Генеральная пракурорка Украіны Ірына Вэнэдзіктава распавяла пра расследаванне ваенных злачынстваў расейскай акупацыйнай арміі супраць цывільнага насельніцтва Кіеўскай вобласці.
Вэнэдзіктава адзначае, што на вызваленых тэрыторыях Кіеўшчыны цяпер фіксуюцца найважнейшыя сведчанні ваенных злачынстваў Расеі:
«Гэта пекла, якое трэба задакументаваць, каб пакараць нелюдзяў, якія стварылі яго на нашай зямлі. Падкрэслю: прыцягнуць да адказнасці ў нацыянальных і міжнародных судах».
На вызваленых тэрыторыях працуюць следча-аператыўная групы, праводзяцца экспертызы. Толькі ў Бучаўскім раёне цяпер задзеяныя каля 50 працаўнікоў Нацыянальнай паліцыі і пракуратуры.
Паводле Вэнэдзіктавай, толькі за 1–3 красавіка з тэрыторыі Кіеўскай вобласці вывезлі 410 целаў загінулых мірных жыхароў, 140 з іх ужо агледжаныя пракурорамі ды іншымі адмыслоўцамі:
«Адначасова ідзе праца з мясцовым насельніцтвам, пошук сведак, пацярпелых, збор фота- і відэадоказаў. Гэта тонкая і карпатлівая праца: людзі напалоханыя, стомленыя і замучаныя, яны перажылі невымоўны жах».
Вэнэдзіктава падкрэслівае, што з першых дзён вайны Генеральная пракуратура з СБУ працуе на расследаваннем фактаў «здзяйснення палітычным і вайсковым кіраўніцтвам Расейскай Федэрацыі генацыду ўкраінскага народу».
РР belsat.eu