Сілавікі: Беларускія падлеткі пабілі школьніка, бо наглядзеліся расейскага серыялу


У Менску знайшлі падлеткаў, якія здзекаваліся з шасцікласніка, а затым выклалі відэа ў свой чат. Пра гэта 5 снежня распавёў набліжаны да МУС Telegram-канал.

Менскія школьнікі здзекуюцца з шасцікласніка. Скрыншот з відэа: Instagram / pastukhova888

Пра відэа, на якім сямікласнікі здзекаваліся з шасцікласніка, паведаміла інстаграм-блогерка Наталля Пастухова-Вярцінская. На відэа дзеці, лаючыся матам, здзекуюцца з хлопчыка, падымаюць яго за ногі, садзяцца зверху, закідваюць снег у заплечнік.

Таксама блогерка выклала ў сторыз скрыншоты з чату вучняў на 120 чалавек, дзе яны абмяркоўваюць хлопчыка. Яны лаюцца матам, абзываюць хлопчыка і кажуць, што той «за цягу» (магчыма, вэйпу) пагадзіўся крануць языком жалезны слуп на марозе. Яго самога называюць «адбітым» і «абкурышам».

Паводле набліжанага да сілавікоў Telegram-каналу, інцыдэнт звязаны з вучнямі адной з менскіх гімназіяў.

«Падчас размовы з дзеткамі высветлілася, што ўплыў на падлеткаў аказаў прагляд аднаго з нашумелых серыялаў, які мае неадназначныя водгукі», – заявілі ў канале, верагодна, намякаючы на расейскі серыял «Слова пацана», які актыўна амбяркоўваецца апошнімі днямі.

Адказваюць за ўчынкі дзяцей цяпер будуць іхныя бацькі.

Паказ расейскага серыялу «Слова пацана» стартаваў 9 лістапада. Ён расказвае пра падлеткавую вулічную злачыннасць у Казані 1980-х гадоў. Серыял пачаў набіраць вялікую папулярнасць у расейскіх гледачоў, у выніку яго захацелі забараніць, бо ён «рамантызуе бандытызм». Таксама з гэтым серыялам звязваюць забойства школьніка ў расейскім Іркуцку.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў