У Нагорным Карабаху застаецца не больш як 40 армянаў. Усе астатнія ўжо ўцяклі ў Арменію


На тэрыторыі самаабвешчанай армянскай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі, кантроль над якой захапілі ўлады Азербайджану, амаль не засталося людзей. Пра гэта паведаміў у «X» былы дзяржміністр рэгіёну Артак Бегларан.

Сцяг непрызнанай Нагорна-Карабахскай рэспублікі.
Фота: politik.am

«Учора апошнія афіцыйныя асобы на чале з прэзідэнтам Шаграманьянам пакінулі Рэспубліку Арцах/Нагорны Карабах і накіраваліся ў Арменію. Паводле маіх крыніц, пад уладай Азербайджану засталіся больш як 15 ідэнтыфікаваных армянаў. Агульная колькасць не перавышае 40 чалавек», – заявіў ён.

Тым часам урад Арменіі ацэньвае колькасць вымушаных перасяленцаў з Нагорнага Карабаху ў 100 632 асобаў.

Азербайджанцы знішчылі крыж

У наваколлях сталіцы рэгіёну Сцепанакерту павалілі 50-метровы крыж, які з’яўляўся другім па велічыні ў Еўропе. Адбылося гэта, як заяўляецца, 29 верасня. На адмысловым відэа бачны гелікоптар, які пралятае на тле крыжа. Затым іншы ўрывак, дзе крыж ужо ляжыць на зямлі.

Крыж быў усталяваны ў 2017 годзе на адным з узгоркаў ля карабахскай вёскі Дашушэн у памяць пра армянскіх вайскоўцаў.

Аналітыка
Якія наступствы будзе мець для постсавецкай прасторы перамога Азербайджану ў Карабаху?
2023.09.21 21:04

19 верасня Азербайджан пачаў «антытэрарыстычную аперацыю» ў Нагорным Карабаху, на наступны дзень улады непрызнанай рэспублікі пагадзіліся раззброіць і расфармаваць сваё войска і зладзіць перамовы з Баку. Пасля гэтага жыхары рэгіёну пачалі масава эміграваць у Арменію.

Кіраўнік Нагорна-Карабахскай Рэспублікі Самвэл Шаграманьян 28 верасня пастанавіў зліквідаваць усе «дзяржаўныя ўстановы і арганізацыі». Рэспубліка спыніць сваё існаванне з 1 студзеня 2024 года.

Генеральны пракурор Азербайджану Кямран Аліеў паведаміў, што ўлады краіны абвясцілі ў міжнародны вышук 300 прадстаўнікоў НКР.

Меркаванні
Якім будзе Нагорны Карабах без армянаў?
2023.10.05 09:00

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў