Расейскія вайскоўцы мусяць паўстаць перад судом за цэлы шэраг ваенных злачынстваў, учыненых у зоне паўночнага захаду ад Кіева. Пра гэта прадстаўнікі «Amnesty International» заявілі падчас брыфінгу, які прайшоў у Кіеве 6 траўня.
Брыфінг быў падрыхтаваны на падставе дзясяткаў інтэрв’ю і ўважлівага вывучэння рэчыўных сведчанняў, дзякуючы якім былі задакументаваныя незаконныя авіяўдары па Барадзянцы, а таксама пазасудовыя пакаранні ў Бучы, Андрэеўцы, Здвыжаўцы, Ворзэлі ды іншых населеных пунктах.
«Amnesty International» задакументавала 22 выпадкі, калі расейскія вайскоўцы здзейснілі незаконныя забойствы, большая частка якіх была відавочнымі пазасудовымі пакараннямі. У Барадзянцы арганізацыя выявіла, што прынамсі 40 мірных жыхароў загінулі ў выніку непрапарцыйных і неабіральных нападаў, якія разбурылі ўвесь раён і пакінулі тысячы людзей без прытулку.
Былі апытаныя 80 асобаў, якія былі відавочцамі або валодалі дакладнай інфармацыяй пра незаконныя забойствы сваіх родных і суседзяў, учыненыя расейскімі вайскоўцамі, а таксама пра авіяўдары, мэтай якіх былі жылыя будынкі.
«Задакументаваная намі карціна злачынстваў, учыненых расейскімі сіламі, уключае як незаконныя напады, так і наўмысныя забойствы грамадзянскіх асобаў», – заявіла Аннес Калямар, генеральны сакратар «Amnesty International».
Паводле яе, «вельмі важна, каб усе, хто нясе адказнасць, у тым ліку ўсе камандзіры аж да вышэйшага камандавання, паўсталі перад судом». Гаворка ідзе ў тым ліку пра цывільнае кіраўніцтва, разам з міністрамі і кіраўнікамі дзяржаваў, якія ведалі або мелі падставы ведаць пра ваенныя злачынствы, учыненыя іхнымі войскамі, але не паспрабавалі спыніць іх або пакараць вінаватых.
Судовыя працэсы мусяць насіць максімальна ўсёахопны характар і забяспечыць, каб усе вінаватыя ў ваенных злачынствах, злачынствах супраць чалавечнасці, генацыдзе і злачынстве агрэсіі ва Украіне былі прыцягнутыя да адказнасці падчас справядлівых судовых разглядаў.
Агулам цяпер вядзецца пра каля 9000 патэнцыйных ваенных злачынстваў без уліку таго, што адбываюцца цяпер на акупаваных тэрыторыях, распавяла Аннес Калямар у размове з карэспандэнтам «Белсату».
ПС belsat.eu