Дык пра што спяваюць «Дразды» і чым зацікавілі прапагандыстаў?


У эфіры СТВ запатрабавалі забараніць гурт «Дразды» і гэтым выклікалі цікавасць да калектыву. «Белсат» таксама зацікавіўся: і творчым шляхам музыкантаў, і ўплывам прапагандыстаў на айчынную культуру. 

Выступ гурта «Дразды».
Фота: Группа Дрозды / Facebook

Гурт «Дразды» прапанавалі забараніць у эфіры шоў «Так! Але» з вядоўцам Грыгорыем Азаронкам. Старшыня моладзевага парламенту пры Нацыянальным сходзе Мікіта Рачылоўскі, разважаючы, як палепшыць вобраз сельскага жыхара, нечакана раскрытыкаваў музыкаў:

«Вельмі важна без фальшывага папулізму, калі мы гаворым пра тое, што мы такія ўсе беларускія, мы тут усе любім, мы тут з вёскі, як гурт «Дразды». Мы не павінны быць такімі паказушнымі. Мы мусім быць сапраўднымі. Мы павінны паказваць усе плюсы і мінусы, а не казаць, маўляў, мы тут хлопцы з вёскі, мы прыехалі для вас, і гэтак далей… Гурт «Дразды» – гэта не наш прыклад. Іх наагул трэба забараніць».

Азаронак пагадзіўся з думкамі ідэолага. Іхныя развагі пракаментавала ў сваім тэлеграм-канале знаная актывістка «Белай Русі» Святлана Вараніца: «Вельмі смешна, калі два менчукі вучаць хлопца з вёскі, якім павінен быць вясковы».

Чым вядомы гурт «Дразды»?

Гісторыя гурта шчыльна звязаная з лёсам фронтмена «Драздоў» Віталём Карпанавым. Ён нарадзіўся ў 1982 годзе і вырас у вёсцы Сівіца Валожынскага раёну, адвучыўся ў Маладзечанскай музычнай вучэльні.

Саліст гурта «Дразды» Віталь Карпанаў.
Фота: vkarpanov / Instagram

З 2000-х Карпанаў рабіў кар’еру вядоўцы на дзяржаўным тэлебачанні, вёў забаўляльныя праграмы. Паралельна музыка і спявак прасоўваў гурт «Дразды». Але папулярнасць музыкі, якія арыентаваліся на расейскую папсу, доўга не маглі здабыць. Песні ствараліся амаль выключна па-расейску: «Кеды», «Это любовь», «Не танцую». Аднойчы Карпанаў нават выклаў відэа з расейскім артыстам Мікітам Джыгурдой.

Істотна змянілі кірунак дзейнасці ды імідж «Дразды» апошнімі гадамі, калі пачалі ствараць песні па-беларуску на тэмы малой радзімы і сям’і: «Хата бацькоў», «Беларуская мова», «Вясковы лавелас», «Еду я дадому», «Сланечнік». Кліпы на гэтыя песні сабралі дзясяткі і сотні тысяч праглядаў на YouTube, а гурт пачаў збіраць аншлагі ў беларускіх гарадах.

Палітычнай пазіцыі да апошняга часу Карпанаў стараўся не выказваць. З аднаго боку, «Дразды» з моманту стварэння бралі ўдзел у канцэртах, зарганізаваных уладамі. З другога – да 2020 года музыкі ішлі на кантакт з незалежнымі пляцоўкамі. Пазней прапагандыстка Вольга Бондарава абвінаваціла Віталя Карпанава ў тым, што той у 2020-м «выступаў з падтрыманнем дзяржпераваротчыкаў, пародыямі на Лукашэнку і да гэтага часу не раскаяўся публічна», піша «Зеркало».

Разбор
Пад абцасам: як гарадзенская інфаспецназаўка стала гаспадыняй цэлага рэгіёну
2023.02.26 08:00

«Дразды» і «Бацькава булка»

Нягледзячы на прабеларускую пазіцыю ў творчасці, якая злуе частку прапагандыстаў, Карпанаў і ягоны гурт з 2021 года сваймі заявамі і выказваннямі падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі.

Летась «Дразды» запісалі кліп «Бацькава булка» і бралі ўдзел на «Менск-Арэне» у канцэрце, прымеркаванаму да гэтак званага Дня народнага адзінства, дзе за выступам музыкаў назіраў Аляксандр Лукашэнка.

У ліпені гэта года ў сеціве выклалі запіс, на якім Карпанаў падчас аднаго з канцэртаў наўпрост падтрымаў Лукашэнку: «Дзякуючы кіраўніку нашай дзяржавы мы маем краіну, дзе кожны мае магчымасць шчасліва працаваць, зарабляць, выхоўваць дзяцей і ўнукаў».

Некаторыя ўдзельнікі гурта «Дразды».
Фота: Группа Дрозды / Facebook

Акрамя таго, апошнімі гадамі «Дразды» выступаюць гэдлайнерамі фестывалю «Вытокі», які арганізуе ў беларускіх гарадах Нацыянальны алімпійскі камітэт: Віктар Лукашэнка асабіста прысутнічае на ўсіх імпрэзах.

З улікам гэтага цяжка ўявіць, што гурт «Дразды», які стаўся пастаянным удзельнікам прапагандысцкіх шоу і вядомы Лукашэнку ды ягонаму старэйшаму сыну, забароняць – няхай частка прапагандыстаў і нагадвае пра «грахі» мінулага.

 «Іншых абʼектаў для наездаў побач проста няма»

Не ўспрымаць усур’ёз пагрозы прапагандыстаў і аналітык, каардынатар беларускай экспертнай сеткі «Наше мнение» Вадзім Мажэйка: 

«Усё ж такі заклік забараніць гэты гурт прагучаў мімаходзь і з вуснаў старшыні псеўдаструктуры, якая не мае моцнага ўплыву. Таму не ўпэўнены, што гэтыя словы будуць мець хоць нейкія наступствы. Можна таксама згадаць, што прапагандыстка Бондарава раней ужо наязджала на гурт «Дразды», і гэта не мела для музыкаў ніякіх наступстваў».

Эксперт мяркуе, што ва ўмовах, калі «такія творцы, як Вольскі і Міхалок з’ехалі», прапагандыстам не застаецца нічога іншага, як шукаць недахопы ў тых, хто застаўся: «Сама лінія агрэсіўных абвінавачванняў непазбежна вядзе да крытыкі тых, хто і так лаяльны. Часам іншых абʼектаў для наездаў побач проста няма».

Апошнім часам прапагандысты актыўна вінавацяць і адно аднаго. Напрыклад, Вольга Бондарава напісала скаргу ў пракуратуру на дэпутата Ігара Марзалюка, а актывістка «Белай Русі» Святлана Вараніца абурылася выказваннямі Грыгорыя Азаронка.

«Знешне, канечне, гэта выглядае ўнутранаю грызнёй, яны паводзяць сябе, як павукі ў банцы. Прычыны? Ідзе неабвешчаны конкурс: хто знойдзе больш крамолы, хто прадэманструе сваю ўплывовасць. Калі змог напісаць асэнсаваны данос, які прывёў да рэпрэсіяў, ну значыць, ты малайчына, ты паспяховы. Да гэтага, думаю, дадаюцца асабістыя крыўды. Умоўна кажучы, той жа Азаронак і працаўнікі Офісу Святланы Ціханоўскай асабіста не перасякаюцца, таму асабістай крыўдзе няма адкуль узяцца. А ў людзей, якія блізка да ўлады, хапае падставаў для канфліктаў паміж сабою», – разважае Мажэйка.

Выступ гурта «Дразды».
Фота: Группа Дрозды / Facebook

Тым не менш нельга не заўважаць наступстваў для беларускай культуры праз нападкі прапагандыстаў.

«Нонканфармісцкая культура як натуральная частка любых добрых культур – творца ўвогуле абавязаны крытычна мысліць – унутры Беларусі знікла. Тыя, хто вымушаны заставацца ў дзяржаўным культурніцкім полі, сёння не маюць магчымасцяў для вольных выказванняў, яны ўсяго баяцца і таму паводзяць сябе вельмі асцярожна. Таму канцэптуальна ўсё дрэннае для беларускай культуры ўжо здарылася. Разам з тым наезд на гурт «Дразды» глабальна беларускага мастацтва не знішчыць. Хаця нічога добрага такія атакі, канечне, не нясуць. Мне не падабаюцца заклікі да забароны канцэртаў любых музыкаў: што Вольскага, што «Драздоў», што ўмоўных сясцёр Груздзевых. Нікога не трэба забараняць, кожны мастак, які не парушае закону, павінен мець магчымасць выступаць, калі ў яго ёсць аўдыторыя», – зазначае Мажэйка.

Што датычыць наступстваў для самых прапагандыстаў, то эксперт адзначыў: «Гэтыя людзі ствараюць умовы, пры якіх іх таксама калісьці змогуць забараніць. Усе, хто цяпер дэманструе такім чынам сваю лаяльнасць і думае, што так яны сябе абароняць, вельмі памыляюцца, адзначае суразмоўца.

Меркаванні
Ці зможа рэжым імпартазамясціць культуру?
2023.08.13 09:00

Сямён Чугун belsat.eu

Стужка навінаў