ВУП Беларусі расце, але коштам гэтага росту стане дэвальвацыя і інфляцыя


Па выніках паўгоддзя беларуская эканоміка прырасла на 2 % у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Рухаюць яе наперад прамысловасць, гандаль і будаўніцтва. Драйверы мінулых гадоў цяпер апынуліся ў мінусе. Спыталіся ў экспертаў, чаму так атрымалася і наколькі ўстойлівы гэты рост. 

Альфа Банк, обменник, банкомат, белорусские банки, деньги, сбережения, финансы
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Згодна з дадзенымі Белстата, найбольшы ўклад у рост ВУП у першым паўгоддзі ўнесла прамысловасць – 1,8 %. Аб’ём вытворчасці ў гэтай галіне павялічыўся на 6 % да 88,5 млрд рублёў.

На другім месцы па значнасці аказаўся гандаль – ён даў 0,5 % прыросту ВУП. Пры гэтым раздробны таваразварот павялічыўся на 4,6 % у параўнанні з першым паўгоддзем мінулага года і склаў 35,5 млрд рублёў, а аптовы – на 5,1 % да 2,6 млрд.рублёў.

Яшчэ 0,3 % росту ВУП забяспечыла будаўніцтва. Аб’ём падрадных работ па гэтаму віду дзейнасці  вырас на 12,1 %  і склаў 7,2 млрд рублёў. Будаўніча-мантажных работ (уключаючы работы па мантажы абсталявання) выканана на 1,9 % больш мінулагодняга.

Уплыў асноўных відаў эканамічнай дзейнасці на фармаванне тэмпу ВУП у I паўгоддзі 2023 года (у адсотках).
Фота: Белстат

Лідар мінулага года па ўкладу ў ВУП – сельская гаспадарка – у першым паўгоддзі гэтага года павялічыла аб’ёмы вытворчасці на 2,7 % да 10,4 млрд рублёў, і не прынесла эканоміцы ні мінуса, ні плюса. Дарэчы яшчэ ў студзені-лютым яна «цягнула» эканоміку, а па выніках першага квартала займала другое месца пасля прамысловасці, якая пачала аднаўляцца пасля шокавага зніжэння ў першай палове мінулага года.

Транспартную галіну ўніз пацягнуў грузаабарот, які абваліўся ў параўнанні з першым паўгоддзем мінулага года на 24,2 %. Тады як пасажыразварот за гэты час вырас на 12,6 %. Паслугамі пасажырскага транспарту скарысталіся 777 млн чалавек, або на 3,2 % больш, чым у першым паўгоддзі 2022 гада.

З драйвера эканомікі ў адсталую галіну, якая цягне эканоміку ўніз, канчаткова ператварылася інфармацыя і сувязь. Падрабязнасці яе стану Белстат хавае.

Hавiны
ЕАБР: Павелічэнне заробкаў у Беларусі паскарае рост цэнаў
2023.07.31 10:54

Нагадаем, што згодна з планамі ўраду ВУП сёлета павінен вырасці на 3,8 % да ўзроўню 2022 году. Дзеля гэтага чыноўнікі вырашылі істотна павялічыць інвестыцыі ў асноўны капітал праз павелічэнне росту будаўніцтва, унутранага попыту і росту экспарту. Як сведчаць вынікі першага паўгоддзя, пэўныя дасягненні ў гэтым накірунку ёсць. Эксперты Еўразійскага банку развіцця звяртаюць увагу на рост у 2-м квартале 2023 году раздробнага таваразвароту: яшчэ па выніках студзеня-траўня рост быў 2,9 %, тады як цяпер набліжаецца да 5 %.

Рост ВУП вынікае з той эканамічнай палітыкі, якую ладзіць дзяржава, тлумачыць старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна. Палітыка ўладаў краіны накіраваная на стымуляванне ўнутранага попыту і стымуляванне інвестыцыяў.

«Мы бачым, што ідзе актыўны рост заробкаў, прычым, у рэальным выражэнні. З іншага боку растуць інвестыцыі. Мы памятаем пра дамоўленасці, што ў кожным раёне неабходна рэалізаваць па аднаму інвестыцыйнаму праекту. У выніку мясцовыя ўлады намагаюцца выканаць гэтыя інвестыцыйныя паказнікі і бачым аптымізацыю эканамічнай дзейнасці. І трэба разумець, што актывізацыя гэтай дзейнасці адбываецца на фоне таго, што летась было скарачэнне. Таму бачым такія вынікі, якія ўражваюць», – кажа Настасся Лузгіна.

Эксперт удакладяне, што за першае паўгоддзе рэальныя заробкі выраслі больш чым на 7 %. Калі паглядзець на рост заробкаў менавіта на чэрвень бягучага году да чэрвеня мінулага году, то заўважны рост больш на 15 % у рэальным выражэнні.

«Ёсць галіны, у якіх рост заробкаў за згаданы перыяд перавышае нават 20 % у рэальны выражэнні. Гэта і транспарт, і перапрацоўка, і медычная сфера. Заробкі лекараў выраслі больш чым на 30 %. Існы рост вельмі вялікі, але і рызыкі такога росту ёсць. Эканамістка кажа, што разрыў паміж ростам заробкаў і прадукцыйнасцю працы павялічваецца з месяцу ў месяц і гэта можа прывесці да павышанага попыту, росту інфляцыі, дэвальвацыі, да пагаршэння сальда гандлёвага балансу», – кажа Настасся Лузгіна.

Каментар
Курс рубля зніжаўся два тыдні. Што адбываецца на валютным рынку?
2023.07.07 16:57

Эканамістка Аліса Рыжычэнка кажа, што насамрэч рост ВУП забяспечаны дзякуючы інвестыцыям, якімі па-сутнасці з’яўляюцца танныя крэдыты, субсідыі з боку дзяржавы і гэта больш не рынкавы механізм, але адміністрацыйны механізм у межах планавай эканомікі.

«Прамысловасць, якая ў агульным аб’ёме беларускай эканоміцы складае 25 %, паказала рост на 1,8 %, у гэты ж час ІТ-сфера, якая складае каля 6 % ад эканомікі, спрацавала з мінусам 1,2 %. Грузаперавозкі паказваюць мінус, а таваразварот плюс. Паказнікі падзення і росту гэтых галінаў перакрываюць адзін аднаго, таму казаць пра тое, што ў нас эканоміка пачала аднаўляцца не выпадае. Мала таго, галіны эканомікі, якія паказваюць рост, дасягнулі максімумаў і больш не могуць расці, а галіны, якія спрацавалі з мінусам, працягнуць скарачацца надалей. Разрыў будзе павялічвацца», – тлумачыць Аліса Рыжычэнка.

Суразмоўцы Белсату сыходзяцца ў меркаванні, што ў другой палове бягучага году ў выніку імкнення ўраду дасягнуць запланаваных паказнікаў росту ВУП, пачне расці інфляцыя. Настасся Лузгіна кажа, што рост коштаў будуць намагацца стрымліваць за кошт рэгуляванняў.

«Але дысбаланс, нават нягледзячы на рэгуляванне, будзе павялічвацца. Калі заробкі працягнуць расці такімі ж тэмпамі, то разбалансаванне можа выявіцца няхай і не ў 2023 годзе, але ў 2024. Мы такія перыяды ўжо праходзілі, напрыклад, у 2010 годзе», – нагадвае Настасся Лузгіна.

Эканамісты яшчэ ў мінулым месяцы звярнулі ўвагу, што ў Беларусі пачынаюць з’яўляцца прыкметы перагрэву эканомікі. Гэта значыць чыноўнікі празмерна стымулююць гаспадарку, каб разагнаць эканамічны рост.

Каментар
Эксперты кажуць, што эканоміка Беларусі пераграваецца. Што гэта значыць і да чаго рыхтавацца
2023.06.26 13:48

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў