Беларусаў, асуджаных за экстрэмізм, усур’ёз хочуць пазбаўляць грамадзянства, нават калі яно было нададзена паводле права нараджэння. Таксама збіраюцца канфіскоўваць маёмасць такіх людзей. Пра гэта ў інтэрв’ю парталу mlyn.by распавёў начальнік ГУБАЗіКу Андрэй Паршын.
Адзін з галоўных кірункаў, які цяпер адпрацоўвае ГУБАЗіК, – антырэвалюцыйная дзейнасць, піша mlyn.by. Цяпер разам з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі працуюць над заканадаўчымі ініцыятывамі, якія дазволяць пазбаўляць беларускага грамадзянства асобаў, якія былі прызнаныя вінаватымі ў здзяйсненні злачынстваў экстрэмісцкага кірунку, незалежна ад шляху атрымання грамадзянства.
«Таксама лічым неабходным усталяваць безумоўную адміністратыўную адказнасць за падпіску на інтэрнэт-рэсурсы, чые матэрыялы прызнаныя экстрэмісцкімі, і прымяніць да асобаў, якія здзейснілі злачынствы экстрэмісцкага кірунку, у якасці дадатковага пакарання агульную канфіскацыю іхнай маёмасці», – заяўляе Андрэй Паршын.
Паводле Паршына, сярод тых «экстрэмістаў», якіх затрымлівае ГУБАЗіК, ёсць два тыпы. Першы тып – тыя, «хто ў жыцці добра ўладкаваўся, у іх усё ёсць. Пра такіх кажуць: з жыру бесіцца, не ведае, куды падзець сябе і свае грошы».
«Да другога тыпу адносяцца поўныя адмарозкі і маргіналы, якія думаюць, што шляхам перавароту і мецяжу змогуць палепшыць свой матэрыяльны стан ці падняцца на сацыяльным ліфце, стаўшы так званымі героямі рэвалюцыі, – кажа Паршын. – <…> Усё пачынаецца з каментароў, а потым які-небудзь айцішнік бярэ ў рукі стрэльбу і забівае супрацоўніка, цынічна здымаючы ўсё на камеру».
Таму, паводле Паршына, міліцыя будзе шукаць і прыцягваць да адказнасці ўсіх, хто абражае супрацоўнікаў органаў і іхныя сем’і ў інтэрнэце. Прадстаўнік ГУБАЗіКу прыгадаў, што былі знойдзеныя больш за 300 каментатараў гібелі лётчыкаў у Баранавічах, а таксама забойства супрацоўніка КДБ у страляніне на Якубоўскага ў Менску. Пра тых, хто пакідае каментары ў інтэрнэце, Паршын сказаў: «Беспрацоўны, раней быў пад судом, прыхільнік ЛГБТ-каштоўнасцяў. Фактычна, асоба з завышанай самаацэнкай, якая не змагла сябе рэалізаваць. Гэтыя адкіды грамадства радыкальныя тэлеграм-каналы і лідары апазіцыі абвяшчаюць «палітвязнямі».
Паршын распавёў, што сёлета ГУБАЗіК перадухіліў два акты тэрарызму. У абодвух выпадках нейкія грамадзяне М. і З. атрымлівалі інструкцыі ад замежных куратараў. У выніку былі перадухіленыя падрыў самаробных выбуховых прыладаў у Барысаве і ў двары жылога дому ў Менску, а таксама падпал жылога дому ў Менскай вобласці.
Цягам 2021 года ГУБАЗіК знайшоў 120 уласнікаў і адміністратараў інтэрнэт-рэсурсаў «дэструктыўнага кірунку». Быў абмежаваны доступ да 104 «такіх інтэрнэт-рэсурсаў». Матэрыялы 125 тэлеграм-каналаў і чатаў прызнаныя экстрэмісцкімі, а таксама на рашэнне МУС прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі 13 групаў грамадзянаў.
Паводле Паршына, у выніку экстрэмісцкія тэлеграм-каналы «панеслі страты на больш чым 250 тысячаў падпісчыкаў, і гэтае падзенне працягваецца».
Прадстаўнік ГУБАЗіКу згадаў таксама пра анархісцкі рух і распавёў, што да крымінальнай адказнасці прыцягнутыя 33 анархісты.
«Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што анархісцкі рух у Рэспубліцы Беларусь у цяперашні час цалкам ліквідаваны», – кажа прадстаўнік ГУБАЗіК.
Таксама Андрэй Паршын заявіў, што адтоку кадраў з ГУБАЗіКу няма, а тым супрацоўнікам, якія сышлі ў «ByPol», прыгразіў адказнасцю «паводле ўсёй строгасці закону».
ГГ belsat.eu