Ларыса Грыбалёва: Я дома, усё добра


1 лістапада з’явіліся звесткі аб магчымым затрыманні Ларысы Грыбалёвай. Пазней на сваёй старонцы ў «Facebook» спявачка напісала, што яна знаходзіцца дома.

Здымак, які апублікавала Ларыса Грыбалёва на сваёй старонцы ў «Facebook» пасля магчымага затрымання.
Фота: Ларыса Грыбалёва / «Facebook»

«Дарагія мае, я дома, усё добра. Мы з Алёнкай шлём усім восеньскае прывітанне!» – напісала Ларыса.

Нагадаем, што праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што атрымаў непацверджаную інфармацыю аб затрыманні спявачкі Ларысы Грыбалёвай і аб ператрусе ў яе ўдома.

Праваабаронцы адзначалі, што дакладных звестак аб тым, што здарылася з Грыбалёвай, не маюць. Яны адзначалі, што Грыбалёва раней трапіла ў негалосны «чорны спіс» 80 выканаўцаў, якім забаронена выступаць у Беларусі, бо ў час выбараў-2020 падтрымала пратэсты.

Пазней Telegram-канал, звязаны з ГУБАЗіК, намякнуў, што Грыбалёву хочуць пасадзіць «на пару годзікаў».

Ларыса Грыбалёва стала вядомай пасля перамогі на спеўным конкурсе «Маладзечна-94», пасля якога была запрошаная ў Нацыянальны канцэртны аркестр і распачала тэлевізійную кар’еру, вяла забаўляльную тэлепраграму «Усё нармальна, мама!» (пазней вяла «Утреннюю почту», «В постели с Ларисой Грибалёвой, «Добрай раніцы, Беларусь» ды іншыя). Запісала два музычныя альбомы і некалькі кліпаў, здымалася ў некалькіх фільмах і серыялах, у тым ліку ў «Вышэй за неба» ў ролі самой сябе.

Грыбалёва была дэпутаткай мясцовага савету ў Бараўлянах, што пад Менскам, і змагалася з чыноўнікам, напрыклад, супраць высякання лесу дзеля пабудовы дарогі. У 2020 годзе Грыбалёва падтрымала заклік праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі да агульнанацыянальнага страйку. Прапагандысты сёлета намякалі, што ўлады могуць пакараць сродкі масавай інфармацыі за ўладкаванне Грыбалёвай на працу.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў