Польская армія на мяжы з Беларуссю пачала аперацыю «Rengaw»


Польшча стварыла на мяжы з Беларуссю спецыяльную вайсковую групу, якая прыме ўдзел у аперацыі «Rengaw». Пра гэта заявіў міністр абароны Польшчы Мар’юш Блашчак падчас наведвання вайсковага лагера ў Ярылаўцы на Падляшшы.

Міністр абароны Польшчы Мар’юш Блашчак падчас наведвання вайсковага лагера. Крыніца: Ministerstwo Obrony Narodowej / Twitter

«Я вырашыў стварыць вайсковую аператыўную групу для аперацыі «Rengaw» непадалёк ад мяжы з Беларуссю. Мэта аперацыі – навучанне польскага войска ў Падляскім ваяводстве недалёка ад мяжы, а таксама стварэнне рэзерваў на выпадак пагаршэння сітуацыі», – заявіў польскі міністр абароны.

Таксама Блашчак выказаў занепакоенасць цяперашняй сітуацыяй на мяжы з Беларуссю:

«Няма сумневаў, што мяжа Польшчы ў небяспецы. Мы назіраем працяглы ціск на польскай мяжы, спробы нелегальна перасекчы мяжу мігрантамі, якіх да гэтага заахвочвае беларускі рэжым. Няма сумневаў, што беларускі рэжым супрацоўнічае з Крамлём. Гэтая акцыя накіраваная супраць Польшчы з мэтай дэстабілізацыі нашай краіны. Перакананы, што яна праваліцца дзякуючы службе польскага войска і ўсяму, што звязана з умацаваннем мяжы з Беларуссю».

Мар’юш Блашчак таксама нагадаў, што пад камандаваннем памежных войскаў праводзіцца аперацыя «Gryf», накіраваная на прыкрыццё мяжы з Беларуссю. У ёй возьме ўдзел да 4 000 польскіх жаўнераў.

Міністр зазначыў, што надзвычай важна рабіць высновы і эфектыўна і адэкватна рэагаваць на пагрозы. Ён таксама дадаў, што салдаты з заходняй Польшчы і цэнтральнай частцы краіны прымуць удзел ва ўмацаванні мяжы.

Раней паведамлялася, што Польшча мае намер істотна павялічыць колькасць вайскоўцаў на мяжы з Беларуссю. Мар’юш Блашчак заяўляў, што Польшча мае намер перакінуць да мяжы да 10 тысячаў вайскоўцаў.

Hавiны
Польшча разглядае поўнае закрыццё межаў з Беларуссю праз пагрозу вагнэраўцаў
2023.08.05 23:14

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў