Музыкам гурта «Tor Band» прысудзілі ад 7,5 да 9 гадоў зняволення


Гомельскі абласны суд агучыў вырак палітзняволеным музыкам гурта «Tor Band»,  песні якіх сталі сімвалам пратэсту ў 2020 годзе.

Музыкі «Tor Band» падчас абвяшчэння рашэння суда. Крыніца: gp.by

Як паведамляе «Гомельская Вясна», Дзмітрыя Галавача засудзілі на 9 гадоў узмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 100 базавых велічыняў. Таксама ў даход дзяржавы ў мужчыны канфіскавалі ноўтбук і тэлефон.

Яўген Бурло атрымаў 8 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Таксама ў яго канфіскавалі мабільны тэлефон.

Андрэя Ярэмчыка асудзілі на 7,5 года ўзмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Ягоны мабільны тэлефон таксама пойдзе ў даход дзяржавы.

Вядома, што ў Яўгена Бурло за кратамі абвастрылася анкалагічнае захворванне, якое ён меў яшчэ да затрымання. Яўген моцна схуднеў і не можа перасоўвацца самастойна. Як паведамляе радыё «Свабода», Яўген Бурло быў на мыліцах падчас зачытвання прысуду, ён нават не мог падняцца.

«Яны ўсе плакалі падчас прысуду. Адна са сваячак у час агучвання прысуду страціла прытомнасць. Яўген Бурло быў на мыліцах, ён з цяжкасцю перасоўваецца. Ён нават не ўставаў падчас агалошвання прысуду – суддзя Сяргей Салоўскі яму дазволіў», – распавяла РС крыніца.

Музыкаў разам з жонкамі затрымалі 28 кастрычніка 2022 года ў Рагачове, нібыта за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы і перасыланне паведамленняў з іх, а потым некалькі разоў арыштоўвалі на 15 содняў. Праваабаронцы паведамлялі, што рагачоўскіх музыкаў судзілі асобна за кожную песню. Пад адміністратыўным арыштам яны заставаліся два месяцы. Пасля музыкаў перавялі ў гомельскае СІЗА ў межах крымінальнай справы. Іх абвінавацілі ў распальванні варожасці, стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім, дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь, у знявазе Лукашэнкі.

У лістападзе іхныя песні прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У прыватнасці, «экстрэмісцкімі» абвесцілі наступныя творы: «Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?»«Мацi»«Мы – не «народец»«Без вайны», «Беларус беларусу беларус», «Dead Мороз», «Мы станем сильней!», «Родная зямля».

У студзені 2023 года гурт «Tor Band» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».

Hавiны
У музыкі «Tor Band» Яўгена Бурло не пацвердзілася рэцыдыву анкалагічнай хваробы, але дыягназ цяжкі
2023.05.11 08:57

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў