Польшча, Літва і Латвія могуць закрыць межы з Беларуссю. Чаму маўчыць Лукашэнка?


Вільня плануе закрыць два з шасці прапускных пунктаў з Беларуссю. Варшава не выключае поўнага закрыцця і без таго часткова закрытай мяжы. Разам з Рыгай яны выпрацавалі механізм поўнага закрыцця мяжы. А Лукашэнка гэтага не каментуе. Спыталі экспертаў, чым гэта пагражае і чаму Лукашэнка маўчыць.

Беларускія памежнікі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія памежнікі.
Фота: Сяргей Каржыцкі / gpk.gov.by

Ідэі закрыць межы загучалі ў звязку з актыўнасцю ў Беларусі баевікоў расейскай Групы Вагнэра. Гэтым ідэям мог паспрыяць і Аляксандр Лукашэнка, які заяўляў, што вагнэраўцы «просяцца ў Варшаву і Жэшаў».

Палітолаг і дацэнт партнёрства Віленскага ўніверсітэту Віціс Юрконіс кажа «Белсату», што перакрыццё межаў мае раздражняць найперш не беларускія дэмакратычныя сілы, а рэжым Лукашэнкі, які ўзбагачаецца з абыходу санкцыяў. Гэта мусіць чуць і сам Крэмль. Межы, упэўнены ён, «закрываюцца не для дэмакратаў».

Святлана Ціханоўская тым часам сустрэлася з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам і абмеркавала сярод іншага закрыццё межаў ды захаванне ў выпадку закрыцця гуманітарных калідораў. Наўседа запэўніў, што «падтрыманне беларускага народу, які змагаецца за свабоду, застаецца нязменным».

Hавiны
Літва, Латвія і Польшча выпрацавалі механізм поўнага закрыцця межаў з Беларуссю
2023.08.09 10:45

Чым гэта пагражае Беларусі?

Як менавіта могуць закрыць мяжу і ў якім фармаце могуць пакінуць гуманітарныя калідоры, невядома. Але цалкам імаверна, што гэта закране грузавыя плыні, не толькі перавоз пасажыраў.

Экспертка цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна заўважае ў каментары «Белсату», што цяпер адзін з сектараў беларускай эканомікі, які дасюль мае адмоўныя тэмпы росту, – гэта транспарт, найперш грузавы. Гандаль з Еўразвязам абмежаваны, але ўсё ж ідзе праз заходнія межы, таму ад закрыцця межаў пацярпяць беларускія вытворцы, прадаўцы, транспартавікі і спажыўцы.

Прадаўцы еўрапейскіх машынаў, пакупнікі непадсанкцыйнага еўрапейскага абсталявання ці кіроўцы памежных маршрутак панясуць не толькі беспасярэднія страты, але будуць вымушаныя ўкладвацца ў пераарыентацыю на ўсходні кірунак, дадае яна. Буйному бізнесу будзе прасцей, а ў дробнага бізнесу праблемы могуць прывесці да закрыцця. Поўнае закрыццё заходніх і паўночных межаў закране і кітайскія кампаніі, якія транспартуюць прадукцыю праз Беларусь – давядзецца шукаць новыя шляхі.

Але закрыццё межаў можа закрануць і асобаў, якія пакуль могуць ездзіць на Захад: гэта і турысты, і тыя, хто ездзіць у працоўных мэтах, і ўцекачы. Не выключана, што давядзецца ляцець праз Турэччыну, каб трапіць да заходніх ці паўночных суседзяў.

Hавiны
Літва можа закрыць два КПП на мяжы з Беларуссю ўжо 15 жніўня
2023.08.09 18:02

Чаму маўчыць Лукашэнка?

Звычайна Аляксандр Лукашэнка не саромеецца крытыкаваць замежныя ўрады, ды пра магчымае закрыццё межаў не выказваўся, хоць апошнімі днямі не знікаў з эфіру дзяржаўных медыяў, шмат размаўляе пра тую ж сельскую гаспадарку. Замест Лукашэнкі за межы хвалюецца Ціханоўская. Чаму так?

Аналітык экспертнай сеткі «Наше мнение» Роза Турарбекава нагадвае «Белсату», што гэта не першы раз, калі Лукашэнка маўчыць пра важныя тэмы: напрыклад, амаль тыдзень не каментаваў ідэі размясціць у Беларусі расейскую ядравую зброю.

«Гэта не азначае, што няма нейкіх кантактаў, абмеркаванняў або спробаў гэтых кантактаў па тэхнічных каналах ці нават вышэй, па дыпламатычных каналах», – выказвае здагадку Турарбекава.

Шмат што сведчыць: намеры Польшчы, Літвы і Латвіі дастаткова сур’ёзныя, мяркуе экспертка, таму закрыццё межаў мае непакоіць улады ў Беларусі, бо яны наўрад ці ставяцца да гэтага легкадумна.

Ды пытанне ў тым, што маюць на ўвазе пад «закрыццём межаў»: гэта пра грузы ці пра людзей? А грузы – гэта дарогамі ці чыгункаю? Паводле Турарбекавай, гаворка не пра закрыццё межаў для чыгуначнага транспарту, бо гэта будзе значыць закрыццё сувалкаўскага калідору да Калінінградскай вобласці Расеі і разбіральніцтвы ў Еўразвязе. Можа, закрыюць толькі грузаперавозы аўтатранспартам, і гэта сапраўды зачэпіць інтарэсы Лукашэнкі. Але прынамсі ў Польшчы сур’ёзна разважаюць пра закрыццё межаў для чыгуначных грузаперавозак.

Для Лукашэнкі, працягвае суразмоўца, перакрыццё мяжы для пасажыраў не мае такога значэння, як для звычайных беларусаў, для якіх гэта можа значыць нават новую жалезную заслону. А з улікам таго, што ідэя закрыць межы звязаная з дзейнасцю Групы Вагнэра, закрыццё можа датычыць і перавозу пасажыраў.

Турарбекава не бярэцца прадказваць, якая імавернасць у якога варыянту закрыцця мяжы. Але адсутнасць каментароў з боку Лукашэнкі можа сведчыць, што Лукашэнка ўзяў паўзу для кантактаў і кансультацыяў па закрытых каналах.

Hавiны
«Патрыёты» Лукашэнкі звярнуліся да палякаў. Што яны хацелі сказаць?
2023.08.09 16:19

Валянцін Васіленка, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў