Расейскі дэмакратычны рух «Вясна» абвясціў усерасейскую акцыю пратэсту супраць мабілізацыі, абвешчанай прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным. Актывісты заклікалі жыхароў краіны выходзіць на цэнтральныя вуліцы расейскіх гарадоў у 19:00 21 верасня.
«Тысячы расейскіх мужчын – нашых бацькоў, братоў і мужоў – будуць кінутыя ў мясарубку вайны. За што яны будуць паміраць? За што маці і дзеці будуць праліваць слёзы? За палац Пуціна? Цяпер вайна па-сапраўднаму прыйдзе ў кожную хату і кожную сям’ю», – сказана ў паведамленні «Вясны».
Месцы правядзення акцыі арганізатары ўжо абʼявялі.
Паплечнікі апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, які зараз знаходзіцца ў турме, таксама заклікалі расейцаў выходзіць на вулічныя акцыі. Яны заявілі, што падтрымліваюць любую форму пратэсту – у тым ліку падпал ваенкаматаў.
«Я абсалютна дакладна магу сказаць, што нашая каманда падтрымае любыя формы пратэсту перад гэтым. Калі вы ўцякаеце ад прызыву – гэта добра, мы падтрымліваем, мы гатовы аказваць інфармацыйную, юрыдычную дапамогу. Калі вы выходзіце на акцыі пратэсту – мы падтрымліваем гэта, мы гатовы аказваць каардынацыйную дапамогу, якую неабходна. Калі вы гатовы займацца вялікімі рэчамі, у тым ліку падпальваць ваенкамат – мы падтрымліваем гэта і гатовы таксама аказаць нейкае садзейнічанне», – заявіў Іван Жданаў, паплечнік Аляксея Навальнага.
Сам Навальны выказаўся аб мабілізацыі на паседжанні суда па яго іску да калоніі:
«Нічога не зразумела, але зразумела, што ўсё дрэнна. Ужо зараз зразумела, што тая злачынная вайна, якая ідзе, яна пагаршаецца, паглыбляецца, і ў гэта ва ўсё Пуцін спрабуе ўмяшаць як мага больш людзей. Ён хоча замазаць у гэтай крыві сотні тысяч людзей. Канешне, гэта прывядзе да велізарных трагедый, велізарнай колькасці смерцяў. Памер гэтага злачынства і колькасць уцягнутых расце. І робіцца гэта для таго, каб адзін чалавек трымаў сваю асабістую ўладу. Пуцін раздзірае суседнюю краіну, забівае людзей там, а цяпер кідае ў мясарубку вайны яшчэ вялізная колькасць расейскіх грамадзян, якія павінны проста нармальна жыць і займацца сваімі сем’ямі. Гэта было злачынствам, а цяпер стала злачынствам значна большага маштабу».
Па інфармацыі тэлеграм-каналу «Baza», супрацоўнікаў паліцыі Масквы ўжо выклікаюць на 14 гадзін па трывозе з-за магчымага антываеннага мітынгу. Усе супрацоўнікі павінны быць у касках, са шчытамі і дубінкамі.
Раніцай 21 верасня прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін выступіў са зваротам і аб’явіў аб частковай мабілізацыі ў краіне. Адпаведны ўказ ужо падпісаны, мабілізацыйныя мерапрыемствы пачнуцца сёння. Па паведамленнях расейскіх тэлеграм-каналаў, у некаторых гарадах ужо пачалі выдаваць позвы. Міністр абароны Сяргей Шайгу ў сваю чаргу заявіў, што мабілізаваць плануецца 300 тысяч тых, хто знаходзіцца ў запасе.
Алена Рувіна belsat.eu