Расейскаму апазіцыянеру Навальнаму выставілі яшчэ адно абвінавачванне – пагражае да 15 гадоў няволі


Два месяцы таму Навальнаму прысудзілі 9 гадоў калоніі строгага рэжыму – ён ужо быў зняволены ў калоніі агульнага рэжыму паводле іншай справы, дзе яму прысудзілі 3,5 года.

Расейскі апазіцыйны лідар Аляксей Навальны паведаміў праз паплечнікаў пра новае абвінавачванне супраць яго: за «стварэнне экстрэмісцкай групоўкі, каб распальваць нянавісць да чыноўнікаў і алігархаў». Паводле адпаведнага артыкулу, яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Гэта адбылася праз тыдзень пасля таго, як набыў моц прысуд Навальнаму за «асабліва буйное махлярства і непавагу да суду» – 9 гадоў калоніі строгага рэжыму і штраф 1,2 млн расейскіх рублёў. Навальны на той момант быў у калоніі паводле папярэдняга прысуду: 3,5 года зняволення ў справе «Іў Рашэ». Той прысуд спачатку быў умоўным, але яго замянілі на рэальны пасля няўдалай спробы атручвання Навальнага.

«А можа, Пуцін не ненавідзіць мяне, а таемна любіць? – іранізуе Навальны. – Таму хоча, каб я быў – проста як ён сам – схаваны ў падземным бункеры, пад аховай надзейных людзей».

Абноўлена
Расейскі апазіцыянер Навальны ў судзе: «Лукашэнка – духоўны бацька Пуціна»
2022.02.15 16:23

Як і чаму пераследуюць Навальнага

У Расеі Навальнага ўключылі ў спіс «асобаў, адносна якіх ёсць звесткі пра датычнасць да экстрэмісцкай справы або тэрарызму». Крымінальную справу аб «экстрэмісцкай супольнасці» пачалі супраць шэрагу ягоных паплечнікаў. Ягоныя «Фонд барацьбы з карупцыяй» і «Фонд абароны правоў грамадзянаў» назвалі «экстрэмісцкімі арганізацыямі». Большасць актыўных паплечнікаў Навальнага была вымушаная з’ехаць за мяжу.

Навальны балатаваўся ў мэры Масквы ў 2013 годзе (заняў другое месца) і збіраўся балатавацца ў прэзідэнты ў 2018 годзе (яму адмовілі ў рэгістрацыі праз яшчэ адну судзімасць, якую ЕСПЧ таксама прызнаў неправамернай і палітычна матываванай). Але найбольш ён вядомы расследаваннямі аб карупцыі ў Расеі: сярод іншага, ягоны фонд паказаў, як выглядаюць катэджы Уладзіміра Пуціна (які публічна не называе Навальнага на імя, а толькі ўжывае эўфемізмы) і былога прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Мядзведзева. Надзвычай папулярным было таксама расследаванне аб тым, хто і як атруціў Навальнага «Навічком».

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў