news
Агляд
Што мы слухалі ў 2023 годзе: эмігранты, палітвязні, блэк-мэтал, святло і надзея
У беларускай музыцы была не толькі цемра.
02.01.202412:00

2023-і быў спрыяльным для цяжкай і змрочнай музыкі, плённым на песні пра эміграцыю, але ў беларускай музыцы за год была не толькі цемра. Ніжэй – 23 трэкі, адзін дакументальны фільм і яшчэ шмат спасылак на беларускую музыку 2023 года.

Хто што слухаў

Паводле версіі часопісу «Time», чалавек 2023 года – амерыканская поп-спявачка Тэйлар Сўіфт. Згодныя вы ці не, што яна сёлета была важнейшая за палітыкаў ці навукоўцаў, але ейную музыку, несумнеўна, чулі. Маглі таксама чуць, што ў легендарных «The Beatles» выйшла самая апошняя песня, а маглі слухаць першы за 18 гадоў альбом «The Rolling Stones». Ці песня года ў вас, як у часопісу «Rolling Stone», наагул мексіканская? Ці найбольш вас хваляваў сексуальны скандал вакол лідара немцаў «Rammstein» (пацверджанняў закідам не знайшлося)?

А можа, у вашым плэеры цэлы год быў украінскі патрыятычны хіп-хоп ад «Skofka»? Ці вучылі польскую мову праз свежы польскі панк ад «Pidżama Porno»? Ці шкадавалі, што на «Еўрабачанні» не перамог харвацкі дыктатар? Ці танчылі пад фінаў «Poets of the Fall», якія зрабілі рок-мюзікл да відэагульні-жахлівіка «Alan Wake 2»?

Магчыма, вы з тых, праз каго песня з расейскага бандыцкага серыялу «Слова пацана» цяпер у топе беларускіх чартаў лічбавых пляцовак? Ці, наадварот, калі слухаеце расейскае, дык толькі апакаліптычны «DDT»?

Вядома, усе слухаюць розную музыку. А «Белсат» расказвае, што сёлета было варта паслухаць з беларускай, і ўлічвае рэкамендацыі музычных крытыкаў Аляксандра Чарнухі і Вячаслава Радзівонава. Вядома, гэта зусім не поўны пералік музыкі, што запісалі беларусы за год.

⚠️ Улічвайце: у некаторых песнях трапляюцца мацюкі!

Эмігранты, палітвязні, вайна

Мноства беларускіх музыкаў пакінула радзіму пасля здушэння пратэстаў 2020 года. Шмат хто ўцякаў спачатку ад рэпрэсіяў у Беларусі, пасля ад вайны ва Украіне. Хтосьці не паспеў ці не захацеў уцячы, у кагосьці за кратамі аказаліся сябры, і ў 2023 годзе шат хто на гэты конт рэфлексаваў. Калі вам цяжка такое слухаць, прагартайце да наступнага раздзелу – там пра гэта будзе хіба між радкоў.

Адна з найцікавейшых песень 2023 года – «Emigrant Song» менчука Сяргея Башлыкевіча, які выступае пад псеўданімам Leibonik. Ён расказвае пра сяброў-эмігрантаў і праблемы жыцця ў выгнанні ды прыходзіць да высновы, што гэта ўсё адно лепш, як на радзіме сядзець у няволі. Шмат хто пагадзіўся: напрыклад, відэа на гэтую песню назвалі кліпам года чытачы каналу «YouTube Беларусі», саму песню выбралі самотнікам года ў апытанні каналу «Клік».

І гэта не адзіны за гэты год трэк ад Башлыкевіча. Ён таксама выдаў кліп на больш аптымістычную песню «Слімак» і цэлы альбом «Там».

Гісторыі
«Не думаў, што можна забыць гэтыя ugly шпалеры». Пра музыку і эміграцыю з Башлыкевічам
2023.07.15 08:30

У адзін час з «Emigrant Song» рэпер Zeman выдаў свой эмігранцкі альбом «Вандроўны цырк майго грамадскага жыцця».

У ліку тых, хто рэфлексаваў на эміграцыю, у 2023 годзе быў і Лявон Вольскі. Ягоны альбом «Эмігранты» не ўсе ўспрынялі пазітыўна: ён пачынаецца з вясёленькіх песенек – мо не кожны даслухаў да сур’ёзных.

Таксама ў гэтым годзе Вольскі выдаў альбом «Лісты палітвязням» – і гэта не проста набор песень, а вялікі праект, у якім спявак разам з праваабаронцамі даследаваў, што адчуваюць зняволеныя ды іхныя блізкія.

Інтэрв’ю
Вялікая размова з Вольскім: беларуская траўма, «Эмігранты» і «Лісты палітвязням»
2023.10.19 11:15

Вольскі, магчыма, самы заслужаны і народны артыст з тых, каму беларуская дзяржава не дае званняў «заслужаны» і «народны». Затое спадара Лявона ў 2023 годзе ўганаравалі медалём Рады БНР.

Пра вяртанне на радзіму і палітычных вязняў у 2023 годзе спявалі таксама берасцейскія панкі «Дай дарогу!» – «заслужаныя экстрэмісты Беларусі». Сур’ёзна: у 2023 годзе іхны кліп на песню «Экстремист» афіцыйна прызналі «экстрэмісцкім»! У канцы года гурт выдаў таксама оду балаклаве (не той, што горад ва Украіне, а той, што на галовах сілавікоў).

Што адчуваюць зусім маладыя вымушаныя эмігранты, расказаў гурт «Atesta». Вакалістка сама апынулася ў эміграцыі ў 17 гадоў.

У 2023 годзе выйшлі на волю і з’ехалі за мяжу музыкі гурта «Irdorath». Яны правялі за кратамі больш за паўтара года за тое, што гралі на маршах пратэсту. Па вызваленні яны запісалі песню «Зорамі», у якой расказалі: «Як нас ламалі, як мы сівелі. Вы разумелі, але ўсё глядзелі-глядзелі-глядзелі…»

У няволі застаецца шмат артыстаў. Музыкам гурта «Tor Band» у 2023-м прысудзілі ад 7,5 да 9 гадоў зняволення. Музыкаў гурта «Litesound», якія выступалі на «Еўрабачанні», затрымалі разам з бацькамі. Затрымлівалі, але, на шчасце, адпусцілі Ларысу Грыбалёву. Трэк-ліст для караоке цяпер у Беларусі падбіраюць ідэолагі.

Гісторыі
Музыкі Юля і Пятро Марчанкі – пра турму, каханне і жангляванне мандарынамі ў камеры СІЗА-1
2023.09.29 08:00

Настрой значнай часткі беларускіх музыкаў апісвае назва першай беларускамоўнай песні гурта «Петля Пристрастия»«Жыццё як жах».

Музыкі «Пятлі» ў 2023-м аб’ядналіся з музыкамі «Port Mone» ў новы гурт «Polyn» і падвялі вынікі мінулых гадоў у альбоме «202022».

Хаця, вядома, у жаху не ўсе. А вось як гучыць рэгі ад чалавека, які адсядзеў 5 гадоў і вызваліўся 2 гады таму: «Botanic Project» выдалі ў 2023-м альбом «Музыка сфер» і кліп на леташнюю песню «Кино». Жанр рэгі знаны лёгкім і расслабленым гучаннем, але традыцыйна закранае і сур’ёзныя тэмы, блізкія беларусам.

Пра гэта ўсё толькі з яшчэ большым сарказмам працягнула спяваць Маргарыта Ляўчук – на шчасце, хваробу ўдалося перамагчы, хоць быў момант, калі дактары забаранялі ёй не толькі спяваць, а нават размаўляць. Ды вунь на Каляды Ляўчук спявала і сцёбнае, і опернае – сабрала шмат сяброў-спевакоў на музычны кватэрнік.

Трасянкамоўны гурт «Разбітае сэрца пацана» ў 2023 годзе апавёў аб пратэстах, пра дзве эміграцыі, вайну і няшчаснае каханне ў міні-альбоме «Разве тут».

А Андрусь Такінданг прысвяціў песню Міраславу Лазоўскаму – колішняму лідару «Белага легіёну», які загінуў на вайне ва Украіне.

Піт Паўлаў, лідар гурта «NRM.by», у 2023 годзе выправіўся граць для беларускіх ваяроў ва Украіне. Разам з ім паехаў «Белсат» – мы знялі пра гэта кароткі дакументальны фільм «Гітара і аўтаматы».

Без палітыкі (амаль)

Пра вайну, палітвязняў і эміграцыю, вядома, спявалі не ўсе. Гэтыя тэмы – хіба між радкоў у альбоме «Ни берега, ни дна», хоць і няцяжка здагадацца, праз што Palina такая трывожная ў сваім першым за тры гады альбоме.

Ці вось альбом «Ціхі акіян» індзі-поп-гурта «Nochy»: нібы зусім не пра палітыку, а, напрыклад, проста пра страхі і жаданне дыхаць свабодна.

Падобная сітуацыя і з менскімі пост-панкамі «Nürnberg»: можна здагадацца, што трывожыць музыкаў, якія, нягледзячы на надзвычайную папулярнасць за межамі Беларусі, працягваюць запісваць песні па-беларуску. У 2023 годзе ў іх выйшаў альбом «Агіда» і самотнік «Знаёмства», яшчэ адзін альбом анансавалі на люты-2024.

Зміцер Вайцюшкевіч дык амаль не спяваў (калі не лічыць «Каляднае танга» ў перадапошні дзень года), а толькі чытаў вершы Алеся Разанава пад музыку ў новым альбоме «Акно».

Цяжэй зразумець, што думае Макс Корж: ён 16 хвілінаў спрабаваў нешта сказаць, ды так і не сфармуляваў думкі (але на першым за два гады канцэрце ўсё ж заклікаў слухачоў крычаць «Не вайне»). Мянчук ЛСП застаецца ў Расеі і ў новым альбоме «Несчастные люди» толькі намякае, што яму там не падабаецца, і тое не ў кожнай песні. А бабруйчане «Би-2» у 2023 годзе з’ехалі з Расеі, асудзіўшы пуцінізм, і праспявалі: «Я двигаюсь дальше». Тым часам гурт «Дразды» застаўся ў Беларусі і падтрымаў улады, але ўсё роўна трапіў у няміласць прапагандыстаў…

А калі зусім без палітыкі?

Можна паслухаць, што Lear цяпер спявае пра разбітае сэрца ў песні «Маветон». Або можна паслухаць дэпрэсіўных маладых панкаў «стой!стреляют» і іхны дэбютны альбом «В этом что-то есть» .

Ці вось цікавая песня пра біпалярны разлад! Мастачка Анастасія Рыдлеўская ў эміграцыі пачала запісваць невясёлыя, але незвычайныя і цікавыя песні, на адну з якіх зрабіла стылёвы кліп. У 2023 годзе яна выдала аж два альбомы: яны могуць спадабацца тым, хто слухае, напрыклад, Б’ёрк ці «Нагуаль».

У гурта «Нагуаль», дарэчы, у 2023-м выйшаў альбом «Дух багны». Багна гэтая не беларуская, а тагасветная, фэнтэзійна-містычная славянска-індыйская.

А колішні лідар «Троіцы» Іван Кірчук выдаў ужо чыста беларускі, але таксама містычна-шаманскі альбом «Варажбіт».

Беларуска Ніка Юрчук з Бельску-Падляскага, што ў Польшчы, у 2023 годзе пачала варажыць модным хіп-хопам на роднай падляскай гаворцы – мове колішняга памежжа Кароны і Княства. Хоча папулярызаваць Падляшша і размовы «по-своёму».

«Naviband» у 2023 годзе запісаў і песню пра эміграцыю «Поезд», і старадаўнюю «Купалінку» ў сучасным апрацаванні. Прычым кліп на «Купалінку» стварылі з дапамогаю штучнага інтэлекту.

Сваю версію «Купалінкі» ў 2023 годзе запісаў таксама гурт «Šuma», які на канцэртах гіпнатызаваў мантраю «Дадому-дахаты».

Фолк-панкі «Dzieciuki» ў 2023 годзе выдалі міні-альбом «Зямля, агонь ды вада», у якім расказалі пра час росквіту Вялікага Княства Літоўскага і пра першы падзел Рэчы Паспалітай.

«Syndrom Samazvanca» – новы пост-панкавы праект колішняга лідара «TonqiXod» Уладзя Лінкевіча – у 2023 годзе дэбютаваў з альбомам «Востраў скаргаў», а потым таксама зазірнуў у беларускую гісторыю, толькі не такую далёкую: выдаў альбом «Радыё „Няміга“» з кавэрамі на беларускі рок 1990-х.

2023 год быў багаты на сапраўды цяжкую беларускую музыку. Напрыклад, фолк-мэталісты «Trollwald» нарэшце выдалі дэбютны безназоўны альбом, якога фанаты чакалі з 2015-га. Або вось «The Superbullz» выдалі першы за шэсць гадоў альбом «Ланцугі».

Блэк-мэталісты «Dymna Lotva» выдалі альбом «Зямля пад чорнымі крыламі: Кроў» і некалькі вельмі атмасферных кліпаў. Для не знаёмых з жанрам блэк-мэталу адказваем: так, гэта спявае дзяўчына, так, там ёсць словы, і гэта на беларускай мове.

Тыя, хто такі жанр любіць, высока ацанілі дэбютны альбом «The Tread of Darkness» гурта «Ciemra». Моцна дэбютавалі і блэк-мэталісты «My Great Guilt» з альбомам «Пачатак зацьмення».

Таксама атмасферным кліпам і новым альбомам «De Lumière» адзначыліся беларускія пост-мэталісты «Nebulae Come Sweet», больш знаёмыя замежнікам, чымся беларусам.

Аматарам яшчэ больш незвычайнай і эксперыментальнай цяжкай музыкі варта звярнуць увагу на альбом «Романтика не в моде» гомельцаў «Torf», нашчадкаў «TT-34».

Застаецца надзея

Сярод мноства змрочнай беларускай музыкі 2023 года трапляюцца і песні пра надзею на лепшае.

Вось, напрыклад, сумны, але небезвыходны альбом «Приём» Светы Бень і Галі Чыкіс.

Вось Ганна Шаркунова запісала светлую і аптымістычную песню на верш палітычнага вязня Максіма Знака.

Вось рэпер Vinsent абяцае, што цемра будзе «Не заўжды». Ён ужо ў другім выгнанні з Беларусі. Кажа, хоча падтрымаць тых, хто ў такой сітуацыі ўпершыню.

А вось «J:морс» запэўнівае: «Дзе мы, там і святло».

P.S.

Калі вам хочацца пачуць яшчэ музыкі, паслухайце навагодні кватэрнік «Белсату» або нашыя музычныя падборкі за мінулыя гады.

Агляд
Што мы слухалі ў 2022 годзе: ад «Стэфаніі» да «Rammstein»
2023.01.01 11:00
Hавiны
20+ беларускіх песень 2021 года. З кліпамі і плэйлістам
2022.01.09 11:29

Алесь Наваборскі belsat.eu