Музыкаў гурта «Litesound», якія выступалі на «Еўрабачанні», затрымалі разам з бацькамі


У кастрычніку 2022-га сілавікі прыйшлі да музыкаў з гурта «Litesound», але цяпер стала вядома, што тады затрымалі ўсю сям’ю Каракіных: братоў-музыкаў Дзмітрыя і Уладзіміра, маці Вольгу і бацьку Юрыя. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «By_culture».

Сям’я Каракіных. Крыніца: by_culture/Telegram

Усю сям’ю падазраюць паводле артыкулу 342 КК («Арганізацыя ці рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). У Каракіных знайшлі сямейнае фота на праезнай частцы падчас аднаго з мірных нядзельных маршаў 2020 года.

У СІЗА ў Юрыя Каракіна здарыўся інсульт, цяпер ён удома, астатнія сямейнікі застаюцца ў СІЗА на Валадарскага. Чакаецца, што судзіць сямʼю пачнуць у канцы студзеня.

Пра затрыманне музыкаў стала вядома 13 кастрычніка 2022 года. Паводле праваабаронцаў, падчас затрымання сілавікі разграмілі кватэру Каракіных. У 2020 годзе гурт выступаў на мітынгу падтрымання Святланы Ціханоўскай, узгодненым з уладамі. У кастрычніку таго ж года іхны канцэрт у Менску адмянілі, спаслаўшыся на прызначаную ў зале «ўрадавую імпрэзу» замест выступу.

Рок-гурт «Litesound» створаны братамі Каракінымі ў Менску ў 2005 годзе. У 2012-м яны рэпрэзентавалі Беларусь на «Еўрабачанні». Гурт стварыў гімн для чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе і гімны некалькіх спартовых камандаў. Музыкі бралі ўдзел у конкурсе песень цырымоніяў адкрыцця і закрыцця Другіх Еўрапейскіх гульняў 2019 года, а таксама штогод выступалі на «Славянскім базары».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў