Знаёмімся з кандыдатамі ў Каардынацыйную раду: выбарчы спіс № 5 «Закон і правапарадак»


«Белсат» завяршае цыкл публікацыяў з нагоды выбараў у Каардынацыйную раду трэцяга склікання. Мы знаёмім выбарнікаў са спісамі і ўдзельнікамі выбараў, якія прэтэндуюць на месцы ў КР. Кожнаму з лідараў выбарчых спісаў мы даслалі аднолькавыя пытанні. Адказы публікуюцца згодна з чаргой, у якой яны былі атрыманыя нашымі карэспандэнтамі.

Слуханні справаздачы Аляксандра Азарава, чальца Аб’яднанага пераходнага кабінету, у Каардынацыйнай радзе. Варшава, Польшча. 5 жніўня 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Гэтым разам прадстаўляем спіс «Закон і правапарадак». Лідар спісу – кіраўнік арганізацыі «BYPOL», былы прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Аляксандр Азараў. Агулам у спісе 20 асобаў, пераважна былых супрацоўнікаў сілавых органаў, якія звольніліся на знак нязгоды з рэжымам: Аляксандр Ракіцкі, Станіслаў Лупаносаў, Сяргей Макар ды іншыя. У спіс увайшла і ўдзельніца Алімпійскіх гульняў Крысціна Ціманоўская. З поўным пералікам чальцоў спісу можна пазнаёміцца тут.

Нумар спісу «Закон і правапарадак» у выбарчым бюлетэні – 5.

Што нам адказалі прадстаўнікі спісу «Закон і правапарадак»

1. Назавіце тры галоўныя выклікі, якія стаяць перад Беларуссю сёння.

Уступленне рэжыму Лукашэнкі ў вайну на баку Расеі. Эканамічнае паглыбленне стасункаў з Кітаем, Расеяй, Іранам і Паўночнаю Карэяй. Рэпрэсіі рэжыму супраць грамадзянаў, якія прагаласавалі за дэмакратычных кандыдатаў.

2. Назавіце тры галоўныя праблемы, якія перашкаджаюць беларускім дэмакратычным сілам іх вырашаць.

Па-першае, створаная моцная дзяржаўная рэпрэсіўная сістэма рэжыму, якая дазваляе ў страху трымаць іншых супрацоўнікаў дзяржаўнага апарату і запалохваць сваякоў актывістаў, якія з’ехалі з краіны. Па-другое, разрозненасць цэнтраў дэмакратычных сілаў, барацьба паміж сабою. Па-трэцяе, адсутнасць рэальнай дапамогі ад заходніх партнёраў.

3. Кім для вашай палітычнай сілы ёсць Аляксандр Лукашэнка?

Лукашэнка – гэта вораг і злачынец.

4. Кім для вашай палітычнай сілы ёсць Святлана Ціханоўская?

Лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў, якая перамагла на выбарах прэзідэнта ў 2020 годзе.

5. Ці падтрымліваеце вы ўзмацненне санкцыяў у дачыненні рэжыму ў Беларусі за яго дзеянні ўнутры і за межамі Беларусі? Ці, наадварот, варта іх зменшыць у абмен на вызваленне палітвязняў?

Падтрымліваем узмацненне санкцыяў. Супраць гандлю палітвязнямі.

6. Ці падтрымліваеце вы сілавы сцэнар змены ўлады ў Беларусі?

Толькі беларусы ў краіне, згодна з дзейным міжнародным правам, маюць права выбраць той сцэнар змены ўлады, які будзе прымальны для іх. І мы яго падтрымаем.

7. Як вы ставіцеся да інтэграцыі Беларусі ў Еўрапейскі Звяз і ў NATO?

Станоўча, падтрымліваем.

8. Ці павінна Беларусь выйсці з інтэграцыйных аб’яднанняў з Расеяй? Якіх?

Так, Беларусь павінна выйсці з усіх ваенных і эканамічных пагадненняў з Расеяй, бо Расея ёсць ворагам беларускага народу і вядзе вайну супраць нашага саюзніка Украіны.

9. Колькі дзяржаўных моваў павінна быць у Беларусі? Якія?

Адна, беларуская.

10. Ці падтрымліваеце вы дэкамунізацыю ў Беларусі? Назваў, помнікаў і гэтак далей?

Так, цалкам падтрымліваем дэкамунізацыю.

11. Ці лічыце вы важным падтрыманне традыцыйных і хрысціянскіх каштоўнасцяў?

Так, гэта важна для станаўлення нацыі.

12. Ці падтрымліваеце вы пашырэнне гендарных квотаў, увядзенне квотаў для прадстаўнікоў нацыянальных ці сексуальных меншасцяў?

Не, бо яны дыскрымінуюць гэтыя самыя меншасці.

13. Якое стаўленне вашай палітычнай сілы адносна прадстаўнікоў і ініцыятываў ЛГБТК+?

Нейтральнае.

14. Ці лічыце вы неабходнаю прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў?

Абавязкова.

15. Ці варта ў Беларусі павялічваць або скарачаць дапамогу з бюджэту сем’ям, маламаёмасным групам?

Не варта.

16. Ці падтрымліваеце вы амністыю паводле наркатычнага артыкулу 328 КК, легалізацыю ці дэкрыміналізацыю ўжывання канабісу ў Беларусі?

Мы супраць наркотыкаў. Гэтае пытанне павінна развязвацца на рэферэндуме ці спецыяльнаю камісіяй.

17. Ці лічыце вы неабходнай люстрацыю ў Беларусі? У дачыненні якіх групаў?

Так, люстрацыя павінна быць праведзеная супраць супрацоўнікаў спецслужбаў, сілавых органаў і дзяржаўных службоўцаў.

18. Ці ёсць Беларусь саўдзельніцай у вайне Расеі супраць Украіны?

Так, Беларусь суўдзельнічае ў вайне. 24 лютага 2022 года з тэрыторыі Беларусі ўвайшлі расейскія войскі на тэрыторыю Украіны, з тэрыторыі Беларусі запускаліся ракеты, з аэрадромаў ляцелі самалёты, якія бамбілі Украіну, беларускія прадпрыемствы працуюць на расейскі ВПК.

19. Ці падтрымліваеце вы ўзмацненне кантактаў беларускіх і расейскіх дэмакратычных сілаў?

Мы ставімся да расейскіх дэмакратаў насцярожана і пакуль кантактаў з імі не падтрымліваем.

20. Якой павінна быць дзяржаўная сімволіка Беларусі: сцяг, герб, гімн?

Сцяг – бел-чырвона-белы, герб – Пагоня, гімну ёсць некалькі варыянтаў.

Абноўлена
Выбарчая камісія абвясціла спісы, якім дазволілі балатавацца ў Каардынацыйную раду
2024.04.25 13:12

Выбары ў Каардынацыйную раду пройдуць з 25 да 28 траўня. Першыя вынікі будуць абвешчаныя не пазней за 29 траўня. Падаць скаргі можна будзе да 8 чэрвеня. Канчатковыя вынікі выбараў у КР абвесцяць 8 чэрвеня, а першае паседжанне Каардынацыйнай рады ІІІ склікання мае адбыцца 15 чэрвеня.

Чытайце таксама адказы на пытанні іншых спісаў (спасылкі будуць дадавацца па меры публікацыі адказаў):

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў