«Спроба нацкаваць адну частку грамадства на іншую». Што трэба ведаць пра «народныя дружыны» Лукашэнкі


Belsat.eu распавядае, з каго фармаваліся лукашэнкаўскія«народныя дружыны», навошта іх стваралі і ці ўдалым аказаўся гэты праект.

Улады распачалі кампанію дзеля фармавання «народных дружынаў» у другой дэкадзе кастрычніка. Тады ва ўсіх дзяржаўных медыях пачалі выходзіць матэрыялы пра тое, што «неабыякавыя грамадзяне» запісваюцца ў дружыны, каб дапамагаць міліцыі змагацца з «дэструктыўнымі сіламі» (прапагандысцкі эўфемізм, які выкарыстоўваюць адносна пратэстоўцаў ці проста іншадумцаў. – Заўв. belsat). Адзначалася, што дзяжурства звычайна адбываюцца ў перыяд з 18:00 да 22:00, прадугледжаныя адгулы і матэрыяльнае стымуляванне. Сума матэрыяльных узнагародаў не агучвалася.

Прыхільнікі Лукашэнкі
Удзельнікі мітынгу прыхільнікаў Аляксандр Лукашэнкі каля Камароўскага кірмашу ў Менску. 25 жніўня 2020 года.
Фота: Дзяніс Дзюба / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі лічыць, што ўлады наўрад ці разлічвалі, што ў дружыны кінуцца запісвацца «шырокія масы насельніцтва».

«Асноўнай матывацыяй было імкненне перавесці сённяшні канфлікт паміж рэжымам і грамадствам у іншае прапагандысцкае рэчышча. Нібыта ёсць толькі два бакі: большая частка падтрымлівае Лукашэнку, але ёсць і нейкія «адмарозкі», з якімі «неабыякавыя грамадзяне» змагаюцца як могуць. Таму на першым плане, думаю, былі прапагандысцкія, піяраўскія разлікі», – кажа ён.

Інфармацыя пра тое, што ў Беларусі пачалі фармавацца «народныя дружыны», суправаджалася агрэсіўнай прапагандысцкай кампаніяй, падчас якой пратэстоўцам пагражалі фізічнай расправай з боку «неабыякавых грамадзянаў». Вядомы прапагандыст «СБ-Беларусь сегодня» Андрэй Мукавозчык у сваім артыкуле назваў гвалтоўныя дзеянні супраць іншадумцаў «дубінай народнага гневу» і адкрыта ўсхваляў дружыннікаў, якія з ягоных словаў, «гасяць усіх».

«Затым складаюць навучанае (Мукавозчык меў на ўвазе пратэстоўцаў, якіх праз гвалт нібыта навучаюць правільным палітычным поглядам, – заўв. belsat.eu) на тратуар і з’язджаюць. Патэлефанаваўшы па дарозе дадому і ў «хуткую», і ў міліцыю, чай, не звяры», – дадаваў прапагандыст.

Праўда, у большасці сюжэтаў дзяржаўнага тэлебачання дзейнасць дружынаў выглядала ўсё ж не настолькі адыёзна: распавядалася, што яны проста патрулююць тэрыторыі разам з міліцыяй і змагаюцца не толькі з «дэструктыўнымі сіламі», але і са звычайнымі правапарушальнікамі – тымі хто распівае алкаголь на вуліцы або дэбашырыць. То бок фактычна выконваюць функцыі, якія прадугледжаны законам аб добраахвотных дружынах, які быў прыняты яшчэ ў 2003 годзе.

Павязкі дружыннікаў. Скрыншот ОНТ

500 дружынаў і зброя для іх

Колькі насамрэч існуе лукашэнкаўскіх дружынаў невядома. «Беларусь-1» і ОНТ напрыканцы кастрычніка называлі лічбу 1200-1500 дружыннікаў, а сам Лукашэнка ў сярэдзіне лістапада казаў пра не менш чым 500 дружынаў у Менску.

Ці рэальныя гэтыя лічбы? Кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў у інтэрв’ю belsat.eu адзначыў, што фармальна яны могуць адпавядаць рэчаіснасці, але рэальнай дзейнасці за гэтымі лічбамі няма.

«Трэба разумець такую рэч: дружыны на паперы існавалі заўсёды. Ёсць дзяржаўныя арганізацыі пры якіх створаны дружыны па ўзгадненні з мясцовай міліцыяй і яны там у пятніцу-суботу кудысьці выходзяць, штосьці патрулююць. То бок на паперы гэтыя дружыны хутчэй за ўсё існуюць, але па факце яны абмяжоўваюцца нейкімі сімвалічнымі дзеяннямі – ну, напрыклад, калі працаўнікі чыгункі патрулююць свой жа вакзал. А звычайна гэта абмяжоўваецца прадастаўленнем сілавікам аўтатранспарту. Калі паглядзець на першыя акцыі супраць дваровых мерапрыемствах, то вельмі часта можна было заўважыць, што міліцыянты прыязджаюць не на службовым аўтатранспарце, а, напрыклад, на маршрутках», – кажа ён.

Спачатку фармаванне дружынаў прэзентавалася як выключна народная ініцыятыва. Але потым гэтыю ідэю пачалі прасоўваць на найвышэйшым узроўні: 29 кастрычніка Лукашэнка на сустрэчы з сілавікамі паставіў задачу ўзмацніць працу «народных дружынаў», якія павінны «забяспечыць абарону сваіх дамоў». Ён адзначыў, што ў такія мабільныя атрады варта прыцягваць былых вайскоўцаў.

Нарада на якой Аляксандр Лукашэнка прапанаваў даваць зброю дружыннікам. Крыніца: president.gov.by

«Паглядзіце, колькі зваротаў гэтых былых вайскоўцаў, афганцаў. Колькі мужыкоў, а жанчын…, яшчэ больш, чым мужыкоў: вазьміце нас, мы будзем у дружынах, мы будзем у атрадах, мы шмат што можам! Чаму не прыцягнуць нам, аж да ўзбраення, у гэтыя лятучыя атрады былых вайскоўцаў? Яны могуць нам выдатна дапамагчы. І трэба, каб кожны чалавек адчуў, што ён абараняе сваю сямʼю і сваю зямлю».

4 лістапада пра намер узброіць дружыны з ліку былых сілавікоў заявіў тагачасны кіраўнік ГУБАЗіКу Мікалай Карпянкоў.

Начальнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Мікалай Карпянкоў. Менск, Беларусь. 23 верасня 2020 г.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

«Падчас выступаў агрэсіўных малойчыкаў мы будзем выязджаць разам з такімі добраахвотнікамі, каб рабіць нашу краіну бяспечней, пазбаўляць грамадства ад хуліганаў, недаробленых экстрэмістаў і тэрарыстаў, якія сябе лічаць партызанамі, што ажыццяўляюць подзвігі. Гэтых адмарозкаў мы будзем забіраць з вуліцы, ужываючы да іх баявыя прыёмы. Ёсць каманда: сярод сфармаваных дружын правесці патрэбныя праверкі і пры неабходнасці выдаць нашым найбольш падрыхтаваным памочнікам смяротным і несмяротнай зброі», – падкрэсліў ён.

Аднак пасля смерці Рамана Бандарэнкі ў публічнай прасторы пытанне аб узбраенні «народных дружынаў» больш не ўздымалася.

Элітны атрад і забойства Бандарэнкі

Плошча Пераменаў пераўтварылася ў народны мемарыял. Раман Бандарэнка памер у шпіталі пасля брутальнага затрымяння і збіцця невядомымі. Менск, Беларусь. 13 лістапада 2020 году.
Фота: ВВ / Белсат

Менавіта на канфлікт «неабыякавых грамадзянаў» з прыхільнікамі бел-чырвона-белай сімволікі Лукашэнка спісаў смерць Рамана Бандарэнкі: нібыта проста адныя вешалі БЧБ-стужкі, а іншыя зразалі.

«Як мне далажылі, завязалася бойка, прытым бойка сур’ёзная. І хтосьці (гэта ж у міліцыі ўсё ёсць) з пратэстоўцаў патэлефанаваў «карнікам» у міліцыю. Выехаў узмоцнены нарад міліцыі. Калі яны падʼехалі, як звычайна, усё разбегліся. А гэты ці то траўмаваны быў, ці то што… у нецвярозым стане. Гэта прызнана (насамрэч, паводле медычнага заключэння, якое трапіла ў СМІ, у крыві Рамана Бандарэнкі алкаголю не было – заўв. belsat.eu). Заключэнне сёння прадставіў Следчы камітэт. Яны выклалі гэта ўсё. Ён быў пʼяным. Вядома, яго ўзялі і павезлі ў гэты аддзел. яму стала дрэнна па дарозе, як мне далажылі. Яны выклікалі хуткую дапамогу і накіравалі яго ў шпіталь», – заявіў Лукашэнка журналістам 13 лістапада.

Адначасова Лукашэнка заявіў пра недатычнасць да гэтай справы «людзей, якія бліжэй да прэзідэнта». Гаворка ішла пра спартовага функцыянера, трэнера хакейнай каманды Лукашэнкі і саўладальніка заводу АКБ Дзмітрыя Баскава, пра ўдзел якога налёце на плошчу Пераменаў на той момант ўжо паведамілі СМІ. Таксама журналісты заўважылі на кадрах з плошчы Пераменаў чалавека падобнага на неаднаразовага чэмпіёна свету па тайскаму боксу і кікбоксінгу Дзмітрыя Шакуту. Вядома, што Шакута служыць у сілавых структурах: ён ужо працяглы час трэніруе спецназаўцаў у в/ч 3214.

Плошча Пераменаў пераўтварылася ў народны мемарыял. Раман Бандарэнка памер напярэдадні вечарам у шпіталі пасля брутальнага затрымяння і збіцця невядомымі. Менск, Беларусь. 13 лістапада 2020 году.
Фота: TК / Белсат

Падазрэнні наконт Баскава і Шакуты вельмі хутка атрымалі новыя пацвярджэнні. 18 лістапада ў сеціве апублікавалі тэлефонную размову двух мужчынаў, якія ўдзельнічалі ў канфлікце з Раманам Бандарэнкам на плошчы Пераменаў і абмяркоўвалі дэталі здарэння. Пазней незалежная экспертыза, якую замовіў TUT.by, пацвердзіла, што галасы на запісы належаць Шакуце і Баскаву.

Дзмітрый Баскаў.
Фота: belsat.eu

У прыватнасці, Шакута падчас размовы кажа, што Бандарэнку яны «не вырубалі», а перадавалі АМАПу, калі той быў у свядомасці. А ўжо тыя яго «подмолаживали», што на жаргоне азначае збівалі.

У злітай размове таксама згадваецца нейкі чалавек па мянушцы Тяж – ён быў на плошчы Пераменаў падчас нападу на Бандарэнку. Як піша tribuna.com, пад мянушцы Тяж людзі ў спартовым асяроддзі ведаюць баксёра-цяжкавагавіка Яўгена Ціманоўскага. Калісьці ён праходзіў тэрміновую службу ў вайсковай часці 3214, затым – у Спецыяльным атрадзе хуткага рэагавання, дзе яго трэнаваў Дзмітрый Шакута. Потым Ціманоўскі і сам наведваў спартовы клуб Шакуты Shock.

Hавiны
Баскаву і Шакуце забаранілі ўезд у Латвію. Іх падазраюць у забойстве Бандарэнкі
2020.11.16 16:40

Але яшчэ больш рэзанансу выклікала тэлефонныя перамовы двух людзей, галасы якіх падобныя на галасы Дзмітрыя Баскава і прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант. Як вынікае з размовы, Эйсмант і Баскаў неаднаразова рабілі рэйды ў пратэставыя двары, каб зразаць бчб-стужкі і замалёўваць апазіцыйныя графіці. Прыкрыццё «элітнай дружыны» ажыццяўлялася на ўзроўні кіраўніцтва сілавых структураў – называліся імёны Юрыя Караева, Івана Кубракова, Аляксандра Барсукова і Дзмітрыя Шахрая. Прычым жаночы голас на запісы сцвярджаў, што Караеў даў дазвол групоўцы затрымліваць прыхільнікаў бел-чырвона-белай сімволікі. Акрамя таго, суразмоўцы абмяркоўвалі, ці браць на рэйды зброю.

Падчас размовы згадваліся і іншыя ўдзельнікі такіх рэйдаў – галоўны трэнер хакейнай зборнай Беларусі Міхаіл Захараў, хакеіст каманды Лукашэнкі Павел Волчак і ягоная жонка, спявачка Жанэт.

У сваю чаргу карыстальнікі інтэрнэту звярнулі ўвагу, што людзі падобныя на Баскава і Эйсмант былі заўважаныя на відэа TUT.by са скандальнага інцыдэнту ў ЖК «Мегаполіс». У ноч на 19 кастрычніка ў ЖК «Мегаполіс» група агрэсіўных людзей зразалі стужкі. Калі гэта пабачылі мясцовыя жыхары, яны выйшлі на вуліцу, адбыўся канфлікт. Пасля гэтага ў «Мегаполіс» прыехалі звычайныя міліцыянты, амапаўцы, а таксама спецназ са зброяй.

Звяртае на сябе ўвагу тое, што дзейнасць групоўкі Баскава-Эйсмант моцна адрозніваецца ад таго, што мусяць рабіць рэальныя добраахвотныя дружыны. Мяркуючы па відэа з рэйдаў на плошчу Пераменаў і ў «Мегаполіс», яны не мелі нарукаўных павязак або нагрудных знакаў з сімволікай дружыны і не паказвалі пасведчанняў (адпаведны абавязак прадугледжаны арт.15 Закону аб удзеле грамадзянаў у ахове правапарадку). Хутчэй за ўсё, «дружына» Баскава-Эйсмант у афіцыйным парадку не рэгістравалася.

«Калі згадаць злітыя ў сеціва перамовы, то там нічога пра абавязкі дружыннікаў не было, – адзначае Аляксандр Класкоўскі, – Там размова ішла пра «Масандру», пра балончыкі з аэразолю. Таму фармальна казаць, што яны ўступалі ў дружыны не выпадае. Але гэта ў прынцыпе з той жа оперы, бо яны хацелі выглядаць такімі як раз «неабыякавымі грамадзянамі». Сістэма закрытая і дэталяў мы не ведаем, але я не думаю, што сам Лукашэнка займаўся такой мабілізацыяй свайго атачэння. Хутчэй гэта такі «заклік сэрца» і гэта паказвае, што ў мазгах гэтых людзей і які маральны стан прадстаўнікоў так званай эліты».

Спартоўцы, чыноўнікі і прыхільнік «НОД»

Лукашэнка падчас хакейнага турніру.
Фота: president.gov.by

Рэкрутынг у лукашэнкаўскія дружыны спартоўцаў праходзіў цэнтралізавана. Tribuna.com паведамляла, што 21 кастрычніка намеснік старшыні Менгарвыканкаму Арцём Цура праводзіў нараду з удзелам кіраўнікоў і трэнераў менскіх гарадскіх федэрацыяў па розных відах адзінаборстваў (бокс, кікбоксінг, муай-тай, самба, дзюдо, каратэ, тайквондо і інш.) з нагоды стварэння «народных дружынаў» і ўключэнню туды спартоўцаў па розных відах адзінаборстваў. Шмат каго, паводле выдання, прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Менгарвыканкама персанальна абзванівалі і настойліва запрашалі на гэтую нараду.

Але ў лукашэнкаўскія дружыны мабілізавалі не толькі спартоўцаў, але і чыноўнікаў сярэдняга звяна. Напрыклад, у канцы лістапада кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёну Менску Пётр Шостак распавёў «Рэспубліка»: «У нас дзейнічае 27 добраахвотных народных дружын (146 чалавек), адну з якіх узначальваю я, яшчэ дзевяць дружын – на стадыі рэгістрацыі». Выпадак Шостака – не адзіны. У якасці дружынніка ў сюжэце ОНТ таксама фігураваў Віталь Адамовіч – начальнік упраўлення адміністрацыі Савецкага раёну Менску.

Яшчэ адзін «неабыякавы грамадзянін», які ўзначаліў адну з «народных дружынаў» – Уладзімір Цюхай. У сюжэце ОНТ ад 25 кастрычніка яго прадставілі проста як «дырэктара кампаніі». Але біяграфія ў яго больш багатая: ён быў функцыянерам БРСМ і праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі. У 2008 годзе падчас суду над Аляксандрам Баразенкам Цюхай прыгнаў студэнтаў, каб яны занялі ўсе месцы ў залі, а таксама правакаваў канфлікт з журналістамі і сваякамі Баразенкі.

Цюхай (справа) падчас патрулявання. Скрыншот ОНТ

«Неабыякавы грамадзянін» Цюхай шчыльна звязаны з дзяржструктурамі. Ён узначальвае «Рэдакцыйна-выдавецкі паліграфічны цэнтр «Кастрычніцкі» і «Выдавецкі дом «ВіАлВі» – гэта арганізацыі, якія абслугоўваюць сайты і выпускаюць друкаваную прадукцыю дзяржаўных органаў і прадпрыемстваў. Акрамя таго, Цюхай – старшыня Каардынацыйнай рады грамадскіх аб’яднанняў, партыяў і прафсаюзаў Кастрычніцкага раёну, куды ўключаны натуральна толькі лаяльныя ўладам структуры.

Аляксандр Лявонаў. Скрыншот ОНТ

У сюжэтах ОНТ фігуруе і яшчэ адзін дружыннік – грузчык Рамаўтадора Фрунзенскага раёну Менску Аляксандра Лявонаў. Лявонаў – прарасейскі актывіст, які раней неаднаразова ўдзельнічаў у несанкцыянаваных акцыях руху «НОД» (Народно-освободительное движение). Ідэалогія «НОД» будуецца на радыкальнай антыліберальнай рыторыцы ды ідэях аднаўлення СССР, рух актыўна падтрымлівае Пуціна і расейскую агрэсію супраць Украіны.

Пікет прыхільнікаў «НОД» на плошчы Незалежнасці ў Менску, 4 лютага 2017 года. Лявонаў – другі злева. Скрыншот з відэа «НОД»

Паводле ОНТ, з Рамаўтадора Фрунзенскага раёну запісаліся ў дружыны нібыта 16 чалавек. Праўда, працаўнікі прадпрыемства, з якімі пагутарыў belsat.eu, кажуць, што не могуць узгадаць, каб хтосьці акрамя Лявонава далучаўся да дружынаў.

Саклакоў у штабе дружыны. Скрыншот АТН

Таксама сярод дружынікаў дзяржСМІ распавядалі пра падпалкоўніка Узброенных сілаў Дзмітрыя Саклакова і пяць «добраахвотнікаў» з «Амкадора» – прадпрыемства, якім валодае набліжаны да Лукашэнкі бізнесовец Аляксандр Шакуцін.

Групоўка «Антывандал»

Аднак часцей за ўсё ў сюжэтах дзяржаўных тэлеканалаў «дружыннікі» нават стараюцца не паказваць свае твары – яны ў масках, кепках і шчыльна нацягнутых капюшонах. Менавіта так выглядалі прадстаўнікі суполкі «Антывандал», пра якую прапагандыст Рыгор Азаронак распавёў у кастрычніку.

Актывісты групоўкі «Антывандал». Фота СТВ

«Антывандал» – гэта групоўка, якая па начах зразае бел-чырвона-белыя стужачкі, зафарбоўвае надпісы »Жыве Беларусь«, а а да БЧБ-графіці прымалёўвае зялёныя палоскі. Але гэтым іх дзейнасць не абмяжоўваецца. Актывісты «Антывандала» спрычыніліся да крымінальнага пераследу 21-гадовай жыхаркі Менску Марыі Сафонавай, якую пакаралі 2 месяцамі арышту за надпіс »Жыве Беларусь» і выяву БЧБ-сцяга на жылым доме на вуліцы Балтыйскай, дзвярах у падвал, парэнчах, тратуарнай дарожкі і скрыні для смецця. Дзеянні Марыі кваліфікавалі па артыкуле 341 Крымінальнага кодэкса (апаганьванне будынкаў ці псаванне маёмасц). Дзяўчыну затрымалі як раз актывісты «Антывандал»: ударылі яе, парвалі заплечнік і выклікалі міліцыю.

Прыклад дзейнасці групоўкі “Антывандал”. Крыніца – antivandal_by

«Антывандал» мае акаўнт (цяпер там 644 падпісчыка) у Instagram, дзе выкладае фотаздымкі вынікаў сваёй працы. Але там ніводнага імя прадстаўнікоў групоўкі няма. Хутчэй за ўсё, як і ў выпадку атраду Баскава-Эйсмант, групоўка «Антывандал» афіцыйна як добраахвотная дружына не зарэгістраваная – прынамсі ніякіх нарукаўных павязак або нагрудных знакаў яны не носяць. Дарэчы, TUT.by звяртае ўвагу на тое, што «Антывандал» можа мець непасрэднае дачыненне да групы, якая напала на Рамана Бандарэнку.

«Ідэя ад самага пачатку была правальная»

Акцыя прыхільнікаў палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.
Фота: ТК / «Белсат»

Кіраўнік Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў лічыць, што праект «народных дружынаў» быў важным для Лукашэнкі ў псіхалагічным плане, але практычнага сэнсу не меў.

«Перш за ўсё гэта псіхалагічны чыннік асабіста для Лукашэнкі, бо ён шчыра верыць у тое, што ён народны прэзідэнт. Але не ў тым сэнсе, што яго падтрымлівае ўвесь народ, а ў тым сэнсе, што ён лепш за народ ведае лепш за народ, што трэба народу. Можа быць гэта і не ягоная асабістая ініцыятыва, а ініцыятыва людзей з ягонага атачэння, каб такім чынам паказаць народную падтрымку «мудрай палітыкі партыі і ўраду». Другі чыннік – выключна прапагандысцкі. Што тычацца практычнага складніку, то яго няма, бо па факце дружыннікі для звычайных міліцыянтаў толькі ствараюць больш праблемаў: ім трэба пільнаваць не толькі за парадкам, але і за самімі дружыннікамі, каб з імі, не дай божа, нічога не здарылася», – кажа ён.

Мітынг у падтрымку дзейнай улады пад Домам урада. А. Г. Лукашэнка выступае перад народам. 16 жніўня 2020 г. Мінск, Беларусь.
Фота: Ірына Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Паводле Аляксандра Класкоўскага, Лукашэнка ў выпадку з дружынамі механічна звярнуўся да савецкай спадчыны – ён так заўсёды робіць, калі ўзнікае нейкая праблема.

«Ідэя добраахвотных народных дружынаў таксама з савецкага досведу ўзятая і як і іншыя рэмэйкі яна не спрацавала. Прыхільнікі Лукашэнкі не вельмі актыўныя, вялікай самаадданасці ў іх няма – нездарма былі вялікія праблемы з арганізацыяй праўладных мітынгаў. Таму гэтая ідэя ад самага пачатку была правальная», – канстатуе эксперт.

Зусім не выпадкова, адзначае Класкоўскі, што ідэя Лукашэнкі прыцягнуць у дружыны былых сілавікоў і раздаць ім зброю не атрымала свайго развіцця.

«Наверсе зразумелі, што гэта можа быць рызыкоўна, бо невядома, хто туды прыйдзе і ў чый бок магчыма павернецца гэтая зброя. Таму хуценька гэтую тэму згарнулі».

Развітанне з Раманам Бандарэнкам ў царкве Ўваскрасеньня Хрыстовага. Менск, Беларусь. 20 лістапада 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

Але ўсё ж вызначальным момантам у лёсе праекту па разгортванню добраахвотных дружынаў стала трагічная гібель Рамана Бандарэнкі.

«Улада асеклася на гэтым і не чуваць ужо гэтай рыторыкі пра народныя дружыны. Думаю, адыграла сваю ролю і тое, што, мяркуючы па ўсім, былі замяшаныя ў гэтым канфлікце людзі з атачэння Лукашэнкі. Ну і потым увогуле стала зразумела ўладам, што гэтая спроба нацкаваць адну частку грамадства на іншую – гэта ўсё ж можа прывесці да непрадказальных наступстваў, якія могуць мець вельмі негатыўнае значэнне для рэжыму», – мяркуе Класкоўскі.

Hавiны
«Апошняя апора ўладаў». Як ГУБАЗіК пераўтварыўся ў адзін з галоўных органаў палітычнага пераследу
2020.10.09 09:50

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў