Валошкі назвалі варожым сімвалам


У прыхільнікаў рэжыму новы вораг – валошкі. «Якія былі сімвалы ў беларускіх нацыстаў пад Гітлерам? БЧБ і васілёк», – піша праўладная блогерка Вольга Бондарава ў сваім тэлеграм-канале.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Нацысты насілі штаны, уключаючы Гітлера. Па гэтай логіцы трэба адмовіцца ўсім штаны насіць. Гэта тое самае, што калі пры немцах абмяркоўваўся варыянт зрабіць валошку нейкім сімвалам, то гэта не падстава рабіць валошку, васілёк… лічыць, што ён варожы і звязаны з нацыстамі», – лічыць гісторык Аляксандр Пашкевіч.

«Спадарыня Бондарава робіць проста нейкі крок, каб папулярызаваць сябе як змагара, але змагара супраць беларушчыны», – мяркуе кіраўнік БХД у Варшаве Яўген Дудкін.

Але забараніць валошкі складаней, чым прыбраць помнік Ларысе Геніюш у Зэльве, да чаго таксама прыклала руку Вольга Бондарава. Сіняя кветка з характэрнымі пялёсткамі – сімвал «Славянскага базару» ў Віцебску і беларускай авіяцыйнай кампаніі.

«Для беларускай авіякампаніі сарцавіна графічнай валошкі азначае дом, то бок Беларусь, куды заўсёды хочацца вяртацца, а пялёсткі сіняй кветкі перадаюць адчуванне палёту і руху наперад», – гаворыцца ў інструкцыі аб выкарыстанні фірмавага стылю ААТ «Авіякампанія “Белавія”».

У 2012 годзе Беларусь выпусціла памятную манету з выяваю валошкі ў колькасці чатырох тысяч экзэмпляраў. Два гады таму дызайн святкавання 3-га ліпеня ў Менску грунтаваўся на выяве васілька, а тыдзень таму ў Свіслачы прайшоў фестываль «Бацькава булка», дзе ў афармленні таксама шырока выкарыстоўваліся сінія кветкі разам з рамонкамі ды жытнімі каласамі.

Напад жа на валошку можа прывесці да адваротнага эфекту – гэтак, адным з сімвалаў пратэсту ў 2020-м годзе стала арыштаваная карціна «Ева» Хаіма Суціна, нагадвае прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык:

«Я думаю, валошка як сімвал кветкі, што выжывае ў любых умовах, можа стаць з яшчэ большай моцай сімвалам новай Беларусі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Свята Купалле. Варшава, Польшча. 26 чэрвеня 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Забараняючы адныя сімвалы, іншыя рэжым спрабуе ўпіхнуць паўсюль. Гэтак, Менгарвыканкам прапаноўвае да наступнага навучальнага года стварыць новую школьную форму. На ёй маюць быць дзяржаўныя сімвалы, лічыць чыноўніца з камітэту адукацыі.

«Ужо з ранніх гадоў мы павінныя разумець сваю прыналежнасць да гэтай дзяржавы. І элементы нацыянальнай сімволікі, напэўна, павінныя быць», – кажа першая намесніца старшыні камітэту адукацыі Менгарвыканкаму Людміла Барысенка.

Лукашэнкаўскія гімн, герб і сцяг – сёння абавязковыя элементы афармлення школьнага дзённіка. Рэжым насаджае сімволіку, і гэта сведчыць пра тое, што яна непапулярная, кажа Аліна Коўшык:

«Гэта сведчыць, што ўлады не маюць іншых ідэяў, як распаўсюджваць сваю ідэалогію і выкарыстоўваюць звычайны сродак – прымус і гвалт».

Агрэсіўная прапаганда выклікае непрыняцце нават у праўладных актывістаў. Гэтак, сябра партыі «Белая Русь» і намесніца старшыні гарадзенскай абласной арганізацыі «Белая Русь» Святлана Вараніца абурылася, пабачыўшы, як выступае Грыгорый Азаронак на тэлебачанні, і назвала яго «ўтрапёным».

Ірына Дарафейчук, «Белсат»