Палітвязню Дзмітрыю Кубараву ў калоніі адмаўляюць ў медычнай дапамозе


Палітвязню Дзмітрыю Кубараву адмаўляюць у неабходнай медычнай дапамозе і збіраюцца зрабіць рэжым утрымання яшчэ больш жорсткім. Пра гэта паведамляе «Вясна».

Дзмітрый Кубараў у судзе. 24 сакавіка 2021.
Фота: Белсат

15 лютага праваабаронцам стала вядома, што палітвязень і дызайнер Дзмітрый Кубараў мае вялікую патрэбу ў медычнай дапамозе, у яго хворыя ныркі, баліць спіна, дрэнны псіхічны стан, пакутуе ад бяссоння. Аб гэтым вядома са словаў былых вязняў, што адбывалі пакаранне ў той жа калоніі.

Над Кубаравым ужо адбылося некалькі судоў, агульны тэрмін зняволення складае восем гадоў. Палітвязень застаецца ў наваполацкай калоніі № 1. Паведамляецца пра ціск на палітвязня з боку адміністрацыі папраўчай установы: начальнік Андрэй Пальчык асабіста ставіў Дзмітрыя на «расцяжку», яго рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА, нядаўна адправілі ў ПКТ, а цяпер яго збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым.

«У Кубарава праблемы са здароўем відавочныя: гэта і спіна, якую яму пашкодзілі ў перыяд следства гэбэшнікі. У яго псіхалагічныя праблемы і псіхічныя. Бессань яго мучыць. Часты боль у нырках, сутаргі. Лячэння ніякага: толькі абязбольвальныя, калі выпрасіш. Перахварэў на запаленне лёгкіх ад пераахаладжэння ў ШІЗА, але, магчыма, гэта быў ковід (тэстаў не робяць наогул). Пасля лячэння – зноў у халодную камеру ШІЗА, потым – у ПКТ», – цытуе «Вясна» былога вязня Вадзіма Хіжнякова.

Нягледзячы на цяжкі стан зняволенага і жудасныя ўмовы ўтрымання, адміністрацыя калоніі ініцыюе ўзмацненне пакарання Кубараву праз перавод на турэмны рэжым. Вядома, што 27 студзеня проста ў калоніі адбылася камісія, пасля якой палітвязню паведамілі пра магчымы перавод у турму тэрмінам на тры гады. Аднак пакуль што суда ў гэтым пытанні не прызначылі.

Дзмітрыя жорстка затрымалі 11 жніўня 2020 года і даставілі ў СІЗА КДБ. Уначы з 11 на 12 жніўня там жа падпісаў яўку з павіннай. У ягонай кватэры прайшоў ператрус, пасля якога ў яго канфіскавалі рупар, медыкаменты, ваду, тэхніку (тэлефон, ноўтбук), каністры з разбаўляльнікам.

Праз сем месяцаў у СІЗА Кубараву вынеслі вырак паводле артыкулу аб арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу) – сем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і спагнанне на карысць «Менсктрансу» штрафу на 45 тысячаў рублёў.

Праз пяць месяцаў пасля першага прысуду вынеслі яшчэ адзін, за захоўванне ў кватэры сродку для вырабу кактэйляў Молатава (арт. 295-3 КК РБ). Агульны тэрмін пакарання для Кубарава склаў восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. За кратамі пялітвязень застаецца больш за два з паловай гады.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў