Звышзадача – разагнаць ВУП, астатняе другасна: да чаго гэта можа прывесці


Калі ўлады не адмовяцца ад палітыкі стымулявання росту, беларускую эканоміку можа напаткаць выбух інфляцыі ды фінансавая дэстабілізацыя.

Што адбываецца з эканомікаю Беларусі?

Пра асноўныя тэндэнцыі і пагрозы ў беларускай эканоміцы апавёў эканаміст Дзмітрый Крук падчас прэзентацыі матэрыялаў Маніторынгу эканомікі Беларусі за другі квартал 2023 года.

Другое рудаўпраўленне «Беларуськалію».
Фота: kali.by

У беларускай эканоміцы назіраюць паскораны аднаўленчы рост вытворчасці, адзначыў Дзмітрый Крук. Гэта добра, але эксперт заклікаў звярнуць увагу на крыніцы гэтага росту, бо ў параўнанні з мінулым годам яны змянілася. Летась эканоміка расла за кошт вонкавага попыту – тады меў месца «вонкаваэканамічны цуд», і Беларусь дасягнула рэкорднага ўзроўню канкурэнтаздольнасці экспарту. Цяпер яна расце за кошт нутранога попыту.

Каментар
ВУП Беларусі расце, але коштам гэтага росту стане дэвальвацыя і інфляцыя
2023.07.31 15:46

Галоўныя прычыны эканамічнай актыўнасці і павышэння аб’ёмаў вытворчасці – рост заробкаў, ажыўленне крэдытавання і захаванне пакуль нізкай інфляцыі.

Разважаючы пра чыннікі павышэння заробкаў, эксперт назваў дэмаграфію і міграцыю:

«Наважуся выказаць здагадку, што цяпер сярод комплексу прычынаў, якія прыводзяць да сціскання рынку працы, на першае месца выходзіць міграцыя».

Працаўнікоў мала, і працадаўцы вымушаныя прапаноўваць ім больш высокія заробкі, каб зацікавіць у працоўных месцах, растлумачыў Дзмітрый Крук.

Што датычыць вонкавага попыту, то экспарт расце, але ўжо не так хутка:

«Калі ў канцы мінулага года і ў самым пачатку гэтага было досыць імклівае аднаўленне, то цяпер яно істотна прытармазілася, то бок пазітыўная дынаміка ёсць, але яна вычэрпваецца. З гэтага, я б зрабіў папярэднюю выснову, што этап прыстасавання да новага асяроддзя, спроба намацаць нейкую новую нармальнасць блізкі да завяршэння. І, імаверна, экспарт падыходзіць да столі ў новых умовах».

Затое паскорана расце імпарт:

«У той перыяд, які мы эканамічнаю супольнасцю назвалі вонкавагандлёвым цудам, мела месца істотнае разыходжанне паміж экспартам ды імпартам. Ён вельмі моцна прасядаў. За апошнія паўгода аднаўленне імпарту было вельмі імклівае, імпарт дагнаў экспарт з пункту гледжання фізічнага аб’ёму».

Ад чаго будзе залежаць развіццё падзеяў?

Зніжэнне аб’ёмаў экспарту і рост імпарту вядзе да істотнага пагаршэння стану гандлёвага балансу ды росту ціску на курс беларускага рубля. Далейшае павышэнне заробкаў можа адмоўна ўплываць на эфектыўнасць працы прадпрыемстваў. Дзмітрый Крук ацэньвае, што яны ўжо дасягнулі столі ва ўзроўні заробкаў:

«Тыя якасныя змены ў эканоміцы, якія мы фіксуем, з вельмі высокаю імавернасцю прывядуць да вяртання інфляцыйнага ціску ўжо бліжэйшымі месяцамі. Я думаю, што да канца лета – пачатку восені мы гэта адчуем».

Паводле суразмоўцы, «гэта выклікае запыт на перагляд прыярытэтаў эканамічнай палітыкі, што фармулююцца цяпер як рост – усё, астатняе альбо другасна, альбо нішто».

«Гэта значыць, разагнаць ВУП – гэта звышзадача, на ўсё астатняе заплюшчваюцца вочы альбо гаворыцца, маўляў, я падумаю пра гэта заўтра», – разважае Дзмітрый Крук.

Hавiны
«Страты супермаштабныя». Эканаміст ацаніў, колькі Беларусь губляе грошай ад рэпрэсіяў
2023.07.29 13:18

На далейшае развіццё падзеяў будуць уплываць чатыры галоўныя фактары: наколькі ўстойлівае аднаўленне экспарту, што стаіць за тэндэнцыяй паскоранага аднаўлення імпарту, наколькі ўстойлівая актуальная схема прыярытэтаў «рост ВУП – усё, рызыкі інфляцыі ды фінансавай дэстабілізацыі другасныя» ў эканамічнай палітыцы, у якой меры рэальны сектар гатовы і можа ахвяраваць сваім фінансавым становішчам, каб падтрымліваць рост заробкаў на фоне сціскання рынку працы і міграцыі.

Аднаўленне экспарту застаецца краевугольным каменем і заснаванае на нафтапрадуктах (адказу на пытанне, куды ў выніку ідуць нафтапрадукты з Беларусі – у Расею ці кудысьці яшчэ, у эксперта няма), калійных угнаеннях (яна пайшлі канчатковым маршрутам Кітай – Індыя, у меншай ступені – Бразілія, часткова чыгункаю і праз расейскія парты) і рост цэнавай канкурэнтаздольнасці з Расеяй. Шмат якія схемы могуць быць разбураныя праз новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі, альбо праз змену коштаў на калій у свеце.

Што адбываецца з імпартам, зразумець дастаткова складана, бо статыстычныя звесткі засакрэчаныя.

Калі ўлады не адмовяцца ад росту любым коштам, то беларускую эканоміку можа напаткаць фінансавая дэстабілізацыя ды інфляцыя, папярэдзіў эксперт.

Hавiны
ЕАБР: Павелічэнне заробкаў у Беларусі паскарае рост цэнаў
2023.07.31 10:54

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў