Міністэрства юстыцыі вынесла пісьмовае папярэджанне ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». У лісце ад ведамства пазначана, што грамадская арганізацыя мусіць адказаць пра ліквідаванне парушэнняў 16 ліпеня. Але сілавікі апячаталі офіс, і прадстаўнікі арганізацыі не могуць туды трапіць, паведамляе БАЖ.
Мінюст вынес папярэджанне Беларускай асацыяцыі журналістаў на падставе таго, што арганізацыя не падала ўсіх запатрабаваных раней дакументаў. Ведамства таксама мае пытанні і да дамоваў для юрыдычных адрасоў некаторых філіяў арганізацыі. Пры гэтым чыноўнікі патрабуюць адказу пра ліквідаванне парушэнняў ужо 16 ліпеня.
Прадстаўнікі ж БАЖ не могуць трапіць у офіс, бо ён апячатаны МУС.
«ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» заўтра ж праінфармуе Міністэрства юстыцыі аб тым, што мы не маем доступу да нашых статутных дакументаў, пячаткі арганізацыі і дамоваў арэнды, пра якія вядзецца ў папярэджанні. Мы нават не ведаем, якія рэчы вынялі з офісу БАЖ», – паведамляе прэсавая служба арганізацыі.
СК belsat.eu