«З СІЗА перадаў: хачу, каб беларусы пачулі мае песні». Пра палітвязня-музыку распавядае ягоны брат


Мянчук Алесь Папковіч раніцай 2 верасня 2022 года прыйшоў да сваіх бацькоў, прынёс ім прадукты. Праз некалькі хвілінаў у кватэру ўварваліся сілавікі, збілі хлопца на вачах у бацькоў і забралі на допыт. У той жа дзень быў брутальна затрыманы Алесеў брат Ян Папковіч. Абодва дагэтуль за кратамі. Алесь з дзяцінства займаўся музыкай, запісаў некалькі сваіх песняў на беларускай мове. Старэйшы брат затрыманых хлопцаў, Станіслаў, які цяпер жыве ў Польшчы, распавёў нам пра Алеся і даслаў у рэдакцыю некалькі ягоных твораў, якімі мы дзелімся з нашымі чытачамі.

Алесь Папковіч.
Фота: асабісты архіў Станіслава Стрэчына, брата Алеся Папковіча

«Калі сказаў, што збіраецца з’язджаць, яго збілі на вачах у бацькоў»

Трое братоў – Станіслаў, Ян і Алесь – улетку 2022 года пастанавілі з’язджаць з Беларусі ў Польшчу. Зрабілі візы, пакрысе залагоджвалі пытанні з працай. Станіслаў шукаў жытло, калі атрымалася знайсці, паехаў першы ў Польшчу, каб падрыхтаваць глебу для пераезду Яна з жонкай і Алеся.

Раніцай 2 верасня, літаральна за дзень да запланаванага прыезду братоў, Станіслаў атрымаў паведамленне ад Яна, што яго затрымліваюць. У кватэру ўварваўся спецназ. Падчас затрымання сілавікі стрэлам з аўтамата паранілі сабаку, які пачаў на іх брахаць. Яна разам з жонкаю завезлі ў вайсковую частку на Маякоўскага. Ян Папковіч працаваў інкасатарам у «Белгазпрамбанку». Навіна пра тое брутальнае затрыманне хутка абляцела медыі.

«Пасля паведамлення Яна я патэлефанаваў бацькам, даведаўся, што Алесь якраз у іх. І літаральна праз хвіліну пачуў у тэлефоне, што ўварваліся і да іх. Чуў, як ім загадвалі класціся тварам у зямлю, – прыгадвае Станіслаў. – У Алеся запыталіся, ці ён збіраецца з’язджаць з Беларусі, і калі ён адказаў «так», пачалі яго біць проста на вачах у бацькоў».

Алеся завезлі ў тую частку на Маякоўскага. Пасля абодва знайшліся ў СІЗА КДБ. Бацькі доўга шукалі сыноў, ва ўсіх РАУСах ім казалі, што такіх сярод затрыманых няма. Праз некалькі дзён у СІЗА КДБ прынялі перадачы для братоў – так стала зразумела, што яны там. Праз месяц абодвух перавялі ў СІЗА № 1 на Валадарскага. Ян дагэтуль там. Пачатак суда над ім прызначаны на 10 траўня. Яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») і арт. 361.3 («Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вербаванне ці рыхтаванне асобаў да такога ўдзелу»). Другое абвінавачанне з’явілася на падставе таго, што ў хлопца знайшлі ліставанне з сябрамі, якія ваююць у палку Каліноўскага. Пры гэтым ён не пісаў, што збіраецца да іх ці штосьці такое, проста пытаўся, як справы. Тым не менш, гэта палічылі доказам намеру ехаць ва Украіну, зазначае Станіслаў.

Браты Алесь, Станіслаў, Ян.
Фота: асабісты архіў Станіслава Стрэчына

«Далі максімум з таго, што маглі даць»

У Алеся падчас затрымання забралі тэлефон, тэхніку. У выніку знайшлі адзін фотаздымак з маршу 2020 года. За яго хлопцу далі 2 гады калоніі.

«Яму далі максімум з таго, што маглі даць. Адвакаты казалі нам, што за адзін эпізод паводле 342-га артыкулу даюць максімум «хімію», але Алеся адправілі ў калонію», – кажа наш суразмоўца.

У папраўчай калоніі № 3 у Віцьбе Алесь Папковіч апынуўся нават раней, чым прысуд увайшоў у сілу.

«Пасля агучвання выраку брат падаў апеляцыю. Рабілася гэта, каб ён даўжэй пабыў у СІЗА, бо адзін дзень там залічваецца за паўтары дні ў калоніі. Менавіта з такой мэтай цяпер і падаюць апеляцыі, ужо ніхто не разлічвае, што апеляцыйны суд зменшыць тэрмін, усе ўсё цудоўна разумеюць, але хаця б тэрмін зняволення хоць на некалькі дзён скараціць», – распавядае брат асуджанага.

Малюнкі, якія Алесь Папковіч даслаў з калоніі. Крыніца: асабісты архіў сям’і Папковічаў

Аднак, пакуль Алесь і ягоныя родныя чакалі разгляду апеляцыі, маці панесла яму перадачу і пачула, што на Валадарцы яго ўжо няма.

«Мы думалі, мо ў іншае СІЗА перавялі, але потым даведаліся, што ён ужо ў Віцьбе сядзіць у памяшканні камернага тыпу, – кажа Станіслаў. – Маці пайшла ў Дэпартамент выканання пакаранняў. Там здзівіліся, сказалі, што такога не можа быць, сталі туды тэлефанаваць. Аказалася, што ўсё так і ёсць. У калоніі нібыта паабяцалі, што перавядуць у віцебскі СІЗА, але не перавялі. Потым мама атрымала ліст, што ўсё было зроблена паводле закону».

«З дзяцінства захапляецца музыкай, граў з беларускімі гуртамі»

Алесь адседзеў два месяцы ў ПКТ, потым яго перавялі ў атрад. Хлопец ужо некалькі разоў тэлефанаваў дамоў.

На волю Алесь Папковіч мае выйсці ўлетку 2024 года. Пакуль жа наш суразмоўца імкнецца выканаць просьбу брата, якую той перадаў з СІЗА.

«Яшчэ калі Алесь чакаў прысуду і думаў, што дадуць нашмат больш, чым два гады, ён прасіў мяне ў лістах, каб я пры магчымасці неяк прасунуў ягоную творчасць – музыку і спевы. Ён напісаў: хачу, каб беларусы іх пачулі», – распавядае Станіслаў.

Алесь скончыў менскую музычную школу № 1 у класе скрыпкі. Таксама грае на гітары, фартэпіяна.

Алесь Папковіч.
Фота: асабісты архіў Станіслава Стрэчына, брата Алеся Папковіча

«Ён з дзяцінства захапляўся музыкай, – распавядае брат палітвязня. – Ведае шмат беларускіх выканаўцаў, граў з некаторымі з іх. Напрыклад, ён выступаў з кавер-бэндамі ў менскіх клубах, з гуртом «Рэ-Мажор» выступаў як скрыпач. Добра ведае «Разбітае сэрца пацана», Паліну Рэспубліку, Кацярыну Ваданосаву. У 2020 годзе, калі нас разам затрымалі паводле арт. 23.34 КааП і адвезлі ў Баранавічы, Алесь сядзеў у адной камеры з Памідоравым».

«Асабліва творчымі сталі апошнія два гады перад затрыманнем»

Алесю не ставала часу і сродкаў, каб прасоўваць уласную творчасць, зазначае Станіслаў. Шмат часу і высілкаў ішло на працу, аднак ён усё роўна шукаў магчымасць, каб зрабіць студыйныя запісы сваіх песняў. Асабліва творчымі для Алеся сталі апошнія два гады перад затрыманнем – ён напісаў некалькі тэкстаў для песняў, музыку для іх, зрабіў запісы. Спявае Алесь па-беларуску.

“Znoŭku zima”

“Ničoha nie adbyvajecca”

“Karma”

“Serca”

«Калі б у яго было больш магчымасцяў, ён бы ўвесь час прысвячаў творчасці. Калі б яна магла яго карміць. Але пакуль даводзілася сумяшчаць з іншай працай», – кажа старэйшы брат палітвязня.

Станіслаў зазначае, што Алесь таксама добра малюе, скончыў Менскі дзяржаўны каледж дызайну ды рамесніцтва імя Кедышкі, потым вывучаў дызайн тэлерэкламы ў Акадэміі мастацтваў. У калоніі Алесь не мае магчымасці займацца музыкай, аднак у вольны час малюе і дасылае свае малюнкі на волю ў лістах.

 

Гісторыі
«Бо з турмы я ўжо не вярнуся…» 72-гадовы актывіст з’ехаў з Беларусі і просіць аб дапамозе
2023.04.28 14:00

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў