Крэдытны хапун: за месяц беларусы набралі пазыкаў на Br 1,1 млрд


У студзені – ліпені сёлета банкі выдалі беларусам крэдытаў на 7 Br млрд. У асноўным грамадзяне бяруць грошы на спажывецкія патрэбы, паведамляецца ў статыстычным аглядзе Нацыянальнага банку, апублікаваным 30 жніўня.

Беларусбанк, белорусские банки, деньги, сбережения, финансы
Мужчына ўваходзіць у памяшканне «Беларусбанку». Менск, Беларусь. 23 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Калі ў студзені фізічныя асобы аформілі крэдытаў на Br 797 млн, то ў ліпені – болей як на Br 1 млрд. За сем месяцаў сёлета банкі пазычылі беларусам Br 7,039 млрд. У асноўным грамадзяне бяруць грошы на спажывецкія патрэбы (напрыклад, на смартфоны, лядоўні ды аўтамабілі), пры гэтым павялічваецца сума крэдытаў на нерухомасць.

Крэдыты таннеюць разам з падзеннем стаўкі рэфінансавання. Нацбанк з 23 студзеня паступова знізіў яе з 12 % да 9,5 %. Як раней тлумачыў «Белсату» старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук, рэгулятар мае радавацца росту крэдытавання, бо намагаецца падштурхнуць эканоміку ўліваннем гэтых грошай.

З пачатку года павольна павялічваецца доля доўгатэрміновых крэдытаў. У студзені былі аформленыя 73 % такіх пазыкаў, у ліпені – 75 %.

Крэдытная запазычанасць беларусаў сёлета вырасла на 9 % і складае цяпер Br 18,5 млрд. З іх Br 12,6 млрд (68 %) – крэдыты на нерухомасць.

Пры гэтым пратэрмінаваная запазычанасць з пачатку года зменшылася амаль на 8 %. У асноўным беларусы не вяртаюць своечасова грошай, што бралі на спажывецкія тавары.

Агульная запазычанасць фізічных асобаў бесперапынна расце з леташняга чэрвеня. Паводле эканаміста Крука, беларусы бяруць болей крэдытаў, бо растуць заробкі. Як паведамляў раней Белстат, у студзені – чэрвені сёлета рэальныя прыбыткі беларусаў выраслі год да года на 3,9 %.

Каментар
«Нічога анамальнага». Крэдытная запазычанасць беларусаў перавысіла Br 17,335 млрд
2023.05.01 16:05

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў