацыянальнага аэрапорту «Менск» 11 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «нельга губляць адносіны з высокатэхналагічным Захадам». «Яны побач, яны нашыя суседзі – Еўразвяз. А суседзяў не выбіраюць, яны ад бога», – сказаў палітык.

Ён адзначыў, што «і з палякамі трэба размаўляць». «Я даручаў прэм’ер-міністру звязацца з імі. Калі яны жадаюць, давайце размаўляць, наладжваць адносіны. Аднак у іх 15 кастрычніка парламенцкія выбары, і ім трэба зараз нагнятаць абстаноўку, каб паказаць, што яны слушна ўзбройвалі краіну», – мяркуе Лукашэнка.

Hавiны
Лукашэнка даручаў наладзіць сувязь з палякамі: «Давайце размаўляць, наладжваць стасункі»
2023.08.11 16:22

Палітычны аглядальнік праекту «Позірк» Аляксандр Класкоўскі ў каментары «Белсату» адзначыў: Лукашэнка баіцца поўнага закрыцця межаў.

«Гэта для Лукашэнкі адчувальна, бо гэта і ягоныя бізнес-інтарэсы, і транзіт ідзе праз Беларусь, дый імпарт, нягледзячы на санкцыі, не ўвесь закрылі з Еўропы. Закранаюцца інтарэсы Кітая, у якога таксама вялікі транзіт праз Беларусь у Еўропу. Пекін можа паўшчуваць беларускага правіцеля і параіць яму трошкі сцішыць імпэт у процістаянні з суседзямі. І Казахстан таксама мае вялікія транзітныя інтарэсы», – растлумачыў аналітык.

Яшчэ адна прычына раптоўнай міралюбівасці – санкцыі: «Даволі доўгі час санкцыі ўзмацняюцца, цяпер новы пакет прыняты, і гэта таксама падточвае пакрысе рэсурсы рэжыму, хай сабе ён і пераарыентаваў часткова экспарт».

Разбор
Павольнае задушванне эканомікі: наступствы новай хвалі санкцыяў супраць Беларусі
2023.08.11 14:00

Класкоўскі звяртае ўвагу: гэта не першы крок палітыка ў спробе крыху змякчыць напружанасць. Раней была заява, што імкненні вагнэраўцаў «схадзіць у Варшаву і Жэшаў» – жарт, а сёння ўжо «другі акт Марлезонскага балета і цэлы каскад міралюбівай рыторыкі», адзначыў эксперт:

«Ён успомніў, што суседзі ад бога і трэба сябраваць. Калі ён саджаў самалёт «Ryanair» або калі беларускія ўлады правакавалі міграцыйны крызіс, дык пра гэта не думалі. Прыпякло, відаць».

Каментар
Польшча, Літва і Латвія могуць закрыць межы з Беларуссю. Чаму маўчыць Лукашэнка?
2023.08.09 18:49

Суразмоўца «Белсату» прызнае: ва ўладаў у Менску маюцца шанцы пазбегнуць поўнага закрыцця межаў, аднак не ўсё залежыць ад Лукашэнкі.

«Ён асабіста не мае ніякай ахвоты, каб вагнэраўцы ўлазілі ў нейкае боесутыкненне з палякамі ці літоўцамі. Але ж у якой ступені вагнэраўцы яго паслухаюць – вялікае пытанне. Хто кім тут камандуе, цяжка зразумець», – заўважыў аналітык.

Пры гэтым Масква зацікаўленая ў тым, каб як мага мацней пасварыць Лукашэнку з суседзямі, і тады ён становіцца «паслухмяным інструментам для рэалізацыі крамлёўскай агрэсіўнай вялікадзяржаўнай палітыкі».

Тыя, хто кіруе цяпер у Менску, могуць прапанаваць суседзям з ЕЗ дзве опцыі, мяркуе Класкоўскі. Адна з іх – скарачэнне плыні мігрантаў:

«Імаверна, будзе дадзеная адмашка, каб мігрантаў не пускалі да мяжы. І з вагнэраўцамі Лукашэнка, напэўна, пастараецца: часткова іх выпхнуць або ў Расею, або ў Афрыку, тут часткова натуралізаваць, так бы мовіць, і растварыць у якасці інструктараў у беларускіх фармаваннях».

Hавiны
«Патрыёты» Лукашэнкі звярнуліся да палякаў. Што яны хацелі сказаць?
2023.08.09 16:19

Што тычыцца журналіста Анджэя Пачобута, пасля прысуду якому Польшча закрыла памежны пункт у Баброўніках, то хуткага вызвалення палітвязня чакаць не варта, канстатаваў аглядальнік.

«Для Лукашэнкі трымаць палітвязняў і ствараць ім невыносныя ўмовы – прадуманая палітыка, ён не хоча нават трохі адкручваць гайкі, каб усе баяліся трапіць за краты. Таму нават аднаго чалавека, нейкую знакавую фігуру, для яго адпусціць – вялікая праблема. Хіба што за добрыя саступкі з польскага боку, але тут, напэўна, для Польшчы ёсць пытанне, наколькі яны могуць саступаць», – разважае Класкоўскі.

Ён пры гэтым упэўнены, што закулісныя перамовы паміж Менскам і Варшаваю аб вызваленні Пачобута трываюць, аднак бакам «цяжка зблізіць пазіцыі». Хаця апрыёры гэта не невырашальны кейс, падсумаваў наш суразмоўца.

Раней Варшава, Вільня і Рыга выпрацавалі адзіны механізм поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю ў выпадку «крытычнай сітуацыі». Пра гэта паведаміла прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце. Яна не ўдакладніла, што будзе лічыцца «крытычнай сітуацыяй», аднак у краінах-суседках Беларусі не аднойчы гаварылі пра пагрозы з тэрыторыі нашай краіны – гэта мігранты і вагнэраўцы.

Hавiны
Польшча разглядае поўнае закрыццё межаў з Беларуссю праз пагрозу вагнэраўцаў
2023.08.05 23:14

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў