Гэта не «ў іх цэны растуць», а ў нас. Паглядзелі, што падаражэла, а што патаннела ў Беларусі


Міністр гандлю пахваліўся нізкай інфляцыяй у Беларусі дзякуючы штучнаму стрымліванню: маўляў, у Беларусі цяпер рост цэнаў самы павольны ў параўнанні з суседзямі. «Белсат» таксама зазірнуў у статыстыку – і айчынную, і замежную.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Міністр гандлю Аляксей Багданаў веў размову пра інфляцыю ў гадавым вымярэнні – гэта значыць, як змяніліся спажывецкія цэны за апошнія 12 месяцаў: у Беларусі цэны з ліпеня-2022 да ліпеня-2023, паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, выраслі на 2,7 %.

Вось як мяняліся цэны на некаторыя тавары паводле Белстату

Белстат дае дэталізаваныя табліцы пра цэны на пэўныя тавары ды паслугі са свайго кошыка толькі за каляндарны год – не за апошнія 12 месяцаў, пра якія казаў міністр. Рэч у тым, што год ад года «кошык Белстату» крыху мяняецца: сёлета сталі асобна лічыць цэны на зялёную гарбату і на падушкі, перасталі лічыць цэны на футравыя шапкі і беларускія цыгарэты без фільтру, а замест цэнаў на сокавыціскалкі сталі лічыць цэны на кавамашыны. Ды большая частка тавараў застаецца тою сама.

Уручную зводзім у адну табліцу цэны на адныя і тыя ж тавары з табліцаў Белстату індэксаў спажывецкіх цэнаў адносна папярэдніх месяцаў за 2022 і 2023 гады, глядзім змены «ліпень да ліпеня».

Агулам кошык Белстату падаражэў на 2,46 %, калі звесці табліцы за асобныя месяцы 2022 і 2023 гадоў. Чамусьці выходзіць нават крыху менш за паказнік інфляцыі, які публікаваў Белстат.

Найбольш за апошнія 12 месяцаў, паводле табліцаў Белстату, падаражалі белакачанная капуста (+ 98,04 %), грушы (+ 91,85 %), страхаванне легкавых аўтамабіляў (+ 47,79 %), паслугі пасажырскага паветранага транспарту (+ 41,77 %) і цытрусавыя (+ 41,22 %). З буйных катэгорыяў найбольш падаражалі тытунёвыя вырабы (+ 35,9 %), ветэрынарныя паслугі (+ 24,77 %) і пасажырскі транспарт (+ 23,92 %).

Найбольш патаннелі грэчка (- 29,24 %), раслінны алей без уліку аліўкавага (- 18,15 %), бульба (- 18,15 %), запалкі (- 17,79 %) і салодкі перац (- 15,83 %). З буйных катэгорыяў найбольш патаннелі побытавая хімія (- 8,43 %), тэлерадыётавары (- 8,16 %) і посуд (- 7,0 %).

Найбольш за год вагаліся цэны на агуркі і капусту, у той час як на гарадскі транспарт і паслугі сувязі, паводле Белстату, практычна не змяніліся.

Вось як мяняліся цэны на некаторыя групы тавараў:

У чым памыляецца міністр

Гэтак, Багданаў казаў, што ў Расеі аналагічны паказнік – 3,3 %, тады як «Росстат» сцвярджае, што гадавая інфляцыя ў ліпені-2023 склала нават больш – 4,3 %.

Міністр таксама заяўляў, што «ў Еўропе сярэдняя інфляцыя складае 8,5 %». Еўрастат на момант публікацыі палічыў інфляцыю для ўсяго Еўразвязу толькі за чэрвень-2023 (і яна склала 6,4 % да чэрвеня-2022), а ліпеньскія звесткі ёсць толькі для еўразоны – краінаў, якія выкарыстоўваюць еўра ў якасці валюты (і там 5,3 % да ліпеня-2022).

Еўропа складаецца, вядома, не толькі з краінаў Еўразвязу, і да Еўропы адносяць не толькі адназначна еўрапейскія «нееўразвязаўскія» Злучанае Каралеўства, Сербію ці Швейцарыю, а нават часам Азербайджан ці (сапраўды страшную ў сэнсе інфляцыі) Турэччыну – адназначнай «мяжы Еўропы» не існуе. З дадаткам і выняткам нейкіх краінаў інфляцыя «ў Еўропе» можа і скласці 8,5 % за апошнія 12 месяцаў, але крыніцу такой інфармацыі нам знайсці не ўдалося.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Віктар Драчоў / TASS / Forum

Акрамя таго, міністр заяўляў, што ў краінах Балтыі ў ліпені-2023 інфляцыя за 12 месяцаў склала 9–12 %, у той час як Еўрастат сцвярджае, што гэты паказнік у Літве – 7,1 %, у Латвіі – 6,5 %, у Эстоніі – 6,3 %. Да краінаў Балтыі зрэдку адносяць таксама Данію (няма звестак за ліпень, у чэрвені-2023 інфляцыя за 12 месяцаў склала 2,4 %), Нямеччыну (6,5 % у ліпені), Польшчу (няма звестак за ліпень, 11,0 % у чэрвені), Фінляндыю (4,2 % у ліпені) і Швецыю (няма звестак за ліпень, 6,3 % у чэрвені).

Як растуць цэны «ў іх» і «ў нас» – паводле Сусветнага банку

Статыстыку з розных краінаў у зручнай для аналізу форме збірае Сусветны банк (World Bank). Індэкс спажывецкіх цэнаў там лічаць іначай, чымся ў Белстаце: бяруць уласныя звесткі і лічбы Міжнароднага валютнага фонду. Лічбы выходзяць вельмі розныя: напрыклад, Белстат прызнае рост цэнаў на 108,7 % у 2011 годзе (калі беларуская эканоміка сапраўды перажыла моцны крызіс) і толькі на 21,8 % у наступным, 2012-м, тады як Сусветны банк бачыў у Беларусі рост цэнаў на 53,2 % у 2011-м і на 59,2 % у 2012-м. Але і Белстат, і Сусветны банк заяўляюць, што выкарыстоўваюць гэтак званую формулу Ляспайрэса.

Пагартаць статыстыку Сусветнага банку, змяніць набор краінаў і перыяды можна тут.

З 2010-га і за апошнія пяць гадоў (2018–2022) карціна ў Беларусі і суседніх краінах такая:

Беларусь у 2022 годзе тут выглядае някепска: горш хіба за Польшчу, але лепш за Літву, Латвію і Украіну (цэны ў Расеі перасталі лічыць пасля 2021-га). Ды ў папярэднія гады Беларусь «спаборнічала» з Украінаю за першае месца ў гэтым графіку – заўсёды абганяла Расею, Літву, Латвію і Польшчу.

Сусветны банк прапануе яшчэ адну цікавую для беларусаў статыстыку: цэны ў параўнанні з 2010 годам. Калі прыняць цэны-2010 за 100, то ў Беларусі і суседніх краінах карціна такая:

З гэтага графіку відаць, наколькі беларуская інфляцыя ў доўгай перспектыве абганяе інфляцыю ў суседзяў.

Папраўка на ўзровень жыцця

Дынаміка росту цэнаў не паказвае, вядома, колькі тавараў можа набыць жыхар той ці іншай краіны. Ацаніць гэта складана, бо розныя і патрэбы людзей, і кліматычныя ўмовы, і іншыя фактары агульнага кошту жыцця, як цэны на жытло, камунальныя паслугі, медыцыну і адукацыю.

«Белсат» (мы, а не статыстычны камітэт) рабіў такі эксперымент: узялі 50 відаў тавараў і паглядзелі цэны на гэты кошык у Беларусі, Украіне, Польшчы, Літве і Грузіі. Хоць гэтаю вясною беларускі кошык аказаўся самым танным, на сярэдні беларускі заробак можна было набыць толькі 7,3 такога кошыка, тады як на сярэдні літоўскі заробак – 12,1 літоўскага кошыка, на сярэдні польскі – 14,2 польскага кошыка.

Якасць жыцця агулам можна лічыць паводле зусім розных параметраў і надаваць ім розную вагу. Гэта добра ілюструе індэкс якасці жыцця сайту World Data: там можна надаць розную вагу асобным аспектам якасці жыцця.  Калі лічыць толькі цэны і даходы, а не браць пад увагу бяспекі, здароўя, стабільнасці і вяршэнства закону, дык можа аказацца, што Палестына – найлепшая ў свеце.

Аналітыка
Дзе прадукты таннейшыя? Параўналі беларускія «падмарожаныя» цэны з Украінай, Польшчай, Грузіяй і Літвой
2023.04.10 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў