Новы год без Сярдзючкі. У караоке-рэстаранах Берасця музыку выбіраюць ідэолагі


Уся музычная праграма ў караоке-рэстаранах і публічных месцах Берасця і найбліжэйшых раёнаў праходзіць цэнзуру ў выканкаме. На дадатак да правярання МНС і міліцыі перад святамі ва ўстановах праходзяць ідэалагічныя правяранні, піша «BG.Media» са спасылкаю на мясцовыя крыніцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pexels.com

У 2023 годзе правілы для ўстановаў грамадскага харчавання зрабіліся больш жорсткімі. Калі ўстанова запрашае артыста, то ён павінен быць зарэгістраваны ў выканкаме. За музыкай, якую ўключаюць самі, таксама поўны кантроль – у адным з райцэнтраў аддзел ідэалогіі райвыканкаму папрасіў установу паказаць у друкаваным выглядзе ўвесь рэпертуар караоке (каля 10 тысяч песень).

«Цяпер мы не можам выкарыстоўваць украінскамоўных песень, кампазіцыяў у выкананні Валерыя Меладзэ, песень, напісаных Канстанцінам Меладзэ, групы “Звяры”… спіс досыць вялікі, бо забароненыя амаль усе, калі не сказаць што ўсе артысты з Украіны. А іх у расейскамоўнай музычнай індустрыі было шмат. Які ж Новы год без Сярдзючкі? Як жа не праспяваць “Без бою” ўкраінскага гурта “Океан Ельзи”?» – дзеліцца суразмоўца «BG.Media».

Забароненыя таксама песні гуртоў «#2Маши», «Бі-2», «ДДТ», «Мумий Тролль», «Порнофильмы», «Нервы», «Little Big», «Naviband», «Крамбамбуля», «Ляпіс Трубяцкой», «Лепрыконсы», «Litesound» і іншых.

«Калі раней актыўна спявалі Манаціка, Земфіру, Лабаду, то цяпер мы кажам, што песень гэтых артыстаў няма ў нашай базе. Што тычыцца топавага рэпертуару цяпер, то ў берасцейскіх рэстаранах спяваюць Лепса, Алеграву, “Батарэйку” гурта “Жукі”», – рэзюмуе крыніца.

Hавiны
У медыі трапіў чорны спіс музыкаў, выступы якіх у Расеі лічацца непажаданымі
2022.07.08 10:07

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў