Прапагандысты прапаноўваюць забараніць пралукашэнкаўскі музычны гурт «Дразды»


«Сёння, дзякуючы кіраўніку нашай дзяржавы, мы маем краіну, дзе кожны мае магчымасць шчасліва працаваць, зарабляць, выхоўваць дзяцей і ўнукаў. Так, як і ў кожнай сям’і, у нас бывае, што і маланка між братоў пранясецца. Але мы павінны прабачыць адзін аднаго!»

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гэта саліст беларускага музычнага гурта «Дразды» Віталь Карпанаў. На адным з канцэртаў ён выказвае сваё падтрыманне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. «Дразды» – адзін з самых папулярных гуртоў пад чырвона-зялёным сцягам. Выглядае на тое, што прапагандыстам такога патрыятызму – недастаткова. У адной з праграмаў Грыгорыя Азаронка гурт «Дразды» запатрабавалі забараніць.

«Гурт “Дразды”– гэта не наш прыклад. Іх увогуле трэба забараніць», – казаў Рычалоўскі.

«Вось абсалютна згодзен, правільна. Гэта ў тым ліку ўзніме прэстыж сельскага работніка. Бо калі яны незразумела сябе паводзяць з пункту гледжання ідэалогіі, пры гэтым кажуць, што з вёскі, то адразу ўзнікаюць пытанні», – падхпліваў Азаронак.

«Вельмі шмат пытанняў да іх».

У такі бок пайшла размова аб тым, як падняць прэстыж працы на сяле сярод моладзі. Самыя «Дразды» пра эфір на СТВ чулі, але чаму яны трапілі ў няміласць да прапагандыстаў, шчыра не ведаюць.

«Гэта пытанне да гэтых рабят, якія жадаюць падарваць, унесці разлад, я не ведаю, у грамадства. Пакрыўдзіць людзей. Пакрыўдзіць беларусаў, што нехта з вёскі. Гэта ж называецца міжнацыянальная розніца. Тое, што было ўчора на СТВ – гэта тое самае, за што трэба караць. І ўвогуле гэтаму павінныя даць ацэнку праваахоўныя органы», – кажа прадстаўнік гурта «Дразды».

Грыгорый Азаронак, вядучы СТВ.
Фота: stb.by

Сёння мусіў адбыцца канцэрт «Драздоў» у Касцюковічах, але яго перанеслі на 28-га верасня – Дзень вызвалення гораду ад нацыстаў. У мясцовым доме культуры запэўніваюць, што купіць білеты на падзею можна без праблемаў і ніякай небяспекі для простых людзей няма:

«Я нічога дрэннага ў гэтым не бачу, у іх выкананні. Людзі прыходзяць купляюць білеты. Нават такога пытання не было. Яны ж тут да нас прыязджалі, калі “Вытокі” былі. Выступалі».

«Дразды» маюць на месяц некалькі дзясяткаў канцэртаў. Найбліжэйшы адбудзецца 9 верасня ў аграгарадку Сінькі і будзе прысвечаны «Дажынкам». Паводле шоўмена Дзяніса Дудзінскага, які асабіста ведае Віталя Карпанава і ягоны музычны гурт, іх сённяшняя пазіцыя – далёкая ад шчырага азаронкаўскага захаплення рэжымам і асабіста Лукашэнкам:

«Гэта змушаная мера. Напэўна, нешта з серыі як з гуртом “Зверы”, якія былі супраць вайны ва Украіне. Але калі ім сказалі, што тады ў вас не будзе канцэртаў увогуле і не будзе ўвогуле гурта “Зверы”, – ну, тады яны паехалі на Данбас. Таму зараз Віталік Карпанаў будзе рабіць усё магчымае, каб застацца хоць неяк, хоць нейкім чынам на плаву і працягваць атрымліваць свае дывідэнды».

Гэтая гісторыя не адзіны прыклад раздраю ў шэрагах людзей, якія падтрымліваюць Лукашэнку. На мінулым тыдні намесніца гарадзенскай філіі партыі «Белая Русь» Святлана Вараніца раскрытыкавала Вольгу Бондараву і Грыгорыя Азаронка. Жанчына заявіла, што не можа прыняць той формы, у якую скочваюцца прарэжымныя прапагандысты.

«Я мяркую, што ў абсалютнай большасці адэкватных людзей, якія працуюць нават у сістэме дзяржаўнай улады, выклікае дзікую агіду, калі Азаронак бегае з кувалдай ад Прыгожына і кажа, што ён будзе ўсім чэрапа разбіваць. Ну, гэта ж хворы чалавек. Яго ў дурніцу трэба адправіць. Гэта значыць праверыць яго на адэкватнасць», – кажа палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Хаця Святлана Вараніца выступае супраць Бондаравай і Азаронка, гэта не замінае ёй выступаць цалкам на баку Расеі ў яе вайне супраць Украіны. Летась Вараніца хвалілася ў сваіх сацыяльных сетках брошкамі з выявамі літараў «Z» і «V».

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»