У мікрараёне Каменная Горка ў Менску адкрылі парк і памятны знак у гонар памерлага летась прэзідэнта Венесуэлы і «сябра Аляксандра Лукашэнкі».
У цырымоніі ўзяў удзел віцэ-старшыня Менгарвыканкаму Ігар Карпенка, які адказвае за ідэалагічную і культурную дзейнасць у беларускай сталіцы, памочнік кіраўніка Беларусі Аляксандр Якабсан, амбасадар Венесуэлы Дыяс Нуннес ды паслы Казахстану і В’етнаму ў Беларусі.
«Венесуэльскі лідар неаднаразова наведваў Беларусь, а ў Менску пабываў недалёка адсюль, у доме-новабудоўлі № 31 на вуліцы Казіміраўскай. Тут ён азнаёміўся з беларускімі тэхналогіямі ўзвядзення буйнапанэльных дамоў, – сказаў падчас цырымоніі галоўны ідэолаг Менску. – Вельмі сімвалічна, што ў гэтым годзе споўнілася 60 гадоў з дня нараджэння Уга Чавэса».
Венесуэла ганарыцца тым, што мае такіх сяброў, як беларусы, адзначыў пасол гэтай краіны Дыяс Нуннес.
Пасля ўрачыстай часткі ўдзельнікі пасадзілі некалькі дрэваў і кустоў у новым парку.
Лідар Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымліваў вельмі добрыя стасункі з Чавэсам і называў яго «сябрам». Улады нашай краіны супрацоўнічалі з Венесуэлай і нават называлі яе стратэгічным партнёрам. З 2006 года дзве краіны падпісалі больш за 200 пагадненняў аб супрацы ў шмат якіх галінах эканомікі. На паховінах Чавэса Аляксандр Лукашэнка быў з малодшым сынам Колем.
ЯБ, МЯ, belsat.eu