22 лютага Алег Воінаў, начальнік Дэпартаменту міжнароднай вайсковай супрацы, памочнік міністра абароны ў пытаннях міжнароднай вайсковай супрацы, правёў брыфінг для вайсковых аташэ, акрэдытаваных пры Міністэрстве абароны Беларусі.
Алег Воінаў заявіў пра быццам бы непаважлівае стаўленне шэрагу дзяржавў да волевыяўлення беларускага народу, паведамілі ў міністэрстве.
«Рэакцыя на выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь была палітызаваная і не накіраваная на развіццё добрасуседскіх адносінаў», – адзначыў ён.
Паводле яго, сукупнасць замежных і ўнутраных пагрозаў бяспецы запатрабавала пераацэнкі вайскова-палітычнага становішча.
Воінаў раскрытыкаваў разгортванне еўрапейскага сегменту сістэмы ПРА, пачатак функцыянавання ў Польшчы аператыўнай групы штабу 5-га армейскага корпусу ЗША і стварэння інфраструктуры, што забяспечвае размяшчэнне да 20 тыс. амерыканскіх вайскоўцаў, узмацненне выведнай актыўнасці і павышэнне інтэнсіўнасці палётаў стратэгічнай бамбавальнай авіяцыі ВПС ЗША, фактар дэстабілізацыі ад вучэнняў «Абаронца Еўропы – 2020». Пры гэтым ён распавёў пра супольныя з Расеяй вучэнні ў верасні 2020 года і заявіў, што ў 2021 годзе плануюцца новыя: «Захад-2021», «Баявое братэрства – 2021», «Непарушнае братэрства – 2021», «Узаемадзеянне-2021», «Пошук-2021», «Эшалон-2021».
«Даведзена, што ў выпадку працягу краінамі Захаду палітыкі эскалацыі напружанасці, Рэспубліка Беларусь пакідае за сабой права распачаць у 2021 годзе шэраг дадатковых крокаў у галіне нацыянальнай бяспекі», – паведамілі ў Мінабароны.
Таксама вайсковым аташэ паведамілі пра «неабходнасць канкрэтных і неадкладных дзеянняў для вяртання ў канструктыўнае рэчышча міжнароднага ўзаемадзеяння ў інтарэсах умацавання міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі і канкрэтныя захады іх рэалізацыі».
МГ belsat.eu