Суды, эміграцыя, званні і «Міратворац». Што стала з беларускімі ўдзельнікамі «Еўрабачання»


9 траўня ў брытанскім Лівэрпуле стартуе міжнародны музычны конкурс «Еўрабачанне». Беларусь у ім прадстаўленая не будзе, як і летась і пазалетась. Тым не менш, «Белсат» вырашыў паглядзець, як склаўся лёс тых, хто прэзентаваў нашую краіну на пляцоўках конкурсу раней. І як іх падзялілі гвалт у Беларусі і вайна ва Украіне.

Беларусь удзельнічала ў «Еўрабачанні» з 2004 года. З таго часу прадстаўнікі нашай краіны здолелі выступіць 16 разоў. Апошні раз – у перадковідным 2019 годзе. А ў 2021 годзе Еўрапейскі трансляцыйны звяз пазбавіў «Белтэлерадыёкампанію» чалецтва ў арганізацыі за рэпрэсіі супраць журналістаў і «пакаянныя відэа» ў эфіры БТ.

«Аляксандра і Канстанцін»

Дэбютантамі ад Беларусі на Еўрабачанні ў 2004 годзе з песняй «My Galileo» быў сямейны дуэт «Аляксандра і Канстанцін». У паўфінале яны занялі 19-е месца і далей не прайшлі. Апошні альбом яны выпусцілі ў 2013 годзе, а кліп – у 2018-м, а ў 2019-м адзначылі 20-гадовы юбілей у Палацы прафсаюзаў – на гэтым усе апошнія навіны пра гурт. Нават былы сайт гурта цяпер публікуе «артыкулы аб сексе, эксперыментах у ложку і платнай любові».

Анжаліка Агурбаш

Наступнай Беларусь на конкурсе прадстаўляла Анжаліка Агурбаш. У 2005 годзе з песняй «Love Me Tonight» яна заняла 13-е месца ў паўфінале і таксама не выйшла ў фінал. Неўзабаве Агурбаш пераехала ў Расею, дзе прыняла расейскае грамадзянства. З 2007 года ейная песня «Белая Русь» гучала на праўладных імпрэзах у Беларусі. Але ў жніўні 2020 года Агурбаш падтрымала пратэсты і нават выпусціла адмысловы кліп. Спявачка асудзіла гвалт сілавікоў, удзельнічала ў акцыях каля беларускай амбасады ў Маскве. У 2021 годзе супраць яе ў Беларусі пачалі крымінальныя справы за нібыта распальванне варожасці і знявагу Аляксандра Лукашэнкі. І нават абвесцілі ў вышук. Таксама «Белкаапсаюз» спрабаваў спагнаць з яе каля 86 тысяч долараў у межах «футравай справы». У 2022 годзе спявачка зазнала крытыку за ўдзел у канцэрце памяці Іосіфа Кабзона, які актыўна падтрымліваў «русский мир». Сама ж яна крытыкавала Святлану Ціханоўскую.

Паліна Смолава

Найгоршы вынік Беларусі на «Еўрабачанні» быў у 2006 годзе, калі на конкурсе з песняй «Mum» выступіла Паліна Смолава. Уладальніца гран-пры «Славянскага базару» і ўдзельніца чарговай перадвыбарнай кампаніі Лукашэнкі, яна заняла тады толькі 22-е месца з 23-х у паўфінале. Як і Агурбаш, Смолава з’ехала ў Расею, дзе двойчы зноў спрабавала трапіць на «Еўрабачанне». На палітычныя тэмы яна не выказваецца, у сацсетках з’яўляецца рэдка. Апошнюю песню на сваім YouTube-канале на ўласныя словы і музыку яна апублікавала ў 2020 годзе.

Дзмітрый Калдун

А вось у 2007 годзе найлепшы вынік сярод беларускіх выканаўцаў паказаў Дзмітрый Калдун. З песняй «Work Your Magic» ён заняў 6-е месца ў фінале. Музыка жыве ў Расеі, дзе актыўна ўдзельнічае ў разнастайных конкурсах і праграмах. У 2018 годзе ён засвяціўся з канцэртамі ў Луганску і Данецку, а 3 ліпеня 2020 года – на ўрачыстым канцэрце ў Менску ў прысутнасці Лукашэнкі. Але ўжо ў жніўні вывозіў сваю сям’ю з Менску, дзе разганялі паслявыбарчыя пратэсты:

«Я не ведаю, што трэба зрабіць, каб скончыць гвалт, гэта пытанне да палітыкаў, але найперш неабходна спыніць ламаць адно аднаму косткі, сесці і паразмаўляць. Тады, магчыма, удасца вырашыць гэты канфлікт мірна».

Калдун адначасова занесены ва ўкраінскую базу «Міратворац» і ў чорныя спісы музыкаў у Беларусі. Але працягвае выступаць у Расеі.

Руслан Аляхно

У 2008 годзе на «Еўрабачанне» ад Беларусі паехаў Руслан Аляхно з песняй «Hasta La Vista». Ён не прайшоў у фінал, заняўшы ў паўфінале 17-е месца. Спявак рэгулярна атрымлівае ўсялякія ўзнагароды, кшталту ордэну «За ўнёсак у развіццё культуры Расеі» або дыплому «За творчае ўвасабленне ідэяў сяброўства народаў Беларусі і Расеі». Таксама ён актыўна ўдзельнічае ў прапагандысцкіх акцыях, у тым ліку на акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны. За гэта ў 2019 годзе яго занеслі ў базу «Міратворац». У 2020 годзе Аляхно падтрымаў Лукашэнку, здымаўся ў кліпах і заяўляў, што апазіцыя прапаноўвае «дэмантаваць тое, што маем». Такая адданасць не прайшла незаўважанай: у 2020 годзе яму далі званне ганаровага грамадзяніна Бабруйску, а ў 2021-м – «Заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь». У 2023 годзе Аляхно атрымаў узнагароду «За вернасць беларускай эстрадзе». Падтрымаў ён і расейскую агрэсію супраць Украіны – вядома, не за проста так.

Пятро Ялфімаў

У 2009 годзе Беларусь на конкурсе прадстаўляў былы гулец КВЗ Пятро Ялфімаў. Песня «Eyes That Never Lie» прынесла яму 13-е месца ў паўфінале, хоць ён і спяваў «ах…на». Ялфімаў, як і большасць сваіх папярэднікаў, з’ехаў у Маскву, дзе паспрабаваў сілы ў розных тэлешоу. 15 траўня 2018 года ён узяў удзел у адкрыцці Крымскага мосту, за што на наступны дзень трапіў у базу «Міратворац». У 2019 годзе музыка выступаў на цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў у Менску, але нейкіх каментароў з ягонага боку адносна падзеяў 2020–2023 гадоў знайсці не атрымалася.

«3+2»

Гурт «3+2» у складзе Юліі Шышко, Егіязара Фарашана, Арцёма Міхаленкі і сясцёр Алёны і Нінэль Карповіч быў створаны адмыслова для ўдзелу ў «Еўрабачанні» 2010 года і неўзабаве пасля яго распаўся. На конкурсе 2010 года музыкі з песняй «Butterflies» выйшлі ў фінал, дзе занялі 22-е месца. Яны яшчэ працягвалі выступаць на афіцыйных канцэртах, але цяпер, як паведамляюць медыі, у музыцы застаўся толькі Фарашан. Іхных заяваў адносна сітуацыі ў краіне не заўважана.

Анастасія Віннікава

У 2011 годзе Беларусь на «Еўрабачанні» прадстаўляла Анастасія Віннікава, якая перад тым выконвала джазавыя кампазіцыі на навагоднім прыёме Лукашэнкі. Песня «I love Belarus» прынесла ёй 14-е месца ў паўфінале. Спявачка скончыла магістратуру, працавала над музычным альбомам і знялася ў камэа ў адным з расейскіх фільмаў. Жыла «паміж Дзяржынскам, Менскам і Масквой». У 2019 годзе яна ўдзельнічала ў датэрміновым галасаванні на парламенцкіх выбарах, каб «не марнаваць вольнага часу» і «не «адкладаць свайго голасу ў доўгую скрыню». Сацсетак Віннікава не вядзе з 2018 года і на палітычныя тэмы больш не выказваецца.

«Litesound»

У 2012-м на «Еўрабачанне» ад Беларусі паехаў гурт «Litesound» братоў Уладзіміра і Дзмітрыя Каракіных. З песняй «We Are the Heroes» яны занялі тады 16-е месца ў паўфінале. У 2013 годзе музыкі атрымалі прэмію «Eurostar Award», абагнаўшы пераможцу «Еўрабачання» Loreen. У 2014-м іхная песня стала гімнам хакейнага чэмпіянату свету ў Беларусі. Запісалі яны і саўндтрэк да шоу расейскіх братоў Запашных. Але ўжо ў 2019 годзе іхны выступ прыбралі з цырымоніі закрыцця II Еўрапейскіх гульняў. У 2011 годзе гурт трапіў у скандал праз тое, што цяпер ужо былы бас-гітарыст гурта зняважліва выказаўся пра беларускую мову. Музыкі падкрэслілі, што гэта выключна ягоная персанальная пазіцыя, а ўлетку 2020 года выпусцілі беларускамоўную версію песні, з якой яны выступілі на «Еўрабачанні», – «Мы героі», і песню на верш Якуба Коласа «Беларускаму люду». 30 ліпеня яны выступілі на мітынгу Святланы Ціханоўскай на плошчы Бангалор у Менску.

Як вынік, у кастрычніку 2020 года канцэрт музыкаў у Менску адмянілі. А яшчэ праз два гады братоў Каракіных разам з бацькамі затрымалі сілавікі, разграміўшы іхную кватэру. У зняволенні ў бацькі музыкаў здарыўся інсульт. У сакавіку 2023 года братам Каракіным і іхнай маці прызначылі 2,5 года «хатняй хіміі» кожнаму, а бацьку далі 3 гады.

Алёна Ланская

У 2013 годзе ад Беларусі на конкурс паехала Алёна Ланская (Алена Ляпёхіна) з песняй «Solayoh». Яна здолела выйсці ў фінал і заняць там 16-е месца. У спявачкі пры гэтым быў высокапастаўлены спонсар – кіраўнік холдынгу «Амкадор» Аляксандр Шакуцін, які з 2020 года застаецца пад санкцыямі Еўразвязу. Ланская неаднаразова выступала на праўладных канцэртах, а ў 2018 годзе нават запісала кліп у доме, дзе вырас Лукашэнка.

Падтрымлівала яна рэжым і пасля падзеяў 2020 года, заклікаючы людзей не выходзіць на вуліцы, абвінавачвала Ціханоўскую ў арганізацыі майдану і адзначала: «беларусам надакучыла быць беднымі, і яны захацелі стаць жабракамі». Брала спявачка ўдзел і аўтапрабегах за Лукашэнку. За гэта ў Ланской заблакавалі Instagram, але і далі афіцыйную падзяку ад Лукашэнкі.

TEO

На наступны год на «Еўрабачанні» выступіў TEO (Юрый Вашчук), які з песняй «Cheesecake» таксама заняў 16-е месца ў фінале. Музыка мае разнастайныя беларускія прэміі і нават медаль імя Францішка Скарыны. Сам ён працягвае працаваць на «Белтэлерадыёкампаніі» і выступаць з канцэртамі ў Беларусі. У сакавіку 2023 года ён са сваёй жонкай Вольгай Рыжыкавай нават перамог у намінацыі «Дуэт года» на афіцыйнай «Песні года». У самы пік пандэміі каронавіруса яны на праўладным канцэрце ганарыліся тым, што «ў нашай краіне медычную дапамогу бясплатна можа атрымаць абсалютна кожны чалавек».

Uzari і Maimuna

У 2015 годзе на конкурс паехалі Uzari (Юрый Наўроцкі) і Маймуна Дыко. Песня «Time» прынесла ім 12-е месца ў паўфінале. У 2016 годзе беларускамоўны сінгл Uzari быў прызнаны «Песняй года Беларусі», а на пачатку 2020 года ўжо сам музыка стаў найлепшым выканаўцам года. Спявак удзельнічаў у розных праектах ва Украіне і Расеі, а ў кастрычніку 2020 года падпісаў адкрыты ліст дзеячаў культуры супраць гвалту і за новыя выбары. І трапіў у чорны спіс ад уладаў.

Абое музыкі працягваюць музычную кар’еру.

IVAN

У 2016 годзе на «Еўрабачанні» быў гамяльчук Аляксандр Іваноў (IVAN), які ўжо некалькі гадоў жыў у Расеі. Ён заняў 12-е месца ў паўфінале. Ды паехаў далей працаваць у РФ. Яшчэ ў 2014 годзе ён удзельнічаў у конкурсе ў анексаваным Крыме, а ў траўні 2022 года выступаў перад параненымі расейскімі вайскоўцамі ў Луганску. 7 студзеня 2023 года Іваноў трапіў пад санкцыі Украіны.

«NaviBand»

Беларуская мова загучала на сцэне «Еўрабачання» толькі ў 2017 годзе. Дзякуючы Ксеніі Жук і Аляксандру Лук’яненку з гурта «NaviBand». Кампазіцыя «Гісторыя майго жыцця» дазволіла ім выйсці ў фінал і заняць там 17-е месца. Музыкі даволі доўгі час былі апалітычныя і нават выступалі на канцэрце да 100-годдзя КДБ. Але ўсё змянілася ўлетку 2020 года, калі яны запісалі першыя пратэставыя песні:

Яшчэ больш рэзкую кампазіцыю яны выпусцілі ў адказ на гвалт сілавікоў:

За гэта музыкі трапілі ў чорны спіс і неўзабаве былі вымушаныя з’ехаць у Польшчу. Выступілі яны і супраць расейскай агрэсіі супраць Украіны, запісаўшы ўкраінскамоўную версію сваёй песні «Бяжы» разам з украінскай спявачкай TAYANNA.

Alekseev

У 2018 годзе Беларусь на «Еўрабачанні» прадстаўляў украінскі выканаўца Alekseev (Мікіта Аляксееў), які заняў 16-е месца ў паўфінале. Супрацоўнічаў спявак і з расейскімі кампаніямі і выканаўцамі, а ягоны альбом «Моя звезда» і трэк «Как ты там» сталі двойчы платынавымі ў Расеі. Але ў з пачаткам расейскай агрэсіі музыка заняўся валанцёрскай дзейнасцю і трапіў у спіс украінскіх дзеячаў культуры, якім на 50 гадоў забаранілі ўезд у Расею. У траўні 2022 года ён прысвяціў украінскім маці песню «Мама»:

Зена

Апошняй ад Беларусі на «Еўрабачанне» паехала Зена (Зінаіда Купрыяновіч), якая з песняй «Like It» заняла 24-е месца ў фінале. Нягледзячы на 16-гадовы век, спявачка ўжо мела неблагую музычную кар’еру. Працягвае яна яе і цяпер, выступаючы сярод іншага на «Славянскім базары» або на «Песні года Беларусі»:

«VAL»

У 2020 годзе адбор выйграў гурт «VAL» (Валерыя Грыбусава і Уладзіслаў Пашкевіч). Яны меліся выступіць з беларускамоўнай песняй «Да відна». Але сам конкурс адмянілі праз пандэмію каронавіруса. На конкурс 2021 года музыкаў не пусціла ўжо «Белтэлерадыёкампанія», бо ў іх «няма сумлення». Цяпер музыкі гадуюць блізнятаў.

«Галасы ЗМеста»

БТ спрабавала паслаць замест «VAL» на конкурс гурт «Галасы ЗМеста» з песняй «Я научу тебя», але іх дыскваліфікавалі, бо кампазіцыя не адпавядала правілам конкурсу. Неўзабаве з Еўрапейскага трансляцыйнага звязу выключылі і саму «Белтэлерадыёкампанію». «Галасы» тым часам працягваюць сваю творчасць, дзе паўтараюць наратывы лукашэнкаўскай і пуцінскай прапаганды. Новыя песні кшталту «Бдеть» або «Весенние поливы» яны выкладаюць раз на некалькі дзён.

Не будзе Беларусь удзельнічаць у «Еўрабачанні» і сёлета. Дый агулам перспектывы яе ўдзелу вельмі цьмяныя, як, дарэчы, і не толькі яны.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў