Баявыя ябацькі. Глядзім, што за «народнае апалчэнне» надумалі фармаваць у Беларусі


Савет Міністраў прыняў 1 лістапада пастанову аб парадку фармавання «народнага апалчэння». Дакумент афіцыйна апублікавалі 3 лістапада, ён набыў моц. «Белсат» пачытаў дакумент і расказвае, што за «апалчэнне» прыдумалі.

Практычныя заняткі «народнага апалчэння» ў Вязьеўскім сельсавеце Асіповіцкага раёну, Беларусь. 25 верасня 2023 года.
Фота: Уладзімір Бліноў / «Ваяр»

«Народнае апалчэнне» мае складацца з добраахвотнікаў. Агітаваць за далучэнне мусяць мясцовыя выканкамы праз дзяржаўныя выданні ды іншыя каналы сувязі, а таксама праз асабістыя размовы з патэнцыйнымі «апалчэнцамі». Рыхтаваць іх мусяць тэрытарыяльныя органы ўнутраных справаў, мясцовыя вайсковыя ўпраўленні, установы аховы здароўя і ратавальнікі.

Маштабы «апалчэння» невядомыя. Колькі чалавек трэба ў «народным апалчэнні», яшчэ не пастанавілі. Але пастанавілі, што атрад не мусіць перавышаць 100 чалавек, група – 20 чалавек. Канкрэтней мусяць вырашыць выканкамы. Атрады пачалі фармаваць яшчэ да пастановы Саўміну.

Навошта гэта, чыноўнікам яшчэ трэба прыдумаць. Задачы перад «апалчэнцамі» ставяць агулам такія: патруляванне і выстаўленне пастоў на вуліцах, аб’ектах і мясцовасці дзеля перадухілення правапарушэнняў. Але мясцовым уладам паставілі задачу вызначыць, на якія канкрэтна мэты патрэбныя «апалчэнцы». Паўнамоцтвы «апалчэнцаў» не апісаныя: з пастановы няясна, ці можна ім затрымліваць грамадзянаў (ранейшы Закон аб народным апалчэнні дазваляў «згодна з кампетэнцыяй», што б гэта ні значыла), па кім і ў якіх выпадках можна страляць (ранейшы закон даваў «апалчэнцам» такія правы, як у вайскоўцаў, якія забяспечваюць ваеннае становішча). Зразумела хіба тое, што падпарадкоўвацца «апалчэнцы» будуць тэрытарыяльным органам унутраных справаў, а не вайскоўцам. Ранейшы закон ставіў задачамі «спрыяць» сілавікам пры ваенным становішчы і пры абароне ад злачынстваў.

Гэта не для рэпрэсіяў? Невядома, ці будуць сілавікі прыцягваць «апалчэнцаў» да палітычных рэпрэсіяў, як Аляксандр Лукашэнка раней планаваў рабіць з «народнымі дружынамі». З пастановы не вынікае, што перад «апалчэнцамі» наагул хочуць ставіць нейкія канкрэтныя задачы: спачатку Саўмін пастанавіў, што можна ствараць атрады, а потым чыноўнікам рангам ніжэй трэба вырашыць, як і навошта. Але ранейшы закон дазваляў «апалчэнцам» пры неакрэсленых умовах праводзіць затрыманні, весці адміністратыўныя працэсы і крымінальны пераслед, аглядаць жытло і машыны. Пастанова выглядае так, нібы выканкамы могуць вырашыць, што не ўсё з гэтага трэба дазваляць «апалчэнцам».

Каментар
Каго баіцца Лукашэнка? Падбіраем строй на Гэлаўін
2023.10.31 13:08

Будзе шмат бюракратыі. Фармаваць «народнае апалчэнне» мусяць на загад аблвыканкаму або Менскага гарвыканкаму (у мірны час, а што ў ваенны, не пішуць). Гэты загад спускаюць выканкамам ніжэйшага ўзроўню (сельскія, пасялковыя і гарадоў абласнога падпарадкавання) і мясцовым адміністрацыям, а тыя мусяць праводзіць агітацыйную працу, а таксама разам з мясцовымі органамі ўнутраных справаў прыдумляюць прапановы наконт задачаў, колькасці і структураў, спісу кандыдатаў у кіраўнікі, неабходных рэсурсаў і памяшканняў. Гэтыя прапановы перадаюць у выканкамы ўзроўнем вышэй (раённыя і выканкамы абласных цэнтраў). Тыя прымаюць рашэнні пра структуру, колькасць і выкарыстанне атрадаў (іх могуць ствараць не ў кожнай тэрытарыяльнай адзінцы), адбіраюць камандзіраў, рапартуюць пра вынікі аблвыканкаму або Менскаму гарвыканкаму, а той рапартуе Міністэрству абароны пра патрэбную колькасць зброі і боепрыпасаў.

Патрабаванні да апалчэнцаў не надта строгія, галоўнае – лаяльнасць. Не абавязкова быць вайсковаабавязаным, трэба толькі быць «здольным паводле стану здароўя» (як гэта, не апісана, але з ранейшых здымкаў будучых «апалчэнцаў» можна зрабіць выснову, што пенсійны ўзрост і лішняя вага не перашкоды) і прайсці палітычны адбор у выканкаме ніжэйшага ўзроўню ці мясцовай адміністрацыі. У час адбору «бярэцца пад увагу стаўленне кандыдата да палітыкі, што праводзіць дзяржава, гатовасці яго да ўдзелу ва ўзброенай абароне краіны», таксама глядзяць на ўзровень вайсковай падрыхтоўкі (што залежыць ад гэтага ўзроўню, не пішуць). Адмовіць могуць яшчэ тады, калі кандыдатаў ужо зашмат ці калі канкрэтны кандыдат больш пасуе ва Узброеныя сілы. Пры ўзгадненні камандзіраў атрадаў кандыдатуры трэба правяраць на ранейшыя правапарушэнні і «дзеянні, што ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы» («стоп-лісты» парушэнняў і дзеянняў не прыводзяць). Таксама камандзір і намеснік мусяць разумець прыдуманыя чыноўнікамі задачы і ведаць поўныя імёны, даты нараджэння, сямейны стан, род заняткаў і «асабістыя якасці» кожнага ў атрадзе (а гэта да 100 чалавек).

Практычныя заняткі «народнага апалчэння» ў Вязьеўскім сельсавеце Асіповіцкага раёну, Беларусь. 25 верасня 2023 года.
Фота: Уладзімір Бліноў / «Ваяр»

Падобна, няма забароны браць у «апалчэнне» жанчын. Але наўпрост гэта не прапісана, у дакуменце пра «апалчэнцаў» кажуць у мужчынскім родзе. Прынамсі, раней жанчын паказвалі як патэнцыйных «апалчэнцаў».

Дадуць зброю і патроны. Па залічэнні ў атрад «народнага апалчэння» кожнаму добраахвотніку мусяць выдаць пасведчанне, зброю і боепрыпасы. Якую зброю і колькі патронаў, не пішуць, але з пастановы выглядае, што танкаў і бронетранспарцёраў не дадуць, а на ранейшых фота «апалчэнцы» былі з аўтаматамі Калашнікава. Калі з апалчэння звольняць, зброю і боепрыпасы трэба здаць.

Дадуць вызваленне ад працы. Цягам трох дзён па залічэнні ў «апалчэнне» чыноўнікі павінны паведаміць працадаўцу добраахвотніка пра гэтае залічэнне і пазначыць перыяд вызвалення чалавека ад службовых абавязкаў. Тэрмін вызвалення не прапісаны ў пастанове. Ад патэнцыйнай мабілізацыі «апалчэнне» не вызваляе.

«Запішы ў дзённік: бацькам здаць па 20 рублёў на апалчэнне». Мясцовым выканкамам таксама трэба выдаць «апалчэнню» памяшканні, радыё- і тэлефонную сувязь, мэблю, тэхніку, транспарт, «спецыяльную літаратуру», форму – грошы на гэта можна браць з любых крыніцаў, «не забароненых заканадаўствам», у тым ліку з мясцовых бюджэтаў і «добраахвотных ахвяраванняў» (значыць, дапускаюцца «добраахвотна-прымусовыя» паборы). Сакратар Савету бяспекі раней казаў пра «апалчэнцаў», што «жыць яны будуць і харчавацца ўдома».

Аналітыка
Калі заўтра вайна. Як улады Беларусі планамерна рыхтуюцца да эскалацыі
2023.10.25 08:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў