Белстат: 331 тысяча беларусаў жывуць на менш як Br 364,4 за месяц


Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у Беларусі крыху знізіўся ўзровень малазабяспечанасці насельніцтва: у ІІ квартале 2023 года 3,9 % беларусаў мелі менш за бюджэт пражыткавага мінімуму, у І квартале – толькі 3,6 %. Гэта значыць, што больш за 300 тысячаў чалавек выжываюць на менш як 364 рублі 40 капеек.

Узровень малазабяспечанасці, паводле Белстату, у Беларусі паступова зніжаецца: у 2000 годзе менш за бюджэт пражыткавага мінімуму мелі 41,9 % жыхароў краіны, у 2008-м – 6,1 %, цягам 2010-х гэты паказнік вагаўся між 5 і 6 %.

У правінцыі сітуацыя горшая: 6,3 % сельскага насельніцтва і 2,9 % гарадскога мае менш за бюджэт пражыткавага мінімуму. У сталіцы – 1,1 %. Найбяднейшая паводле гэтага паказніку – Магілёўская вобласць, там 5,6 % жывуць на менш як 364,4 рубля.

Паводле Белстату, 39,9 % выдаткаў беларусаў прыпадае на харчаванне. Яшчэ 32,9 % – на нехарчовыя тавары, 24,6 % – на паслугі. Камунальныя паслугі складаюць 6,1 % выдаткаў беларусаў.

З 1 верасня ў Беларусі крыху выраслі заробкі бюджэтнікаў, а таксама пенсіі. Эканаміст Алег Мазоль звязвае гэта з набліжэннем выбараў і жаданнем уладаў, каб прыбыткі насельніцтва раслі хутчэй за курсы замежных валютаў.

Беларуская эканоміка «на паперы» выглядае нібыта няблага, валавы ўнутраны прадукт расце, але гэта можа справакаваць рост інфляцыі і дэвальвацыю. Пакуль жа інфляцыя запаволілася праз штучнае рэгуляванне цэнаў. Рэальныя даходы беларусаў, калі верыць Белстату, растуць паўсюль, акрамя Менску. Але разам з тым Беларусь працягвае страчваць працаўнікоў, колькасць вакансіяў б’е рэкорды, а беларусы набіраюць крэдыты.

Hавiны
Улады паабяцалі сярэдні заробак у 2 тысячы рублёў, шпаркі рост эканомікі і рэкордны дэфіцыт бюджэту
2023.08.29 14:36

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў