Нагорна-Карабахская Рэспубліка спыніць сваё існаванне


Кіраўнік непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі Самвэл Шаграманьян пастанавіў зліквідаваць усе «дзяржаўныя ўстановы і арганізацыі». Рэспубліка спыніць сваё існаванне з 1 студзеня 2024 года, перадае news.am.

Сцяг непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі.
Фота: politik.am

Згодна з указам кіраўніка непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі Самвэла Шаграманьяна, да 1 студзеня 2024 года будуць зліквідаваныя «ўсе дзяржаўныя ўстановы і арганізацыі і Рэспубліка Арцах спыніць сваё існаванне». Жыхарам параілі азнаёміцца з умовамі рэінтэграцыі, прапанаванымі Азербайджанам, і самастойна вызначыцца, заставацца ў рэгіёне – або з’язджаць.

Гэты ўказ патлумачылі неабходнасцю «гарантаваць бяспеку і інтарэсы народу», а таксама з увагі на абяцанні Азербайджану не чыніць перашкодаў для выезду ахвочых праз лачынскі калідор, у тым ліку вайскоўцаў, якія склалі зброю.

19 верасня Азербайджан пачаў «антытэрарыстычную аперацыю» ў Нагорным Карабаху, на наступны дзень улады непрызнанай рэспублікі пагадзіліся раззброіць і расфармаваць сваё войска і зладзіць перамовы з Баку. Пасля гэтага жыхары рэгіёну пачалі масава эміграваць у Арменію. Свае дамы пакінулі ўжо 65 тысяч асобаў  – гэта больш чым палова насельніцтва непрызнанай рэспублікі.

Армянскія медыі пішуць, што людзі «ратуюцца ад этнічных чыстак».

27 верасня ў лачынскім калідоры азербайджанскія сілавікі затрымалі колішняга кіраўніка Нагорна-Карабахскай Рэспублікі, бізнесоўца Рубэна Варданьяна, калі ён спрабаваў выехаць у Арменію. Сёння Служба дзяржаўнай бяспекі Азербайджану паведаміла, што яго абвінавацілі ў фінансаванні тэрарызму і ўдзеле ў стварэнні і дзейнасці ўзброеных груповак. Варданьян арыштаваны.

Аналітыка
Якія наступствы будзе мець для постсавецкай прасторы перамога Азербайджану ў Карабаху?
2023.09.21 21:04

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў