Беларускі гурт «Tor Band» прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем»


Музычны гурт «Tor Band» з Рагачова прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». Такое рашэнне прыняў КДБ 16 студзеня, паведамляюць праваабаронцы.

Гурт «Tor Band». Скрыншот: TOR BAND/Youtube

Музыкаў разам з жонкамі затрымалі 28 кастрычніка ў Рагачове нібыта за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы і перасыланне паведамленняў з іх, а потым некалькі разоў арыштоўвалі на 15 содняў. Праваабаронцы пазней паведамлялі, што рагачоўскіх музыкаў судзілі асобна за кожную песню, на канец снежня яны так і не выйшлі на волю, правёўшы за кратамі два месяцы. У лістападзе іхныя песні прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

У прыватнасці, «экстрэмісцкімі» абвесцілі наступныя песні: «Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?», «Мацi», «Мы – не «народец», «Без вайны», «Беларус беларусу беларус», «Dead Мороз», «Мы станем сильней!», «Родная Зямля». Таксама «экстрэмісцкім» прызналі відэаролік у Instagram пад назваю «Всем здоровья, родные беларусы!!!».

Паводле праваабаронцаў, пасля затрымання музыкаў міліцыянты пачалі прыходзіць да тых, хто здымаўся ў кліпах, – гэта пераважна рагачоўцы.

«Tor Band» – вядомы беларускі гурт. Кліпы на песні «Мы не «народец», «Жыве», «Кто, если не ты?!» набралі разам каля 5 мільёнаў праглядаў на YouTube.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў