Як Макрон спрабаваў «зачараваць» і чытаць думкі старшыні КНР, але атрымаў «глухаватага» Сі


Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі (КНР) Сі Цзінь Пін знаходзіцца з першым за пяць гадоў візітам у краіны Еўрапейскага Звязу. Сярод пытанняў, якія абмяркоўваюць бакі, – вайна ва Украіне і стасункі з Расеяй, эканамічная супраца і новы сусветны парадак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Кітая Сі Цзінь Пін і прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон у аэрапорце. Тарбэс (Tarbes), Францыя. 7 траўня 2024 года.
Фота: Pool /Abaca Press / Forum

Старшыня КНР з 5 траўня наведвае еўрапейскія краіны – Францыю, Сербію і Вугоршчыну. Гэта першы ягоны візіт на тэрыторыю ЕЗ з 2019 года. Кітаіст Андрэй Дагаеў адзначыў у каментары «Белсату», што з таго часу адбылося дастаткова шмат падзей, якія негатыўна адбіліся на іміджы КНР сярод еўрапейцаў. Гэта і пандэмія каронавіруса, якая выйшла з Кітая, і задушэнне пратэстаў у Гон-Конгу, і эканамічныя спрэчкі з Захадам. З іншага боку Пекіну не падабаецца ўдзел еўрапейскіх краін у розных блоках, якія ён разглядае як накіраваныя супраць сябе, магчымае блакаванне TikTok і ўвозу кітайскіх электрамабіляў у Еўразвязе.

«То бок, значны набор тэмаў і пытанняў назапасіўся за апошнія гады, а вырашыць іх не было каму фактычна. На самым высокім узроўні не прымалі такія рашэнні. Кітай паказвае, што гатовы да перамоваў, што ён актыўны і што не закрываецца ў сабе, хаця ў рэальнасці можа быць такое», – заявіў Дагаеў.

Кітайскія саюзнікі ў Еўропе

Дагаеў падкрэсліў, што краіны для візіту абраныя не выпадкова. Францыя – адзін з найбуйнейшых эканамічных партнёраў Кітаю ў ЕЗ, з якім да таго ж склаліся традыцыі сяброўства. Добрыя стасункі таксама з Будапэштам і Бялградам. Пры гэтым Вугоршчына мае адрозную ад іншых краінаў Еўразвязу пазіцыю адносна шэрагу пытанняў, у тым ліку стасункаў з РФ. А візіт у Сербію, якая не ўваходзіць у ЕЗ, агулам супаў з гадавінай бамбаванняў NATO Бялграду ў 1999 годзе, калі пацярпела кітайская амбасада – «гэта для Кітаю гістарычная дастаткова хворая кропка».

У стасунках з Сербіяй і Вугоршчынай для КНР на першае месца выходзяць пытанні эканамічнай супрацы ў рамках кітайскай ініцыятывы «Пояс і шлях». Менавіта да гэтага заклікаў Сі Цзінь Пін у сваім артыкуле для сербскіх медыяў. Але не толькі эканоміка цікавіць Пекін у гэтых краінах. Патрэбнае яму і іх падтрыманне ў дачыненнях з Захадам. Гэтак, яшчэ напярэдадні візіту прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч падкрэсліў, што Бялград рашуча падтрымлівае пазіцыю Пекіну адносна яго «карэнных інтарэсаў і ключавых заклапочанасцяў», у тым ліку адносна Тайваню. А міністр эканомікі Вугоршчыны Мартан Надзь назваў «дурной ідэяй» прапановы абмежаваць увоз кітайскіх электрамабіляў у ЕЗ.

Як піша «The Guardian», у Сербіі Сі плануе гуляць на «антыамерыканскім і антынатаўскім» парадку дня. А Вугоршчына і так ужо заблакавала некаторыя прапановы ЕЗ, якія крытыкуюць Пекін за парушэнні правоў чалавека.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Старшыня КНР Сі Цзінь Пін у дзень сустрэчы з прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам у рамках двухдзённага дзяржаўнага ў Бялград, Сербія. 8 траўня 2024 года.
Фота: Zorana Jevtic / Reuters / Forum

Польскія «Fakty» адзначаюць, што сваім візітам прэзідэнт КНР імкнецца ў тым ліку ўбіць клін паміж краінамі ЕЗ, каб ускладніць разбіральніцтва Бруселю ў дачыненні да кітайскіх электрамабіляў, «таму невыпадкова візіт праходзіць як раз напярэдадні выбараў у Еўрапарламент». Да таго ж візіт адбываецца на тле шпіёнскага скандалу, калі ў Нямеччыне былі затрыманыя асобы, якія падазраюць у супрацы з кітайскай выведкай, у тым ліку памочнік еўрадэпутата ад партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны».

Паміж эканомікай і бяспекай

Тым не менш, галоўная ўвага сусветных медыяў была прыцягнутая да перамоваў у Францыі, прэзідэнт якой Эманюэль Макрон апошнім часам адзначыўся гучнымі заявамі адносна супрацьстаяння расейскай агрэсіі ва Украіне. Парыж лічыцца даволі блізкім партнёрам Пекіну ў ЕЗ, але паміж імі ёсць пэўныя гандлёвыя супярэчнасці. З аднаго боку КНР праводзіць антыдэмпінгавае расследаванне ў дачыненні да французскага каньяку, а з другога – менавіта пры падтрыманні Парыжу Еўракамісія пачала расследаванне адносна дэмпінгу кітайскіх электрамабіляў, сонечных батарэй і медычнага абсталявання.

Падчас перамоваў Сі заявіў, што гатовы падтрымліваць стратэгічныя кантакты з Францыяй, паважаць асноўныя інтарэсы адзін аднаго і ўмацоўваць стратэгічную стабільнасць двухбаковых стасункаў, выкарыстоўваць вялікі патэнцыял узаемавыгаднай супрацы і садзейнічаць росту і збалансаванасці двухбаковага гандлю. У прыватнасці, ён гатовы імпартаваць з Францыі больш харчовых прадуктаў, высокатэхналагічнай прадукцыі і тавараў з высокай дададзенай вартасцю, паглыбляць супрацу ў аэракасмічнай і авіяцыйнай сферах, умацоўваць узаемадзеянне ў ядравай і зялёнай энергетыцы, інавацыях, фінансах і інвестыцыях, біямедыцыне і пытаннях штучнага інтэлекту.

Аднак, паводле старшыні КНР, Кітай і Францыя павінны адстойваць незалежнасць і сумесна перадухіляць «новую халодную вайну» ці блокавую канфрантацыю. Абодва бакі павінны захоўваць прыхільнасць доўгатэрміноваму бачанню і ўзаемнай выгадзе, сказаў ён. Кіраўнік КНР заклікаў разам глядзець у будучыню і працаваць над стварэннем раўнапраўнага і ўпарадкаванага шматпалярнага свету, сумесна супрацьстаяць раз’яднанню эканомік, парушэнню ланцужкоў паставак або ўзвядзенню сцен і барʼераў. Ён заявіў, што мае намер працаваць з Францыяй і ўсёй міжнароднай супольнасцю над пошукам шляхоў «вырашэння ўкраінскага крызісу». Ды паабяцаў разам з Парыжам ініцыяваць перамірʼе ў час Алімпійскіх гульняў у Парыжы.

У сваю чаргу прэзідэнт Францыі ў якасці першага пытання, якое абмяркоўвалі бакі, назваў вайну ва Украіне. Для гэтага ён нават запрасіў старшыню Еўракамісіі Урзулю фон дэр Ляен. Як піша нямецкая «Süddeutsche Zeitung», каб «еўрапеізаваць» перамовы – паказаць еднасць Еўразвязу ў пытаннях, якія абмяркоўваліся. І гэта, паводле Макрона, «дазволілаі прасунуцца ў шэрагу пытанняў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Тыбецкія актывісты пратэстуюць напярэдадні візіту прэзідэнта Кітая Сі Цзінь Піна ў цэнтры Будапешта, Вугоршчына. 8 траўня 2024 года.
Фота: Bernadett Szabo / Reuters / Forum

«Перадусім, мы, відавочна, абмяркоўвалі агрэсіўную вайну Расеі супраць Украіны. Гэты канфлікт не абмяжоўваецца еўрапейскім кантынентам, ён мае структурныя наступствы для міжнароднага парадку, якім мы яго ведаем з часоў Другой сусветнай вайны. Мы падзяляем з Кітаем, пастаянным чальцом Рады бяспекі, тое ж жаданне захаваць рамкі Статута Арганізацыі Абʼяднаных Нацый, які ўстанаўлівае прынцып павагі тэрытарыяльнай цэласці і суверэнітэту дзяржаў. Кітайскія ўлады неаднаразова гэта пацвярджалі, і я хацеў бы падзякаваць вам за гэта», – заявіў французскі прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што Еўразвяз будзе падтрымліваць Украіну «столькі, колькі неабходна», бо ад гэтага наўпрост залежыць бяспека Еўропы. Макрон адзначыў, што ЕЗ не ваюе з Расеяй і расейскім народам і не імкнецца змяніць рэжым у Маскве. Да таго, што ён «паважае даўнія сувязі паміж Кітаем і Расеяй». Але менавіта Крэмль «жадае атакаваць украінскі дэмакратычны рэжым і працягвае пашыраць гэты канфлікт».

«Мы вітаем абавязкі кітайскіх уладаў устрымлівацца ад продажу любой зброі ці дапамогі Маскве і строга кантраляваць экспарт тавараў падвойнага прызначэння», – сказаў Макрон, заклікаўшы Сі падтрымліваць шчыльны дыялог у гэтым пытанні, у тым ліку адносна спробаў абыходу санкцыяў кампаніямі з КНР.

Ён таксама падзякаваў Сі за магчымасць каардынацыі падыходаў у пытанні вайны ва Украіне перад візітам у Пекін кіраўніка Расеі Уладзіміра Пуціна, які мае адбыцца неўзабаве.

Апроч таго, сярод пытанняў сусветнай бяспекі абмяркоўвалася вайна на Блізкім Усходзе, «неўтаймаваная ядравая ліхаманка» Ірану, рост напружанасці ва Усходняй Азіі і ядравыя выпрабаванні КНДР. Агулам па выніках перамоваў было падпісана з пятнаццаць камерцыйных пагадненняў і партнёрстваў.

Сыр, каньяк і Пірэнэі не дапамаглі?

Reuters звяртае ўвагу, як шмат высілкаў прыкладаў французскі прэзідэнт для таго, каб «зачараваць» свайго кітайскага калегу, якога нават звазіў у свае родныя мясціны ў Пірэнэях, дзе карміў сырам і баранінай, і якому падарыў каньяк году выпуску Пекінскай алімпіяды, як намёк на антыдэмпінгавае расследаванне ў Кітаі. «The New York Times» адзначае, што ананімныя французскія чыноўнікі сапраўды мяркуюць, што праз свае блізкія кантакты з СІ Макрон нібыта ўмее чытаць «патаемныя думкі» старшыні КНР. Але ці атрымалася нечага такім чынам дасягнуць – «гэта іншае пытанне».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і прэзідэнт Кітая Сі Цзінь Пін прынялі ўдзел у сумеснай заяве ў Елісейскім палацы ў Парыжы, Францыя. 6 траўня 2024 года.
Фота: Sarah Meyssonnier / Reuters / Forum

Выданне «Politico» піша, што макронаўскі каньяк – гэта адзінае, што спадабалася старшыні КНР. Ва ўсім астатнім Макрон атрымаў «глухаватага Сі, які або адмаўляў наяўнасць якіхсьці праблем, або прапаноўваў сціплыя саступкі, што патрабуюць вельмі невялікіх ахвяр з боку Кітая, або адкрыта скажаў удзел Кітая ў вайне Расеі з Украінай». Паводле выдання, менавіта Пекін, які «кажа адно, а робіць іншае», утрымаў расейскую эканоміку на плыву. Але на крытыку ў бок КНР Сі парыраваў адсылкамі да «новай халоднай вайны» – «жаргонам Камуністычнай партыі Кітая, які звычайна выкарыстоўваецца для крытыкі любых геапалітычных манеўраў Вашынгтона, якія не падабаюцца Пекіну».

Як адзначыў кітаіст Дагаеў, падчас гэтых перамоваў Еўразвяз імкнуўся хаця б на ўзроўні заяў дабіцца падтрымання сваіх мірных ініцыятыў па Украіне, бо «Кітай – гэта адзін з асноўных актараў, які можа паўплываць неяк на Расею».

«Калі Кітаю будзе цікавы мір, то ён зможа націснуць на Пуціна. Асабіста Сі Цзінь Пін. Умоўна, Уладзімір, пара спыніцца. Калі Пуцін з нейкіх прычынаў не захоча спыняцца, то Кітай можа заблакаваць перамяшчэнне грузаў, тавараў, мікраэлектронікі – усяго. І гэта будзе вельмі балюча для РФ», – лічыць вайсковы аналітык, былы працаўнік СБУ Іван Ступак.

Пры гэтым, на думку Дагаева, візіт Сі паказаў, што эканамічныя стасункі з ЕЗ для Кітаю «ўсё яшчэ ў прыярытэце, бо гэта вялізны абʼём гандлю – сотні мільярдаў долараў». Аднак, заявіў ён, пазіцыя Кітаю ў пытанні Украіне заключаецца ў прынцыпе «за ўсё добрае і супраць усяго дрэннага». Эксперт не чакае, што дзякуючы перамовам Сі з Макронам ці з іншымі еўрапейскімі чыноўнікамі будуць вырашаныя якіясьці пытанні.

Больш за тое, украінскі палітолаг Дмытро Левусь мяркуе, што для кітайскіх камуністаў «вайна ва Украіне – гэта вайна з Захадам». Таму максімум, на што можна спадзявацца, гэта абмежаванне дапамогі Расеі з боку КНР, «далей за гэта Кітай будзе гандлявацца».

На думку Дагаева, Пекін будзе імкнуцца ўтрымаць «далікатную раўнавагу» паміж стасункамі з Расеяй і Еўразвязам, каб «не страціць партнёраў з двух бакоў». Тым больш, што перадумоваў для перамоваў паміж Кіевам і Масквой пакуль нябачна.

«У выпадку перамоваў пра спыненне агню паміж Украінай і Расеяй перспектывы дамагчыся нейкага пазітыўнага выніку надзвычай малыя. Кітай гэта выразна разумее, таму яны не спрабуюць стаць удзельнікам мірных перамоваў, стаць нейкім мостам, выступіць медыятарам у канфлікце. Кітай захоўвае дыстанцыю», – адзначыў у эфіры «Вот Так» дацэнт кафедры міжнародных стасункаў Кіева-Магілянскай акадэміі, эксперт Украінскай асацыяцыі кітаязнаўцаў Дзмітрый Яфрэмаў.

Нямецкая «Süddeutsche Zeitung» падкрэслівае, што «ў Еўропе – і на Захадзе ў цэлым – пераважае меркаванне, што Сі і Пуцін не жадаюць нічога, акрамя паслаблення Захаду, бо іх абʼядноўвае імкненне да новага сусветнага парадку. І гэтае ўражанне, верагодна, не памылковае». «Süddeutsche Zeitung» нагадвае, што раней Макрон ужо спрабаваў (няўдала) угаварыць Пуціна, таму і цяпер раіць «не мець ілюзіяў» адносна поспеху перамоваў з Сі.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў