«Дзеткі дзьмухаўцоў». Гурт «Atesta» спеў пра адчуванні падлеткаў у эміграцыі


Беларускі рок-гурт «Atesta» выдаў кліп «Дзьмухаўцы» з аповедам пра адчуванні падлеткаў ад вымушанага ад’езду з радзімы. І гурт ведае, пра што пяе: вакалістка сама апынулася ў эміграцыі ў 17 гадоў. У эфіры «Белсату» яна расказала пра песню і свае адчуванні.

Як кажа гурт, «Дзьмухаўцы» – не проста рэфлексія, а асабістая гісторыя пра тое, як «раптам губляеш усё». У пашыранай версіі кліпу пра сябе расказваюць сапраўдныя падлеткі-эмігранты з Беларусі і Украіны, якія шукаюць сваё месца ў новым і чужым асяроддзі. У кліпе зняліся і знаёмыя вакалісткі, і «знаёмыя знаёмых».

Ульяна Паўловіч, вакалістка «Atesta», у эфіры «Белсату» расказала, што проста пісала пра тое, што адчувала – а адчувала пакуты ад эміграцыі. Кажа, «дзьмухаўцы»-беларусы з’ехалі, іх насенне разнесла па свеце, «дзеткі дзьмухаўцоў» шукаюць новую зямлю, дзе можна прырасці.

Спявачка апынулася ў эміграцыі «так жа, як усе». Адкрытага пераследу за ранейшую творчасць не было (а «Atesta» спявалі і да пратэстаў, і пасля іх здушэння), але маглі «падысці» ў школе – кажа, адчувалася, што ва ўладаў «падгарае». Ды цяпер усё адкрыта: цяпер на ёй крымінальны артыкул за «Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці».

Глебу на новым месцы Ульяна не знайшла: хутчэй, атрымалася паветра, у якім пускаюцца карані.

«Я не ўпэўнена адчуваю сябе тут, як „я буду тут жыць“, – кажа яна пра Польшчу. – Канешне, я мару вярнуцца ў Беларусь. Я спадзяюся, усе вось гэтыя дзеткі таксама мараць вярнуцца туды. Дзеткі… Падлеткі! Але ўсё ж такі трэба жыць неяк. Старацца. Пачынаць жыць, шукаць нейкіх сяброў, знаёмых, займацца творчасцю, проста шукаць працу, хату».

Са свайго досведу і з таго, што чула ад іншых, спявачка бачыць асноўнай праблемай падлеткаў-эмігрантаў адзіноту. Таксама праблема – неразуменне дарослымі, якія маюць свае клопаты, таго, што іхныя дзеці таксама маюць свае праблемы. Падлетак з сям’ёй ці самастойны студэнт – не важна, бо адзіноту можна адчуваць і ў людным клубе, і ў поўным блізкіх людзей доме.

Сябры-та могуць заставацца ў іншай краіне, кажа яна, і тэлефанаванняў раз на паўгода ці перапіскі два разы на тыдзень не хапае. Хлопец з Украіны, які зняўся ў кліпе, расказваў: да таго, як пакінуў радзіму, меў сяброўку, а як вярнуўся, тая нават не павіталася з ім. Калі хтосьці хадзіў па клубах і барах, Ульяна паўгода проста сядзела ўдома і не спрабавала знайсці новых сяброў, хоць вельмі хацелася. Выказацца ў песні дапамагло, кажа спявачка.

Уся размова з Ульянай Паўловіч у эфіры «Белсату» тут:

Інтэрв’ю
Вялікая размова з Вольскім: беларуская траўма, «Эмігранты» і «Лісты палітвязням»
2023.10.19 11:15

belsat.eu

Стужка навінаў