«Механізмы рэпрэсіяў за думкі». Што стаіць за праўкамі ў закон аб смяротным пакаранні за спробу тэрарызму


У Беларусі парламент ухваліў увядзенне смяротнага пакарання за замах на ўчыненне акту тэрарызму. Прыняцце рэпрэсіўнага закону тлумачыцца мэтамі «аказання стрымальнага эфекту на разбуральныя элементы, а таксама дэманструе рашучую барацьбу дзяржавы з тэрарыстычнаю дзейнасцю». Тэкст законапраекту апублікаваны 28 красавіка на Нацыянальным прававым партале. Цяпер дакумент мусяць ухваліць у Савеце Рэспублікі, потым яго мае падпісаць Аляксандр Лукашэнка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

Ва ўмовах, калі сітуацыя «не да законаў» існуе ў Беларусі ўжо два гады, а асобныя чаты і нават некаторыя медыі прызнаныя тэрарыстычнымі арганізацыямі, трактавацца папраўкі могуць вельмі шырока і як захочацца ўладам. Разбіраемся з экспертамі, чаму такі закон уводзіцца менавіта зараз.

Юрыст Арцём Праскаловіч: Сам факт магчымасці смяротнага пакарання за няздзейсненыя ўчынкі – прававы нонсэнс

Крымінальны кодэкс Беларусі апісвае больш як 350 злачынстваў. З іх смяротнае пакаранне прадугледжанае за 11 злачынстваў у мірны час і за 13 – у ваенны. Гэта найбольш цяжкія ўчынкі: злачынствы супраць міру, бяспекі чалавецтва і ваенныя злачынствы; асабліва злосныя забойствы, у тым ліку прадстаўніка праваахоўных органаў; тэрарыстычная дзейнасць.

Пачынаючы з 2000 года колькасць смяротных прысудаў складае ў сярэднім 2–4 на год (часам 0, ёсць гады, калі было 7 ці 9). Акрамя прысудаў за тэракт у менскім метро, усе астатнія звязаныя з масавымі або жорсткімі забойствамі. Наколькі адэкватныя папраўкі ў закон, калі збіраюцца караць смерцю не за факт злачынства, а за рыхтаванне да яго?

«У гэтым выпадку няма ні логікі, ні наследавання законам нарматворчасці. Што не дзіўна для краіны беззаконня, але ўсё яшчэ выклікае рэакцыю «А дзе дно?» – кажа ў каментары «Белсату» юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч.

Hавiны
За фота з сярэднім пальцам на фоне навагодняга выступу Лукашэнкі мужчыну прысудзілі 1,5 года «хіміі»
2022.04.28 14:04

Паводле яго, узмацненне адказнасці за тыя ці іншыя злачынствы павінна быць абгрунтаванае лічбамі і фактамі. Звычайна вывучаецца перыяд мінімум 3–5 гадоў. За гэты час становіцца зразумелым, ці існуе тэндэнцыя, як складваецца следчая і судовая практыка, які партрэт злачынцы, ці існуюць іншыя спосабы ўздзеяння (прафілактыка, змены іншага заканадаўства, умоваў жыцця) і г. д. І толькі потым уносяцца змены ў Крымінальны кодэкс. Бо заўсёды трэба змагацца з прычынаю, а не наступствам.

«І тут мы бачым наступную карціну. У Глабальным індэксе тэрарызму Беларусь разам з шэрагам іншых краінаў на апошнім месцы. З 2012 года ніводнага тэрарыстычнага інцыдэнту. Ніякая практыка відавочна на сённяшні дзень не выпрацаваная. Адзіная падстава для прыняцця такіх беспрэцэдэнтных зменаў Крымінальнага кодэксу – пратэсная і антываенная актыўнасць беларусаў», – адзначае эксперт.

Ён падкрэслівае, што сам факт магчымасці смяротнага пакарання за няздзейсненыя ўчынкі – прававы нонсэнс. Зыходзячы з неабходнасці захавання балансу ў Крымінальным кодэксе і абапіраючыся на паняцце цяжкасці злачынстваў і выкліканых імі грамадска небяспечных наступстваў, трэба ўводзіць такое ж пакаранне як мінімум за любое забойства, згвалтаванне або прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

«Упэўнены, што ў асобных людажэрскіх дыктатарскіх рэжымах можа існаваць нешта аналагічнае, але ніводная дэмакратычная краіна не дазволіць сабе існавання такіх неадэкватных нормаў у заканадаўстве», – кажа Арцём Праскаловіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў падчас судовых слуханняў у Менску. 15 верасня 2011 года.
Фота: PhotoXpress / Zuma Press / Forum

Паводле яго, пасля падзеяў 2020 года колькасць беларусаў, якія выключылі для сябе магчымасць мірнага пратэсту, значна ўзрасла. Да таго ж Беларусь ёсць краінай-агрэсарам і фактычна ўдзельнічае ў баявых дзеяннях, хаця беларускія вайскоўцы і не ўвайшлі на тэрыторыю Украіны. Адпаведна, ніхто ўжо не пойдзе словамі пераконваць расейскіх салдатаў у тым, што яны павінны пакінуць фактычна акупаваную тэрыторыю Беларусі. Антываенны рух у Беларусі з кожным днём набірае абароты, а яго эфектыўная дзейнасць – шлях да знішчэння рэжыму Лукашэнкі.

«Нечалавечыя тэрміны пазбаўлення волі, пашырэнне паняцця экстрэмізму, праца прапаганды, звальненні, вынішчэнне грамадзянскай супольнасці не даюць вынікаў. З іншага боку – праблемы ў эканоміцы і дзяржаўным кіраванні, якія будуць толькі павялічвацца, незадаволенасць нават з боку прыхільнікаў Лукашэнкі прымушаюць шукаць спосабы ўзяць сітуацыю пад кантроль. Таму рэжым працягвае заціскаць гайкі», – адзначае наш суразмоўца. Паводле яго, да тых учынкаў, якія былі здзейсненыя да ўвядзення гэткага закону ў дзеянне, ён не павінен прыменяцца. Гэта яшчэ адзін непахісны закон Крымінальнага кодэксу – адсутнасць зваротнай сілы нормаў, якія пагаршаюць становішча абвінавачванага або асуджанага. Таму ніхто з тых, кім займаецца рэжым на гэты момант, не можа быць асуджаны паводле новых артыкулаў.

«Больш за тое, я ўпэўнены, што не будзе вынесена ніводнага смяротнага прысуду паводле такога абвінавачання. Хоць самі справы будуць, і іх шырока будзе асвятляць прапаганда. Выключна для запужвання. І з надзеяй на тое, што беларусы спыняцца. Але тут рэжым сам сабе наступае на горла. Таму што гэта яшчэ адзін з юрыдычных законаў: калі нейкія пакаранні перастаюць быць індывідуалізаванымі, абгрунтаванымі і справядлівымі, а рамкі законных паводзінаў становяцца незразумелымі, то людзі перастаюць баяцца і бяздзейнічаць. Бо іхная бяздзейнасць больш не ёсць гарантыяй бяспекі, а значыць, не стрымлівае людзей ад актыўнага змагання з дыктатураю», – перакананы Арцём Праскаловіч.

Праваабаронца Андрэй Стрыжак: Лукашэнка і ягоныя памагатыя праходзяць чарговы этап расчалавечвання для грамадства

Увядзенне смяротнага пакарання для людзей, якія здзейснілі замах на тэрарыстычны акт, – гэта адказ на хвалю дыверсіяў на беларускай чыгунцы ў адказ на тое, што расейскія войскі дэ-факта акупавалі поўдзень Беларусі і пачалі выкарыстоўваць беларускія аэрадромы для нанясення ракетна-бомбавых удараў па Украіне. Такую думку ў каментары «Белсату» выказаў заснавальнік фонду «BySol», праваабаронца Андрэй Стрыжак.

«Рэжыму трэба было прыдумаць страшылку, якая спыніла б беларусаў у іхным жаданні запаволіць перамяшчэнне тэхнікі, зброі і войскаў РФ па беларускай тэрыторыі. Такія праўкі ў закон прымаюцца, каб найперш перадухіліць акты дыверсіяў. Час пакажа, як гэта будзе выглядаць на практыцы. Але зараз Лукашэнка і ягоныя памагатыя праходзяць чарговы этап расчалавечвання для грамадства», – кажа эксперт.

Ці магчыма, што беларускія ўлады на дадатак баяцца пратэсту «пустых рондаляў»? Эканамічная сітуацыя ў Беларусі пагаршаецца, адбываецца ціск і наступ на незалежныя прафзвязы. Так, напрыклад, 27 красавіка стала вядома, што тэлеграм-чат незалежнага прафзвязу «Горадня Азот» прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Таксама плануецца прызнаць такім і саму арганізацыю.

«Каб адбыўся марш «пустых рондаляў», рондалі павінны быць пустымі. У Беларусі адбываецца іх паступовае апусценне, але няма імклівага пагаршэння сацыяльна-эканамічнага стану людзей.

Сёння ў Беларусі назіраецца сітуацыя заціскання ўсяго, што толькі можна. Гэта каток, які ўкладвае асфальт, ён едзе павольна, але няспынна. Улады імкнуцца знішчыць усё, што ім не падпарадкоўваецца і не ўбудоўваецца ў свет, які Лукашэнка спрабуе пабудаваць і прадаць грамадству. Арыштаваныя амаль два дзясяткі чалавек з незалежнага прафсаюзу: гэта людзі, якія ўвесь час кантактавалі праз лінію Міжнароднай арганізацыі працы і дзяржаўных органаў. Яны працавалі на полі ўмоўнага дыялогу і былі такім мостам паміж міжнароднай супольнасцю і беларускай уладай. І тое, што нават гэтых людзей зараз саджаюць, паказвае, што ўладу не цікавіць ніякі дыялог. Яе цікавіць тое, каб прызнаць найбольш людзей і структураў экстрэмісцкімі, каб як мага больш актыўных людзей не хацелі штосьці рабіць», – адзначае Андрэй Стрыжак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: VINCENZO PINTO / AFP PHOTO / East News

Падштурхнуць жа людзей выйсці на масавыя акцыі пратэсту з эканамічных прычынаў, як гэта было, напрыклад, падчас маршаў недармаедаў у 2017 годзе, можа толькі параліч улады.

«Параліч улады можа наступіць, калі Пуцін пацярпіць ваенную паразу ва Украіне, у выніку чаго адбудуцца змены ўнутры Расеі і затым – Беларусі. Я праводжу тут некалькі гістарычных паралеляў. Напрыклад, Крымская вайна, дзе Расейская імперыя пацярпела паразу, якая паказала ўсю яе адсталасць пры ўсёй пысе і фанабэрлівасці. Гэтая параза прывяла да радыкальных зменаў унутры краіны. Таксама прыгадаем Расейска-японскую вайну, калі каласальная параза Расеі таксама прывяла да рэвалюцыйных зменаў. І, вядома, вайна ў Афганістане – калі брэжнеўскі Савецкі Саюз проста разваліўся пад цяжарам накопленых праблемаў і ваеннай паразы. Зараз можа адбыцца падобная гісторыя. Пры тым што Расея сёння – гэта дзяржава-фэйк, якая не ёсць тым магутным монстрам, які яна з сябе паказвае.

Паслабленне ўлады ў Расеі, а за ёй у Беларусі можа прыспешыць апусценне рондаляў і сацыяльна-эканамічны выбух у Беларусі, які проста змяце лукашэнкаўскую ўладу», – перакананы эксперт.

Палітолаг Павел Усаў: Нягледзячы на тэрор і прэвентыўныя захады запалохвання актыўнасць і радыкалізацыя грамадства не спыніліся

Палітолаг Павел Усаў вылучае некалькі прычынаў такой жорсткай змены заканадаўства, у першую чаргу ўнутраныя.

Першая прычына: крызіс у Беларусі так і не быў развязаны, унутраныя пагрозы застаюцца даволі значнымі і небяспечнымі для ўлады. У крытычныя моманты гэтыя пагрозы і незадаволенасць успыхваюць лакальна і эпізадычна, але ўсё ж яны існуюць. Улады імкнуцца цалкам задавіць патэнцыйныя праблемы, якія могуць узнікнуць у нейкі момант аслаблення кантролю і палітычнага ціску. Варта не забываць, што Беларусь чакаюць выбары – парламенцкія, прэзідэнцкія, выбары ва Усебеларускі народны сход. А напружанасць у грамадстве застаецца даволі вялікая.

«Жорсткія змены ў заканадаўстве робяцца для таго, каб ніякія выбары, масавыя палітычныя кампаніі не сталі трыгерамі для пратэстаў. Возьмем апошні квазірэферэндум, які мусіў прадэманстраваць гатоўнасць сістэмы праводзіць такія кампаніі. Але нават ён паказаў, што ўлады не здольныя кантраляваць грамадства. Былі засакрэчаныя спісы чальцоў камісіі, былі ўведзеныя абсалютна неадэкватныя захады кантролю за працэсам галасавання, не былі дапушчаныя назіральнікі на ўчасткі, то бок не былі выкарыстаныя ніякія элементы хаця б фасаднай дэмакратыі. Улады цалкам адмовіліся ад стварэння ілюзіі празрыстасці, свабоды, дэмакратычнасці гэтага рэферэндуму. Тое ж чакае нас і ў наступных кампаніях», – кажа Павел Усаў.

Другая прычына: даволі сур’ёзнай праблемай для ўлады стала вайна ва Украіне і яе наступствы. Найперш – актыўнасць рэвалюцыйных элементаў, так званых беларускіх партызанаў, якія згулялі вельмі важную ролю ў палітычным і ідэалагічным кантэксце.

«Іхны сабатаж на чыгунцы, злівы інфармацыі з боку чыгуначнікаў у сацсеткі паказалі, што нягледзячы на тэрор і прэвентыўныя меры стрымання і запалохвання актыўнасць і радыкалізацыя грамадства не спыніліся. Наадварот, вайна стварыла ўмовы для вельмі адданай і мужнай дзейнасці шэрагу беларусаў, і гэта стала для ўлады праблемай. На маю думку, гэта стала ключавым момантам для ўзмацнення рэпрэсіўнасці беларускага заканадаўства, каб павялічыць псіхалагічны ціск, пашырыць прастору тэрору. Змены ў заканадаўстве прадугледжваюць не сам тэрарыстычны акт, а рыхтаванне да тэрарыстычнага акту, то бок калі гэта будзе дыскусія ў сацсетках, на словах – гэта можа трактавацца як рыхтаванне тэрарыстычнага акту. Такім чынам уводзяцца механізмы рэпрэсіяў на ўзроўні думак і меркаванняў», – адзначае эксперт.

Трэці момант – актыўная дзейнасць беларускіх добраахвотнікаў у вайне на баку Украіны.

«Варта прыгадаць у гэтым кантэксце канкрэтныя, ясныя заявы ў бок беларускіх уладаў, што беларускія добраахвотнікі, калі паспрыяе знешнепалітычнае асяроддзе, могуць уключыцца ў непасрэдную барацьбу з Лукашэнкам. Каб запалохаць грамадства, стварыць інструменты ціску для тых, хто звязаны з добраахвотнікамі, уводзяць элементы прэвентыўных рэпрэсіяў. Агулам гэта павялічвае прастору псіхалагічнага і палітычнага тэрору ў краіне», – кажа Павел Усаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Karol Serewis / East News

Паводле яго, да апошняга моманту існавання рэжыму Лукашэнкі ўлады будуць працаваць на зачыстку, рэалізацыю таталітарных метадаў кантролю, расправу над актыўнай часткай грамадства. Галоўнай перадумовай зменаў у Беларусі стане параза Расеі ў вайне з Украінай, якая прывядзе да палітычных зменаў у самой Расеі.

Сёння ў спіс асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, улады залучылі Святлану Ціханоўскую, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушку, апазіцыйнага палітыка Вольгу Карач. Паўлу Латушку паводле распачатых крымінальных справаў ужо пагражае смяротнае пакаранне. 16 траўня ў Горадні пачнецца суд над прадпрымальнікам з Ваўкавыску Мікалаем Аўтуховічам, якога абвінавачваюць у тэрарызме. Апроч яго ў спісе «тэрарыстаў» на сайце КДБ Беларусі пазначаныя яшчэ 12 асобаў у гэтай справе. Сярод іх Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павел, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў.

«Зараз у Беларусі пануе неататалітарная сістэма. Уся палітычная прастора зачышчаная, вядзецца барацьба з іншадумствам на ўсіх узроўнях, галоўным інструментам рэалізацыі ўнутранай палітыкі ёсць тэрор. Пакуль ён не пераходзіць у фазу масавага знішчэння ворагаў народу, праціўнікаў сістэмы. Хаця гэтыя новыя законы аб барацьбе з «тэрарызмам» якраз даюць магчымасць прымяняць смяротнае пакаранне да палітычных апанентаў, абвяшчаючы іх тэрарыстамі, як рабілі ў савецкія часы з «агентамі Захаду» і «контррэвалюцыйнымі элементамі».

Рэжым можа зараз зрабіць паказальны працэс-расправу. Напрыклад, у справе Аўтуховіча. Але калі Мікалаю Аўтуховічу будзе вынесены смяротны прысуд, гэта стане завяршэннем фармавання таталітарнай мадэлі, калі права будзе выкарыстоўвацца для знішчэння палітычных апанентаў. Гэта будзе такі палітычны, псіхалагічны, прававы рубікон, які развяжа рукі сістэмы», – падсумаваў эксперт.

Інтэрв’ю
«Думаюць, што забіваючы, вызваляюць ДНР і ЛНР». Саша Філіпенка – пра сваю новую кнігу і пра тое, як яна тлумачыць сённяшнія падзеі
2022.04.12 14:56

СП belsat.eu

Стужка навінаў