Ігару Банцэру пагражае 3 гады зняволення паводле абвінавачання ў «хуліганстве» (ч. 3 арт. 339). Гэтак сілавыя органы трактуюць ягоную актыўную грамадзянскую пазіцыю падчас мірных пратэстаў у Горадні.
У Ленінскім судзе Горадні распачаўся суд над гарадзенскім музыкам Ігарам Банцэрам. На паседжанне прыйшлі каля 30 чалавек: родныя і сябры гарадзенца. Паседжанне прызначылі ў вельмі маленькай залі, таму большасць чалавек не змаглі туды трапіць.
Усім забаранілі здымаць і запатрабавалі наогул схаваць тэлефоны. Каб Ігар не пабачыў падтрымку, перад тым, як яго завесці ў залю, усім прысутным загадалі схавацца за дзвярыма на лесвіцы.
Ігар з аркушам паперы, на якім напісана «Справядлівасці няма», па-баявому сустракаў тых, хто ўваходзіў у судовую залю, спяваў песні і казаў, што «гэта не суд».
«Я цябе запомніў», – заўважыў ён канваіру.
З 20 кастрычніка Ігара Банцэра трымаюць у гарадзенскай турме. Справу супраць яго будуць разглядаць а 14:30 у Ленінскім судзе Горадні.
Ігар Банцэр – адна з самых прыкметных постацяў гарадзенскага музычнага і культурніцкага андэграўнду. Ён абаронца правоў чалавека і аўтар правакацыйных перформансаў у Горадні. За часы кіравання Лукашэнкі музыку затрымлівалі, ён неаднойчы сядзеў за кратамі ды галадаваў на знак пратэсту.