Падчас міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы спецслужбоўцы Польшчы прынялі ўцекача з Беларусі, які працаваў авіядыспетчарам у менскім аэрапорце. Менавіта ён і распавёў пра падрабязнасці з захопам самалёту «Ryanair», на якім ляцелі Раман Пратасевіч і Сафія Сапега, піша выданне «New York Times».
Авіядыспетчар у менскім аэрапорце, пры якім адбыўся захоп самалёту «Ryanair» з Раманам Пратасевічам і Сафіяй Сапега, здолеў патрапіць у Польшчу. Былы авіядыспетчар прадставіў працаўнікам еўрапейскай бяспекі падрабязныя доказы таго, што экіпаж «Ryanair» папярэдзілі пра пагрозу фальшывай бомбы ў межах аперацыі па захопу Пратасевіча. Спецаперацыю кантраляваў працаўнік КДБ.
Менавіта спецслужбовец знаходзіўся ў дыспетчарскай вежы і ўзяў пад кантроль дыспетчараў. На працягу ўсяго інцыдэнту працаўнік КДБ «падтрымліваў тэлефонны кантакт з кімсьці, каму ён паведамляў пра тое, што адбываецца з самалётам», цытуе выданне «New York Times» словы прэс-сакратара Міністра-Каарданатара Спецслужб Польшчы Станіслава Жарына.
Вядома, што ў момант пасадкі самалёту авіядыспетчарам у менскім аэрапорце быў Алег Галегаў. Пасля інцыдэнту з самалётам авіядыспетчар сышоў у адпачынак і выдаліў усе свае сацыяльныя сеткі. Меркавалася, што ён з’ехаў у Грузію, паколькі зʼяўляецца ўраджэнцам гэтай краіны. Выданне паведамляе, што былы авіядыспетчар спачатку звязаўся з амбасадай ЗША ў Варшаве, але амерыканцы накіравалі яго да польскіх уладаў.
Аповед уцекача агулам пацвярджае агучаныя раней абвінавачванні ў дачыненні да беларускіх уладаў, якія захапілі самалёт. Да таго ж сведка дапаможа польскім пракурорам распачаць справу супраць беларускіх чыноўнікаў. Цяпер у гэтай справе існуюць паказанні відавочцы і запісы, якія ён прывёз у Польшчу. Дакументы пацвярджаюць, як праходзіла аперацыя ў менскай дыспетчарскай вежы.
Самалёт «Ryanair» 23 траўня сёлета зрабіў вымушаную пасадку ў Менску пасля інфармацыі аб «мінаванні», якую экіпаж атрымаў ад беларускіх дыспетчараў. Блогер Раман Пратасевіч, які ляцеў гэтым рэйсам, і ягоная сяброўка Соф’я Сапега былі затрыманыя. Вымушаная пасадка самалёта была справакаваная беларускімі спецслужбамі менавіта дзеля захопу апазіцыйнага блогера.
Інцыдэнт з рэйсам «Ryanair» выклікаў міжнародны скандал: палітыкі, дыпламаты і міжнародныя арганізацыі рэзка асудзілі дзеянні ўладаў Беларусі. Інцыдэнт з рэйсам Афіны – Вільня пацягнуў увядзенне жорсткіх санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі.
АК belsat.eu